Выбрать главу

3-га лістапада ён здолее склікаць такі сход, дзе будуць камуністы i з акупаванага Мінска (у іхніх шэрагах было больш як 4000 падпольшчыкаў, частка якіх не цалкам падтрымлівала мяснікоўцаў, шукала сувязяў з Белнацкамам, з беларускімі камуністычнымі суполкамі ў Расіі). На сходзе абмяркуюць становішча, асудзяць БНР, падтрымаюць ідэю Савецкай Беларусі i звернуцца да Прэсненскага райкама РКП(б), каб той зарэгістраваў іхнюю камуністычную секцыю. Улічваючы высокі аўтарытэт Жылуновіча, яму даручаць узначаліць яе.

Мяснікоўцы наступаюць юрыдычна — скарыстаўшы адзін з пунктаў Канстытуцыі (16-ы) пра свабоду арганізацыі i аб'яднання працоўных, праз народны камісарыят унутраных спраў РСФСР спяшаюцца ўзаконіць сваю ідэю: Беларусь i Літву мець за падуладную ім Заходнюю камуну, маўляў, насуперак Радзе БНР у Мінску i Тарыбе ў Вільні. Мяснікоўцы яшчэ болей натхняюцца, паціраюць рукі: як пазней стане вядома, адміністрацыйная камісія ВЦВК на чале з Я.Свярдловым пачала распрацоўваць праект, па якім Савецкая Расія павінна складацца не з нацыянальных рэспублік, а з эканамічных рэгіёнаў: Маскоўскі, Паўночны, Заходні, Уральскі i г.д.

6 лістапада пачаўся IV Усерасійскі Надзвычайны з'езд Саветаў. На ім шмат што вырашалася важнае. Але галоўнае было тое, што, прачуваіочы выбух рэвалюцыі ў Германіі, анулявалі Брэсцкі дагавор, Чырвоная Армія (а з ёю i сфармаваныя беларускія часці) хутка павінны былі рушыць на Беларусь. Людзі Жылуновіча паспрабавалі перамовіцца з Мясніковым, каб хоць нарэшце паразумецца ў асноўным, пра лёс Беларусі, але той праігнараваў ix. Маўляў, з вамі ўсё ясна, вы будзеце Заходняй вобласцю РСФСР. Абласныя органы ўлады ўжо даўно сфармаваныя.

Занепакоеныя пытанні са шматлікіх лістоў беларускіх бежанцаў у "Дзянніцу" яшчэ больш змушаюць Жылуновіча пытаць у Савецкага ўрада: што з Беларуссю? "Увесь час, са дня расейскай рэвалюцыі, — будзе пісаць ён, — беларускае пытанне нядбайна прапушчаецца між пальцаў... баяцца дакрануцца да яго i знарочыста ці забыўна адварочваюцца i ад думкі, той, што ёсцека Беларусь... Усе патугі звярнуць на гэта ўвагу каго належыць (ківок Сталіну? — Г.Д.) разбіваюцца ў дробкі... чым далей, тым болей расце такая сумыслая варожасць да яго ў кіруючых колах", "ніякіх крокаў, к таму ж т.т. з Заходняе Камуны — з Беларусьсю чаўпецца нешта сапраўды страшнае, a грозіць ёй яшчэ страшнейшае..."

Жылуновіч перасцерагае: як толькі Беларусь пакінуць немцы, заручыўшыся міжнароднай падтрымкаю, правы на яе прад'явяць польскія шавіністычныя колы. "I праз гэткія парадкі, — б'е ў звон, — дзесяцімільённы беларускі народ можа быць ахвяраваным на падмацаванне буржуазіі, на шкоду Расейскай Рэвалюцыі. Якімі ж вачыма мы тады, дачакаўшыся гэтага, паглядзім у вочы гарацешнаму беларуекаму працаўніку? Што ён з нашай часткаю віны, падняпадшы ў прыгон, скажа нам? Пэўна — не падзякуе!" Гэтая перасцярога "беларуса-камуніста", пакажа час, не была надуманая, нават ужо з-за таго, што "народны" ўрад Польшчы, "начальнік дзяржавы" Ю.Пілсудскі i "паляк з беларускім сэрцам" Доўбар-Мусніцкі запратэставалі супраць прыходу Чырвонай Арміі на Беларусь, a самі захапілі Брэст, падышлі да Баранавічаў, — гатовы былі рушыць ажно да Смаленска, г.зн. па межы Рэчы Паспалітай 1772 года...

Ну, а што БНР у Мінску? Пры ўсіх цяжкасцях, крызісах, ператрусках яна не толькі ацалела, але i працягвала амацоўвацца, у тым ліку i заканадаўча. 11.10.1918-га яе Рада зацвердзіла ўжо Часовую Канстытуцыю. Але прачуваючы, а пасля i бачачы эвакуацыю дэмаралізаваных ад зацяжной вайны i паражэння на Заходнім фронце нямецкіх войск, новы яе ўрад на чале з А.Луцкевічам не мог не бачыць небяспекі як ад асмялелых i завідушчых на "ўсходнія крэсы" польскіх легіёнаў, так i ад Чырвонай Арміі, мяснікоўцаў, якія прагнулі рэваншу, а то i рыўка ў Еўропу. Каб захаваць БНР, якая к гэтаму часу набыла ўсе рысы беларускай дзяржавы (пад яе крыло пагарнуліся нацыянальныя меншасці, многія палітычныя партыі), А.Луцкевіч патайна прабіраецца ў Маскву, перамаўляецца з Ц.Гартным, i ёсць ускосныя звесткі, што праз таго мае сустрэчу з Леніным, дзе прапануе кампраміс: мы — з Расіяй, мы прызнаем Савецкую канстытуцыю, а вы прызнайце БНР.

Гэтую прапанову адхілілі. У бальшавікоў быў свой, толькі ім патрэбны i выгадны варыянт.

Напружанне вакол лёсу Беларусі нарастав. 25 лістапада "Дзянніца" змяшчае "Ліст да Беларускага народу", праз які "твой сын Змітро" — Жылуновіч — заклікае ўвесь родны люд i ў гэты цяжкі, лёсаносны час праявіць цвярозасць, вытрымку, не паддавацца на розныя шматабяцанкі чужых i сваіх паноў, чакаць падмогі ад Расіі — праўда, у "Лісце" зазначаецца, што помач будзе не проста ад Расіі, а ад новай Расіі, якую цяпер, зразумела, прадстаўлялі бальшавікі i Саветы.