Выбрать главу

28 студзеня кіраўнік савецкай дэлегацыі Троцкі на перамовах з немцамі ў Брэсце не падпісаў мірны дагавор i аб'явіў, што Савецкая Расія вайну... спыняе, a армію... дэмабілізуе! Доўга ўсім нам тлумілі галаву: гэта — асабісты выбрык Троцкага. Але чаму тады яго не пака ралі, a пачалі даваць яму вельмі высокія пасады? Лухта, гэта быў загадзя прадуманы хітры ход, каб немцаў... так-так, напусціць на Расію! Ленін, раней прапаведуючы тэзіс паражэння Расіі ў вайне, не мог не бачыць, як зневажае, абурае гэтым патрыятычныя пачуцці многхх сумленных людзей, цяпер, у новых умовах, "запаважаў" свяшчэннае ў душы кожнага патрыёта — бараніць Радзіму, а значыць: калі запусціць кайзераўцаў углыб, то гэта не можа не занепакоіць шырокія колы грамадства, адцягне ix ад палітычнай барацьбы, не можа не павабіць на барацьбу з агрэсарам. Толькі трэба вылучыць патрэбны, нават выратавальны лозунг. Вылучылі: "Социалистическое (падкрэслена мною. — Г.Д.) Отечество в опасности!" Не Радзіма, не Расія i ўсе яе народы — "социалистическое Отечество!" Гэта дазваляла накіроўваць народны патрыятычны парыў, асядлоўваць яго, а заадно ствараць новую, сваю, верную армію, што будзе ваяваць не толькі з захопнікам, a, калі трэба, то i са сваім народам (пазнейшыя "покорения" Кранштата, Тамбоўшчыны, Туркестана, нацыянальных сіл на Украіне i ў Беларусі пакажуць, што задума ўдалася).

Зразумела, Германіі, хоць яе некалі Бісмарк перасцерагаў, каб не счэплівацца са славянамі, асабліва з рускімі, не магло не закарцець рушыць далей, захапіць тыя ж Украіну i Беларусь, якія ім цяпер проста паднеслі на талерцы: бярыце, абірайце, нам ix зусім не шкада!

Сваволіў Доўбар-Мусніцкі — за Польшчу. Праўда, заігрываючы з беларускімі i ўкраінскімі дзеячамі, каб займець ад ix найперш палітычную падтрымку. У полі яго зроку ўсё больш i больш станавіўся Мінск, дзе, застаўшыся без арміі, што дэмабілізавалася, мяснікоўцы пачалі спешна пакаваць чамаданы.

Беларускі рух, што да снежня 1917 года набыў досыць значны размах i мог на законным грунце аформіцца ў нацыянальна-дзяржаўны суверэнітэт краю, з-за мяснікоўскага насілля апынуўся ў крызісе: той-сёй з відных дзеячаў марнеў за кратамі, іншыя мусілі пайсці ў глыбокае падполле i да ўсяго пасварыцца з петраградцамі Зм.Жылуновічам i А.Чарвяковым, лічачы, што тыя прадаліся ўзурпатарам i насільнікам — бальшавікам. Праўда, з імі, мінскімі беларускімі дзеячамі, пачалі шукаць саюзу іншыя скрыўджаныя Леніным — тутэйшыя паалейцыяністы, бундаўцы i нават некаторыя велікарускія эсэры i меншавікі, каго дасюль, да разгону Устаноўчага сходу, таксама літаральна трэсла толькі ад аднаго слова "беларускі".

Тыя беларускія дзеячы, хто ацалеў на волі, на тайных сходах пастанавілі: 1) Першы Усебеларускі з'езд разагнаны мяснікоўцамі незаконна; 2) Савет/Раду з'езда прызнаць выканаўчым органам з'езда, i яна, Рада, павінна ажыццяўляць усе пастановы з'езда; 3) папоўніць Раду i даць права адводу, адклікання i кааптацыі; 4) БАК i іншыя беларускія суполкі неадкладна спыняюць сваё існаванне i перадаюць усе свае справы, маёмасць Радзе; 5) Цэнтральная вайсковая рада існуе як падпарадкаваны орган Радзе з'езда; 6) 2-гі Усебеларускі з'езд склікаецца ў найбліжэйпішы час i г.д.

Новае папаўненне (a ў ім былі вельмі вядомыя на той час у Мінску людзі, скажам, былы галава гарадской думы) ва ўмовах, што склаліся, спакваля пачало прыбіраць беларускі рух у свае рукi, асабліва эсэры. Якраз яно перад наступлением Доўбар-Мусніцкага i немцаў склала спіс Народнага сакратарыята Беларусі — па яго словах, "урада, які цяпер мусіць абараняць інтарэсы дэмакратыі". Задумалі мець у гэтым урадзе 20 міністэрскіх пасад, але ў спрэчках зацвердзілі толькі 15 ад розных партый. 5 асоб самі ўхіліліся ад гэтай справы, лічачы за лепшае ціха перачакаць такі няясны час. Народны сакратарыят прыняў рэзалюцыю: "Родная старонка наша апынулася ў новым цяжкім стане. Дзе цяпер улада, што была тут, няведама, мы стаімо перад тым, што край можа быць заняты нямецкімі войскамі. Мы павінны ўзяць свой лёс ва ўласныя рукі. Беларускі народ павінен здзейсніць сваё права на поўнае самаазначэнне, а нацыянальныя меншасці — на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію. Правы нацыі павінны знайсці сваё здзяйсненне шляхам склікання на дэмакратычных асновах Устаноўчага Сойму. Але i да склікання Устаноўчага Сойму ўся ўлада на Беларусі павінна належаць тым народам, якія на ёй жывуць. Выканаўчы камітэт Рады першага Усебеларускага з'езду, папоўнены прадстаўнікамі рэвалюцыйнай дэмакратыі нацыянальных меншасцяў, здзяйсняючы мэты з'езду, абвяшчае сябе часовай уладай на Беларусі для кіравання краем i склікання, як можна хутчэй, Усебеларускага Устаноўчага Сойму на аснове агульнага, простага, роўнага, тайнага i прапарцыянальнага выбарчага права для ўсякага дарослага, ня лічачыся з нацыянальнасцю, вызнаннем i родам. Часовую народную ўладу краю, якая ставіць сабе мэтай абарону i зацверджанне заваяванняў рэвалюцыі, будзе здзяйсняць створаны намі Народны сакратарыят Беларусь, які ад гэтага дня пачаў выконваць свае абавязкі. Пэрсанальны склад сакратарыяту будзе апублікаваны пасля".