Дабрыян. Ёсць, напэўна, людзі, што і цяпер карыстаюцца з вашай ласкі?
Караўкін. Ну, ласка за ласку. Без гэтага не бывае. Вас, праўда, няма ў ліку маіх кліентаў, але хто ж ведаў, што вы станеце такой знамянітасцю.
Дабрыян. Якая ж ласка ад мяне патрабуецца?
Караўкін. Ну, што вы можаце — неўміручасць. У мяне і рэкамендацыя ёсць. (Вымае паперку.) Калі ласка.
Дабрыян (чытае). «Паважаны Барыс Пятровіч! Я думаю, што ў вечнае падарожжа па жыцці трэба прыхапіць Караўкіна. Нам, неўміручым, ён вельмі спатрэбіцца». Подпіс невыразны.
Караўкін. Гэта піша Антон Фёдаравіч.
Дабрыян. А хто такі Антон Фёдаравіч?
Караўкін (здзіўлена). Як, вы не ведаеце Антона Фёдаравіча?
Дабрыян. Прызнаюся, не ведаю.
Караўкін. Дык я вам скажу, што вы многа траціце.
Дабрыян. Так… Значыць, вы лічыце, што сваімі добрымі справамі заслужылі неўміручасць?
Караўкін. Вось жа і Антон Фёдаравіч вам піша. Толькі прашу мець на ўвазе, што мне патрэбны вопытныя памочнікі.
Дабрыян. Дык іх таксама ў неўміручыя?
Караўкін. Ну, а што ж рабіць?
Дабрыян. I шмат іх у вас?
Караўкін. Вось тут заява і невялікі спіс.
Дабрыян (бярэ ў рукі спіс). Мнагавата… I ўсё Караўкіны?
Караўкін. Ну, не ўсе, але ёсць крыху. Гэта ўсё добрыя работнікі.
Дабрыян. Караўкіна Марыя Захараўна. Год нараджэння… Ёй колькі ж гадоў?
Караўкін. Гэта мая бабка. Ёй пад дзевяноста, але ж нельга крыўдзіць старую.
Дабрыян. Леанід Караўкін… Гэта таксама работнік?
Караўкін. Будучы. Унук, Лёнька. Яму шосты год. Але не сумнявайцеся, ён увесь у дзеда пайшоў.
Дабрыян. Так… Што ж мне рабіць з вашай заявай?
Караўкін. Напішыце рэзалюцыю.
Дабрыян. Якую?
Караўкін. Напішыце, каб моцна было. Ну, скажам, забяспечыць неўміручасць у першую чаргу.
Дабрыян. Няхай будзе моцна. (Піша.)
Караўкін (бярэ паперу). Вялікае вам дзякуй. З разумным чалавекам прыемна справу мець. (Чытае рэзалюцыю.) Што?! Пайшоў… Куды пайшоў?
Дабрыян. Там напісана.
Караўкін. К чортавай мацеры?
Дабрыян. Так. К чортавай мацеры. Разам з бабкай і ўнукам.
Караўкін. Дык, можа, і з Антонам Фёдаравічам?
Дабрыян. I з ім таксама.
Караўкін (з пагрозай). Добра ж. Мы яшчэ сустрэнемся.
Дабрыян. Я толькі пра гэта і мару.
Караўкін выходзіць.
Фу, якая поскудзь!
Марына Сяргееўна (ставіць чай). Поскудзь таксама хоча быць неўміручай.
Дабрыян. Што, народ яшчэ не разышоўся?
Марына Сяргееўна (глядзіць у акно). Не. Яшчэ больш сабралася. Можа, табе трэба выйсці?
Дабрыян. Да іх?
Марына Сяргееўна. Хаця на балкон.
Дабрыян. I што рабіць?
Марына Сяргееўна. Скажы што-небудзь.
Дабрыян. Абяцаць усім неўміручасць? Гэта будзе падман. Абяцаць толькі некаторым? Гэта значыць расчараваць, выклікаць абурэнне.
Марына Сяргееўна. I не выйсці нядобра.
Дабрыян. Не ведаю, што я буду гаварыць. (Выходзіць на балкон.)
За сцэнай гул натоўпу, прывітальныя выкрыкі.
Карціна трэцяя
Невялікая пляцоўка ў горадзе. Справа — будынак паліклінікі. У чарзе — людзі (больш за ўсё сярэдняга ўзросту) з бутэлечкамі, слоікамі, каробачкамі.
Голас з рэпрадуктара. Шаноўныя грамадзяне! Хто дабіваецца неўміручасці, павінен прадставіць аналізы: крыві, мачы, страўнікавага соку. Патрэбны таксама даведкі аб стане эндакрынных залоз: шчытападобнай, палавых, гіпофіза. Просьба прыняць пад увагу, что для ўступлення ў неўміручасць патрэбны не толькі чыстыя аналізы, але і чыстае сумленне. А таму просьба прадставіць яшчэ характарыстыкі з месца працы. Хто ўсяго гэтага не можа прадставіць, просьба не падаваць заяў, не ўскладняць работу Камітэта па справах неўміручасці.
Адзін з чаргі. Словам, не траць, куме, сілы, спускайся на дно.
Шусцік. Што, сумленне не ў парадку?
Адзін з чаргі. Сумленне як сумленне. З залозамі трэба разабрацца. Яшчэ гіпофіз нейкі выдумалі.