Злашчасная тэлеграма кайзеру раскалола БСГ i прывяла да крызісу БНР. Яе ўрады пачалі ператрасацца i мяняцца на чале з рознымі дзеячамі, але зноў жа справа была не толькі "бумажная": беларуская мова была абвешчаная дзяржаўнай, пачаліся захады для адкрыцця нацыянальных навучальных устаноў, запрацавалі некалькі соцень беларускіх школ i гімназій, адчыніліся Мінская вышэйшая музыкальная школа i Мінскі педагагічны інстытут, рыхтаваліся адкрыць універсітэт, з'явіліся выдавецтвы i беларускія газеты, ажывіліся асяродкі культуры, a ўлетку ўжо мелі свае консульствы ў Літве i на Украіне, накіравалі дыпламатаў у іншыя краіны, пачалі выдаваць пашпарт ВНР i ўзаконілі нацыянальныя сімвалы — герб "Пагоня" i бела-чырвона-белы сцяг (пазней БНР не прызнаюць ні Масква, ні Варшава, але гэта дэ-юрэ ці дэ-факта зробяць Літва, Латвія, Эстонія, Чэхаславакія, Балгарыя, Фінляндыя, Турцыя i іншыя дзяржавы, якія запрасілі да сябе беларускія дыпламатычныя i вайсковыя місіі, консульствы i прадстаўніцтвы).
У вышэйзгаданым спісе не названа Германія. Так, разам з пералічанымі. прызнае БНР i яна, але толькі не ў цяжкім 1918-м, калі ў яе руках была Беларусь i калі ў яе папрасілі, як i літоўцы, помачы хоць бы на дыпламатычным фронце, ставячы сябе пад ярасны агонь крытыкі, папрокаў i абвінавачванняў з розных бакоў. У 1918-м Германія не прызнала БНР. Прычын тут нямала. Можа, усё яшчэ добра не ўяўляла беларускай гісторыі ў перыяды Полацкай зямлі, Вялікага Княства Літоўскага i Рэчы Паспалітай. Можа, асцерагалася Расіі. Можа, i быў пэўны пошапт германскага генштаба з Леніным. А можа, што стала вядома толькі нядаўна, Германія мела на ўвазе Беларусь у гульні з Савецкай Расіяй, прытрымліваючы наш край як заклад пад кантрыбуцыю, якую мелася выплаціць ёй РСФСР. Магло быць i яшчэ некалькі гэтых "можа". У 1918-м нямецкія ўлады самае вялікае толькі кінулі вока на Раду БНР як на пасрэдніка паміж імі i беларускім народам, дазволілі займацца гандлем, прамысловасцю, сацыяльнай апекай i, як адзначалася вышэй, асветай i культурай. Ды...
Пачакайце, весці прамысловасць, гандаль, аберагаць люд сацыяльна, ахарчоўваць яго i хоць часткова армію — хіба гэта простая рэч? Без вопыту, без казны, якую абакралі Мяснікоў i Доўбар-Мусніцкі, ды калі яшчэ ціснуў на карак цяжар першай сусветнай вайны — разбурэнні, вываз фабрык i заводаў, рабункі, зыход у бежанства i наборы на фронт соцень тысяч, рэзрух, запусценне вёсак?
Канечне ж, БНР тады, у кручаным 1918-м, за адзін год у самых што ні ёсць жудасных умовах было проста не пад сілу зрабіць шмат, ды ёй, бадай, удалося дабіцца самага галоўнага — паўстаць з попелу, сцвердзіцца i заявіць свету пра яшчэ адну дзяржаву — БЕЛАРУСЬ!!!
Да яшчэ нядаўняга часу вучні ў школах, студэнты ў вну завучвалі: БССР утварылася 1.1.1919 года ў выніку "мудрай ленінскай нацыянальнай палітыкі" i, адпаведна, "з таго часу бярэ пачатак беларуская дзяржаўнасць". Вось так узнікла на голым меецы — i ўсё! Шмат хто гэта прымае за ісціну i цяпер, не ведаючы ці не хочучы наўмысна прызнаваць: БССР — працяг, новы этап нашага адзяржаўлення.
Беларускія дзеячы ў Мінску ў 1918-м ва ўмовах нямецкай акупацыі, пазбавіўшыся ілюзій наконт ажыццяўлення на справе бальшавіцкай "Декларации" праў народаў, пайшлі на рызыку ўтварэння БНР пад нямецкім прыкрыццём. А што было рабіць сотням тысяч беларусаў, тым, хто бежанцам, а хто ў салдацкай форме апынуліся ў Расіі, хто ступіў ужо на савецкую платформу i намагаўся з Саветамі ўвасобіць сваю Бацькаўшчыну ў дзяржаву? Найперш трэба было дзейнічаць. I дзейнічалі. Ды за беларускімі дзеячамі як у Мінску, так i ў Петраградазе i Маскве быў не толькі пільны "дозор", але i прыцэл ca Смаленска, дзе размясціліся мяснікоўцы, вялі паўкругавы абстрэл, не выпускаючы лёс беларускага краю ca сваіх рук.