Выбрать главу

Зайшоўшы ў такім настроі да Загорскага, пацягваючы з гаспадаром жыгулёўскае піва, Арцём Іванавіч, якому страшэнна хацелася скардзіцца, сумна здзіўляўся, наракаў:

— Чым яна яго прывабіла, вярціхвостка?!

Добры Загорскі супакойваў:

— Нічога, Іванавіч. Не перажывай марна. Праўда-ж, не перажывай! Гэта часова. Дай, я далью піўца!.. Яшчэ сто раз пераменіцца!.. Піва якое — дубам пахне!.. Маладыя — ветраныя… Пабачыш, пройдзе час.

Праз пяць год. Перамены

Многа чаго змянілася ў горадзе за такі невялікі час. Гэтыя гады былі гадамі незвычайных, вельмі хуткіх змен.

Крывая i вузкая вуліца, на якой яшчэ нядаўна былі адны абломкі сцен, стала шырокім цудоўным праспектам. Абапал яго выраслі стройныя, прыгожыя дамы, смелыя ансамблі палацаў; усцяж прасторных тратуараў зазелянелі роўныя рады купчатых ліп.

Многія з былых жыхароў — загадчыкі, памочнікі, заслужаныя артысты — пераехалі ў іншыя дамы, у лепшыя кватэры, i персанальных машын ужо менш пад’язджае ўранку да пад’ездаў дома. Затое кожнаму, хто ведаў, як жылі тут некалькі гадоў назад, адразу кінецца ў вочы, што цяпер нямала развялося машын прыватных.

У свой час будаўнікі не падумалі пра гаражы, — ды i хто мог ведаць, што за якія-небудзь чатыры-пяць год так развядзецца прыватны транспарт у жыхароў дома.

За гэты свой i свайго начальства промах Арцём Іванавіч сам разлічваецца. Вельмі легка заўважыць, што даводзіцца ім, машынам прыватным, — у тым ліку i «Масквічу» Арцёма Іванавіча — нялёгка: прыгожыя, пабліскваючыя цудоўным лакам i зіхатлівым нікелем, яны трапілі тут у нязграбныя, цесныя хлявы.

Што-ж, гэта ўжо гора не ад беднасці. Людзі ў доме пабагацелі, сталі жыць лепш!..

Toe, наколькі лепш жывецца людзям, асабліва відаць, калі зайсці ў пакоі. Некалькі год назад у кватэрах амаль усюды стаяў рознастайны зброд: сталы, якія ледзь трымаліся на хісцкіх нагах, зялёныя трафейныя шафы, табурэткі вытворчасці саматужнай. Не ўсе — далека не ўсе — вокны аздаблялі тады нават цюлевыя гардзіны! Што ўжо казаць пра дарагія аксамітныя шторы! (У кабінеце паэта акно было, напрыклад, прыкрыта газетамі, якія час-ад-часу мяняліся.)

Цяпер не тое. I калі звонку дом такі-ж, як i быў раней, то ў сярэдзіне ён змяніўся так, што нё пазнаць. Бадай не бывае такога дня — выключаючы хіба панядзелкі — калі-б хто-небудзь не вёз ці не нёс у сваю кватэру абновы. На звычайныя цюлевыя гардзіны цяпер тут пазіраюць абыякава. Ды што казаць пра гэта, калі Загорскія, якія зарабляюць менш за многіх у доме, аздобілі сваё сціплае жыллё двума дыванамі. Дарэчы, дываны вельмі часта прыносяць сюды: жыхары дома любяць упрыгожваць свае кватэры дыванамі! I яшчэ можна заўважыць адну рысу новую ў жыхароў дома: яны пачалі нярэдка прывозіць да сябе не асобныя рэчы, а цэлыя «спальні», «сталовыя». A калі i выбіраю’ць што-небудзь з мэблі асобна, то прыдзірліва прыглядаюцца, каб i колер быў адпаведны таму, што ёсць дома, i стыль каб быў такі.

Багацеючы, людзі робяцца пераборлівымі.

Змяніліся людзі! Змянілася шмат што i ў Арцёма Іванавіча. Ён, праўда, як i раней, будуе. Як i раней, ён то радуецца, то злуе, але цяпер злуе часцей за ўсё па іншых прычынах, як пяць год назад. Матэрыялу — i дошак, i цэглы, i цэменту, i многа іншага, што патрэбна, — прывозяць цяпер на будоўлі звычайна дастаткова i ў час, а тэхнікі столькі, што Арцёму Іванавічу тады i не снілася. Але затое i тэрміны будаўніцтва цяпер другія, куды карацейшыя — прыходзіцца працаваць на ўсю моц! Ну, i за якасцю работы трэба вельмі сачыць, — за гэтуго якасць Арцём Іванавіч i распякае нярэдка сваіх падначаленых. За якасць ды за дысцыпліну, ды за нядбайныя адносіны да прылад — адным словам, чалавек гэты характарам, як i раней, строгі, i калі ён чырванее, у дрэнным настроі, яго пабойваюцца.

Набудаваў Арцём Іванавіч нямала, — пры яго ўдзеле канчаюць ужо чацвёрты дом, ці, як ён звычайна кажа, аб’ект.

Паэт, у акне якога ўсе гэтыя гады нязменна ноччу гарэў агеньчык, стаў аўтарам некалькіх новых паэм i кніжак вершаў, стаў вядомым. Праўда, дасюль мала хто ведае, што стаў ён славутым іменна ў гэтым доме.

Яшчэ менш ведаюць, з кім Дуброўскі любіць пагаварыць, параіцца, i зусім не ведаюць, хто падбівае паэту пабойкі на бацінках. Не ведаюць больш за ўсё таму, што не цікавяцца такой празаічнай справай, нібы паэтам ніколі не даводзіцца мець справу з прозай жыцця.

А пытанне гэтае, трэба сказаць, не дробязь. Дуброўскі не толькі многа ездзіў, але i многа хадзіў: адпраўляючыся ў камандзіроўку, ён абавязкова заходзіў да шаўца i рабіў капітальны рамонт бацінак. Давяраў ён гэтую справу Загорскаму, які працаваў цяпер у пакойчыку на першым паверсе гэтага дома.