Выбрать главу

На радзіме, у Мінску, наведаўшы свежую магілу маці, Луцкевічы адразу ж, як кажуць, з галавой акунуліся ў тутэйшае палітычнае жыццё. Асабліва Антон. Ён, будучы старшынёй Віленскай беларускай рады, удзельнічаў у сходзе Грамады, а праз яе — у пасяджэннях Народнага сакратарыята i ў Радзе БНР (у апошнюю яго кааптавалі 18 сакавіка), азнаёміўся з сітуацыяй і, як вопытны палітык, сведка ххоспеху літоўцаў у Вільні, рэзка павярнуў беларускую нацыянальную ідэю ў іншы бок, заклікаў мінчукоў пайсці шляхам віленцаў-літоўцаў. А пачалося ўсё, здавалася б, ледзь не з пабочнага: з абгаворак пра паўнамоцтвы беларускай дэлегацыі ў Кіеў.

У 1980-я, калі я пісаў раманы "Гаспадар-камень" i "Пабуджаныя", мне пашчасціла вывудзіць са спецсховішчаў i такія кнігі, як "Памяці Івана Луцкевіча. У першыя ўгодкі сьмерці яго (20.8.1919-20.8.1920). Вільня. 1920" i "За дваццаць пяць гадоў (1903-1928). Вільня. 1928". Апошняя кніга — гэта ўспаміны Антона Луцкевіча, у тым ліку i пра тую яго з братам паездку ў Мінск, пра ўтварэнне БНР. У маім рамане "Свой дом" у вусны герою Антону Лапкінскаму ўкладзены такія словы:

"Першае, што запытаюць у дэлегацыі (у Кіеве): які ваш, браточкі, статус? — Антон падняў сіні, як i ў брата, аловак. Нрыцягнуў яшчэ большую ўвагу да сябе. — А статус яшчэ сёння невыразны. Як мы, прыезджыя, зразумелі, Рада БНР механічна лічыць сябе сябрам Расійскай Федэрацыі. Але, выбачайце, тая за гэткага сябра вас не лічыць, бо не прызнавала i не прызнае вас. Па-другое, ці захоча незалежная Украіна штосьці пазычыць нам як частцы Расеі без згоды, без гарантыі цэнтральнага ўрада? Канечне, не. Іншая, спадары, рэч, каб прыехала дэлегацыя незалежнай БНР. Тады перамовы пайшлі б зусім па-іншаму — як перамовы суверэнных дзяржаў..."

Гэты аргумент майго Лапкінскага — амаль цалкам задакументаваныя словы Антона Луцкевіча. Яны — i гэтыя, i іншыя развагі — выдатнага нашага дзеяча (пазней, будучы лідэрам абноўленай БНР, не раз будзе ў савецкай, польскай i зноў савецкай турмах. З апошняй ужо не выйдзе. Рэабілітаваны ў 1989-м, але ў замоўчванні — не трэба гаварыць гучна "ідэалогія" ці яшчэ як там утварэння БНР, яны, ягоныя развагі i аргументы, проста разумнае ўсведамленне, свядомае абгрунтаванне на прыкладзе іншых народаў, што перш за ўсё неабходна быць самім сабою.

Ідэю незалежнасці ды яшчэ, як i ў Вільні, з просьбай падтрымкі Германіі многія мінчукі — не толькі сярод эсэраў, меншавікоў, бундаўцаў, земцаў, але i ў Грамадзе, Народным сакратарыяце, Радзе БНР — успрынялі як бомбу. Што — мы без Расіі-карміліцы? Без яе цыцаў з нафтай? Без яе штыкоў? Калі не прападзём, дык нас жа глыне Германія ці яшчэ хто! Былі прапановы адкрыты 25 сакавіка з'езд лічыць толх^кі дыскусійнай нарадаю. Ды з'езд адбыўся, прыняў рэзалюцыі, абраў кіруючыя органы БНР: прэзідэнт, старшыня i народны сакратар замежных спраў, народны сакратар скарбу, народны сакратар асветы, народны сакратар кантролю, народны сакратар вайсковых спраў i маскоўскі консул.

З Трэцяй Устаўной Граматы: "Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнаю i вольнаю дзяржавай".

У вышэйназваным дакуменце былі падверджаны палажэнні ранейшых дакументаў, азначаныя межы Беларусі, i ўжо 25 сакавіка з Мінска ў Берлін пайшла тэлеграма: "Рада Беларускае Народнае Рэспублікі, як выбраная прадстаўніца Беларускага Народу, зварачаецца да Вашай імператарскай Вялікасці з словамі глыбокае падзякі за вызваленне Беларусі нямецкімі войскамі з цяжкага ўціску, чужога пануючага здзеку i анархіі.

Рада Беларускае Народнае Рэспублікі дакляравала незалежнасць цэлае i непадзельнае Беларусі i просіць Вашую Імпэратарскую Вялікасць аб абароне ў яе кіраваннях дзеля ўмацавання дзяржаўнае незалежнасці i непадзельнасці краю ў сувязі з Германскай Імпэрыяй.

Толькі пад абаронаю Германскай Імпэрыі бачыць край сваю добрую долю ў будучыні".

У свой час бачыў я тых урадоўцаў на фота (яго прывезлі мне з-за мяжы ў падручніку КПСС), ведаў іхнія сапраўдныя імёны, але ў рамане "Свой дом" у працяг літаратурнага прыёму мусіў называць ix псеўданімамі. Тых урадоўцаў кляймілі, але агульна, без упамінання іхніх прозвішчаў. Толькі ў энцыклапедычным даведніку "Беларусь" (1995) падалі ix кароткія біяграфіі. Хто той Прэзідэнт? Серада Іван Мікітавіч, 1879 года нараджэння, з вёскі Задвел Мінскай губерні. Скончыў Варшаўскі ветэрынарны інстытут (1903), з 1917 года член БСГ, удзельнічаў ва Усебеларускім з'ездзе. Пазней прызнаў Савецкую ўладу i тое, што толькі яна можа рэалізаваць беларускую дзяржаўнасць, працаваў у Інбелкульце (сёння Акадэмія навук), быў дацэнтам Беларускай сельгасакадэміі. У 1930-м яго арыштавалі i саслалі, з перапынкамі знявольваўся да 1943-га, пасля знік, як бясследна ў гулагах знікалі i іншыя. У 1988-89 гадах яго рэабілітавалі як ні ў чым не вінаватага, але ён усё роўна i без віны вінаваты, у цяні, у забыцці. А хто ж быў той, першы, прэм'ер? Варонка Язэп Якаўлевіч, 1891 г. н., з Сакольскага павета. Да 1914-га вучыўся ў ІІецярбургскім універсітэце. З 1917-га ў БСГ. Удзельнічаў ва Усебеларускім з'ездзе. У снежні 1918-га — красавіку 1920 года нараджэння міністр беларускіх спраў i член кабінета міністраў Літвы, быў у іншых арганізацыях i суполках. У 1923-м выехаў у ЗША, дзе i дажыў да 1952-га, супрацоўнічаў з беларускай эміграцыяй, пісаў гістарычна-публіцыстычныя творы. Як i іншыя яго калегі па ўрадзе БНР, таксама ў нас забыты.