Выбрать главу

Яна заплакала, i гэта зламала ўпартасць мужа. Праўда, ён напісаў скаргу ў гарком партыі, але як толькі будаўніцтва скончылі, Загорскі, не зважаючы ні на якія «фармальнасці», перабраўся ў адзін пакойчык на другім паверсе i асеў.

Арцём Іванавіч, што ад душы спачуваў Загорскаму, хоць i ведаў незаконнасць учынку інваліда, не стаў спрачацца з ім.

Але маладога гаспадара горада, які толькі што ўступіў на пост i быў поўны рашучасці адразу-ж навесці парадак, такое самаўпраўства абурыла.

— Як гэта ўсяліўся? А хто дазволіў? — гледзячы на Арцёма Іванавіча з вышыні сваіх амаль двух метраў i свайго кіруючага становішча, строга пытаўся гаспадар горада.

Арцём Іванавіч, які ў такія хвіліны ніякавеў перад гневам начальства, толькі разводзіў рукамі.

— Ніхто не дазваляў… Ён раней жыў там. I не пытаўся ні ў каго дазволу…

— Што яму, законы не пісаны?!.

— Яму i праўда няма дзе жыць… — пашкадаваў Загорскага Арцём Іванавіч.

— У нас пакуль такіх тысячы, разумееце?! Што, калі ўсе яны самавольна будуць захопліваць кватэры?

Арцём Іванавіч прамаўчаў, адчуваючы, што спрачацца лішне.

— Выселіць! — павялела начальства.

Помніцца, былому сціпламу, нічым асобым не слаўнаму стралку з адной слаўнай пяхотнай дывізіі Загорскаму давялося перажыць хмурныя дні. Давялося пазнаёміцца i з добрымі парадамі выехаць, i з катэгарычнымі загадамі, i нават з міліцыянерам, былым партызанам, кірпаносым, добрадушным хлопцам, які зайшоў даведацца, ці збіраецца парушальнік выконваць пастанову.

— Не… Не выеду, — адказаў адразу Загорскі. Ён раптам запытаўся ўзрушана, з адчаем: — Куды я выеду, скажы ты?

Міліцыянер спачувальна ўздыхнуў. Загорскі-ж дапытваўся, падступаў:

— Куды? Што, я буду плаціць сотні рублёў за куток?! З чаго я ix вазьму?

— Так, кватэры цяпер дарагія!..

— А я-ж жыву пакуль на адной пенсіі. Дзе я ix дастану, столькі грошай на жыллё? Вось каб нага паправілася, дык на работу падаўся-б.

— А што, не правіцца?

— Не, свішч, брат…

— Так, становішча!.. — філасофскі i мінорна сказаў міліцыянер. Ён задумаўся, адчуваючы сябе чалавекам, што трапіў у становішча, з якога няма выхаду. Невядома, што-б ён прыдумаў, але тут увайшла пажылая, ужо амаль зусім пасівелая жанчына ў чорным касцюме i сказала Загорскаму, што яна з гаркома, што яна па яго скарзе. Міліцыянер ахвотна ўстаў i, казырнуўшы, паспешліва выйшаў.

Пасля таго, як праз поўгадзіны развіталася з ім жанчына, Загорскі перажыў яшчэ адзін дзень у непакоі. Гэта быў апошні хмурны дзень, — больш ix не турбавалі…

Жыхары дома

I вось дом загаманіў.

Кватэр у ім лічылася толькі крыху больш за сотню, i кватэры гэтыя былі прасторныя, па два, а то i па тры i чатыры пакоі, але жылося людзям тады ў доме не вельмі раскошна. Амаль кожная кватэра давала прытулак двум, тром ці нават чатыром сем’ям.

Асобныя кватэры дасталіся толькі некалькім віднейшым дзеячам горада, сярод якіх аказаўся i дырэктар не існуючага яшчэ тады цырка. Праворны цыркач (так яго іменавалі непрыхільныя суседзі) толькі месяц назад як прыехаў быў у горад з Сярэдняй Азіі i атрымаў кватэру таму, што прыгразіў адразу-ж пакінуць межы горада, калі яму не дадуць у бліжэйшыя дні кватэры з чатырох пакояў.

— Бач ты, пахаба які! — здзіўляліся i абураліся людзі.

Казалі, нібы «цыркача» спрабавалі ўгаварыць на меншую, але ён толькі адказваў: «Ці — чатыры пакоі, ці — бывайце здаровы».

I яму ўступілі. Бо як-жа, вялікі горад, хіба-ж можна без цырка?

Дом быў падобны на вялізны вулей.

Ужо тады ён пачаў тое жыццё, якое можна назіраць i цяпер. Раніцай, днём i ўвечары ў ім было неспакойна i шумліва, a ўночы наступала цішыня. То там, то тут на ўсіх чатырох жылых паверхах паступова гаслі асветленыя вясёлыя вокны, i ён маўклівым чорным гмахам акрэсліваўся ca змроку.

Даўжэй за ўсё свяцілася акенца ў кватэры на трэцім паверсе ў крайняй злева секцыі, дзе жыў паэт Дуброўскі. Яно гарэла заўсёды спакойна i роўна. Зусім не так гарэла сэрца паэта, які то радаваўся за свайго героя i за сябе, то, калі справа не клеілася, сядзеў пануры, учапіўшыся рукамi ў валасы, гатовы стагнаць ад крыўды.

Дуброўскі яшчэ быў малады чалавек, вельмі поўнацелы, з гладзенькай адвіслай складкай пад падбародкам. Ад таго, што ён быў не рослы i шырокі ў плячах, ён здаваўся проста-такі тоўстым i грузным. Трымаўся ён прама, выпяціўшы жывот, горда ўзняўшы прыгожую галаву, як-бы з пагардай прыплюшчыўшы блакітныя вочы, i гэта надавала яму важны, нават трохі ганарлівы выгляд. Але гэты знешні выгляд яго не пасаваў з характарам: паэт быў чалавекам добрадушным, нязлым, завабліва, чыста, па-дзіцячаму смяяўся i толькі хіба, калі часам выпіваў з сябрамі, станавіўся задзірыстым.