Выбрать главу

Караўкін. Надзея хоць ёсць якая-небудзь?

Застрамілава. Ці можна спадзявацца?

Торгала. «Надежды юношей питают, отраду старцам подают». Не забыўся яшчэ.

Застрамілава. Мы хоць і не старцы, але хацелі б быць юнашамі.

Дажывалаў. Ну, гэта ўсё — мура. Вось што, таварыш акадэмік, ці як вас там… Пакуль не скажаце, не выйдзем адгэтуль.

Дабрыян. Нават так?

Дажывалаў. Ага, вось так.

Дабрыян (дае кожнаму карталюшку паперы). Напішыце ваша прозвішча, імя і па бацьку. (Націскае кнопку.)

Уваходзіць Антаніна Васільеўна.

Антаніна Васільеўна, пашукайце, калі ласка (забірае карткіў наведеальнікаў і дае Антаніне Васільеўне), звесткі на гэтых таварышаў.

Антаніна Васільеўна выходзіць.

Значыць, неўміручымі хочаце быць?

Усе (дружна). Хочам.

Дабрыян. I што ж вы будзеце там рабіць… у неўміручасці?

Застрамілава. Жыць.

Торгала. Вечна жыць.

Дажывалаў. I не тужыць.

Дабрыян. Гэта значыць — есці, піць?

Застрамілава. Без гэтага не пражывеш.

Дабрыян. Карыстацца здабыткамі культуры.

Дажывалаў. Вядома. Каб з усімі выгодамі. Газ, ванна, раздзельны санвузел.

Дабрыян. I хто ж гэта ўсё будзе забяспечваць?

Дажывалаў. Мы — пенсіянеры.

Застрамілава. Заслужаны адпачынак.

Дабрыян. Значыць, вечны адпачынак?

Торгала. Як паложана.

Дабрыян. Вечны адпачынак толькі на могілках бывае.

Дажывалаў. Во дае акадэмік!

Дабрыян. Неўміручыя — гэта ж здаровыя, працаздольныя людзі.

Дажывалаў. Дык што? Вечна ўкалываць?

Торгала. I пенсіі не будзе?

Дабрыян. А нашто здароваму чалавеку пенсія?

Дажывалаў (свішча). Вось табе і на!

Застрамілава. Выходзіць — не туды хата.

Торгала. Значыць, запрагайся ў ярмо і цягні вечна.

Застрамілава. Без перадыху.

Дабрыян. А кажуць жа, што праца — гэта арганічная патрэбнасць чалавека. Вы хіба не чулі пра радасць стваральнай працы?

Дажывалаў. Таварыш акадэмік, ці як вас там! Не трэба прыгожых слоў. Скажыце коратка: так ці не?

Караўкін. А я на пенсію не збіраюся. Гатоў працаваць, як і цяпер. Хоць сабе і вечна.

Дажывалаў. Раскалоўся.

Дабрыян (углядаецца). Мы з вамі ці не сустракаліся?

Караўкін. Сустракаліся. Той спіс я падкараціў. Бабку выкасаваў. Бог з ёю.

Антаніна Васільеўна прыносіць карткі.

Дабрыян (бярэ адну). Караўкін Міхаіл Трафімавіч?

Караўкін. Так, гэта я.

Дабрыян. Я ж вам ужо сказаў.

Караўкін. Нічога вы мне не сказалі.

Дабрыян. Тады, пры сустрэчы.

Караўкін. Што вы мне сказалі? Вы паслалі мяне к чортавай мацеры.

Дабрыян (разглядае картку). А далей няма куды.

Караўкін. Разам з Антонам Фёдаравічам. Я яму яшчэ не гаварыў.

Дабрыян. А вы скажыце.

Караўкін. I скажу.

Дабрыян. Абавязкова скажыце. (Бярэ другую картку.) Застрамілава Аўдоцця Сцяпанаўна.

Застрамілава. Гэта я.

Дабрыян. Паклёпнічала на сумленных людзей.

Застрамілава. Я памагала выкрываць злачынцаў.

Дабрыян. А яны рэабілітаваны.

Застрамілава. Дык я тут пры чым?

Дабрыян. Тут вы сапраўды ні пры чым. Вы яшчэ памагалі свайму мужу…

Застрамілава. Памагала, як магла. На тое і муж.

Дабрыян. Памаглі памерці.

Застрамілава. Я яго не атруціла.

Дабрыян. Стварылі яму для гэтага спрыяльныя ўмовы. Я думаю, што неўміручым людзям вашы паслугі не спатрэбяцца. (Бярэ наступную картку.) Дажывалаў Канстанцін Андрэевіч.

Дажывалаў. Я самы і ёсць.

Дабрыян (успамінае). Дажывалаў… Па-мойму, вы мне званілі?

Дажывалаў. Званіў. Але званка, выходзіць, мала.

Дабрыян (чытае). Маёр інтэнданцкай службы… У запасе. Помніцца, вы гаварылі — генерал-маёр.

Дажывалаў. А так бы вы са мной і не размаўлялі.