Выбрать главу

Баклан адступіўся ад акна.

Ён пайшоў па вуліцы — непаспешліва i, здавалася, зусім спакойна. Куды яму было спяшацца? Твар яго, адчуваў Васіль, паліла. Вецер, здалося, стаў гарачым нібы ў ліпеньскі дзень.

I ўсё-ж хата Гаўрыльчыка прыцягвала яго да сябе. Ён мімаволі думаў пра таварышаў, што сядзелі там, думаў з зацікаўленасцю да ix, з прыкрым адчуваннем сваёй вінаватасці.

Чым далей адыходзіў Баклан ад хаты, тым павольней рабіліся яго крокі.

Урэшце ён спыніўся зусім. Рашыў вярнуцца, сказаць Кавалевічу, што ён зразумеў… што памыліўся… што… I ў тую-ж хвіліну астыў:

«Не, я не магу гаварыць аб гэтым. Ён наўрад ці паверыць слову — абяцанка-цацанка!»

Васіль стаяў каля нейкага агародчыка, абапершыся спіною аб штакеціны, нерухомы i маўклівы. З боку магло здацца, што ён спіць. У галаве адна за адной няспынна плылі думкі.

Блізка пачуўся вясёлы дзявочы рогат. Потым высокі жаночы голас бесклапотна заспяваў:

Я дзяўчынка маладая. Мне ўсяго семнаццаць лет. Палюбіла брыгадзіра За яго аўтарытэт…

«Чаго ёй так весела?» — няўцямна праплыло ў галаве. Ён пазайздросціў, што не можа так весела засмяяцца…

Раптам схамянуўся, адчуў, што замёрз, паварушыў плячыма ад холаду, зірнуў у неба. Там былі цьмяныя, ледзь прыкметныя, абрысы хмар. Толькі каля гарызонта адзінока свяцілася зорка, але ад яе бляску Васілю стала халадней.

«Памыліўся… Хіба гэта памылка?»

Трэба было некуды ісці. Ён з намаганнем адштурхнуўся ад шурпатых, прамочаных штакецін i пабрыў прывычным кіруінкам дахаты.

Неўзабаве, аднак, спыніўся, пастаяў нерухома трохі, нібы раздумваючы.

Да яго вецер данёс прыцішаны далечынёю гул трактара. Васілю i раней быў чутны гэты гул, але тады ён не даходзіў, не ўзрушаў, бо хлопца поўнілі неспакойныя, горкія думкі.

Цяпер Васіль стаў услухоўвацца ў гул, як у добрую блізкую да душы музыку. Ён стаяў i слухаў хвіліну, другую. Потым раптам рашуча павярнуў назад, праз вузкую вулачку хутка шырокімі крокамі пайшоў у поле, на бадзёры гул, што абуджаў цішыню.

Ён яшчэ не думаў, не ведаў, чаго туды ідзе… Сяло засталося ззаду ў неглыбокай лагчынцы. Справа, непадалёк, як нейкія дзіўныя жывёлы, чарнелі дрэвы — сад. У полi па ахутаным змрокам іржышчы хадзіў стыглы неспакойны вецер, намагаўся сарваць шынель з плеч Баклана.

Гуркатанне трактара набліжалася. Вось ужо відаць, як у яркім зарыве святла весела завіхаюцца постаці.

Васілю адразу зрабілася лягчэй. У сэрцы засвяцілася штосьці яснае, светлае, падобнае на зарыва каля малатаркі.

Калі Баклан падышоў блізка, малатарня спынілася. «Што там?» — занепакоіўся Васіль i паскорыў крок.

Малатарня стаяла. Каля яе, акружаны людзьмі, юнак у шарсцяным світры з закасанымі рукавамі, які быў машыністам, выцягваў шылам з разарванага паса абрыўкі ўшывальніка. Убачыўшы Баклана, людзі расступіліся, далі яму дарогу.

— Ушывальнік ад паса парваўся… — сказаў машыніст, быццам апраўдваючыся.

— Ну, а запасных ушывальнікаў хіба няма?

— Няма…

Баклан заўважыў на сабе некалькі здзіўленых позіркаў — не прывыклі тут бачыць яго.

— Чаму няма? Ты што — не ведаў, што можа парвацца?

— Думаў…

— Яны ўжо другі раз у яго ірвуцца, — сярдзіта ўставіў нехта з жанчын.

Пасылаць за ўшывальнікам у сяло — значыць марнаваць час. Шкада часу. Але што рабіць?

Баклан неспадзявана расшпіліў свой партызанскі пояс, працягнуў машыністу. Той, не цямячы, запытальна зірнуў на старшыню. — Рабі ўшывальнік.

Машыніст паглядзеў на пояс, пакруціў яго ў руках, любуючыся добрай глянцавіта-бліскучай скурай, зіхатлівай афіцэрскай пражкай. Ці не жартуе старшыня, аддаючы на глум такую добрую рэч. Але па позірку Баклана было відаць, што ён не жартуе i што трэба спяшацца…

Хутка пас быў сшыты. Людзі разышліся, сталі на свае месцы. Трактарыст уключыў прывадное кола свайго «ХТЗ».

Пас крануўся, пасунуўся да малатарні, спачатку лена, павольна, пругка пакалыхваючыся, а затым — усё хутчэй, хутчэй. Падавальшчык падаў у барабан развязаны сноп. Барабан перастаў лескатаць, зашумеў басам, натужна, старанна, цяжка. Людзі, што стаялі на сцірце i каля барабана, пачалі спрытна завіхацца. Баклан з няведамай даўно цікаўнасцю сачыў за ix хуткімі ўмелымі рукамі, адчуваючы, як імклівы тэмп гэтага жыцця захапляе, заваблівае яго. Васілю захацелася таксама падняцца на сцірту, якая пахне сухой саломай, стаць поруч з гэтымі спрытнымі людзьмі.

Ён скінуў з плеч шынель. Хвілінай пазней Васіль стаяў ужо на сцірце, падаючы сноп, i зачэпліва, з усмешачкай, крычаў штосьці жанчыне-суседцы.