Выбрать главу

Варакса. З вашай прапановай нельга згадзіцца і па маральных меркаваннях. Мы хочам жыць вечна і таму адмаўляемся даваць жыццё падобным да сябе. А можа, тыя, што не народзяцца па нашай віне, былі б у шмат разоў больш таленавітыя за нас.

Бабровіч. Ну што ж, вы — біёлагі, вы — сацыёлагі, вы і вырашайце гэта пытанне. Раджайце як хочаце, а мне адно ясна: на ўсіх неўміручасці не хопіць.

Адамейка. Каму ж хопіць, а каму не?

Дабрыян. Вырашаць гэта будзем не мы.

Адамейка. А хто?

Дабрыян. Відаць, нейкая высокая інстанцыя.

Адамейка. Словам, няхай жыве неўміручы пацук, а мы за ім у чарзе пастаім.

Варакса. Гэта цяжка ўявіць, таварышы, але хутка ракавая мяжа падзеліць нас усіх тут прысутных на неўміручых і звычайных смертных.

Адамейка. Вось жыў, працаваў і ні аб чым не думаў. А цяпер такое адчуванне, нібы мяне да кары смерцю прысудзілі.

Дабрыян (лагодна). Чаму ж іменна вас, Кузьма Захаравіч?

Адамейка. Бачыце, чалавек я ўжо немалады, залозамі асабліва пахваліцца не магу. А новых жа вы мне не ўставіце.

Дабрыян. На вялікі жаль, не ўстаўлю. Не маю такой магчымасці.

Адамейка (з сарказмам). Добра хоць, што мяне стэрылізаваць не трэба.

Кудрыцкая. Дазвольце мне крыху пафіласофстваваць, Барыс Пятровіч.

Дабрыян. Калі ласка, Клаўдзія Пятроўна. Момант самы зручны.

Кудрыцкая. Вось вы, Аляксандр Паўлавіч, гаварылі пра мараль. Правільна. Эгаізм — гэта агідная справа. Але што такое эгаізм? I што такое мараль наогул? Напэўна, пры неўміручасці мы будзем укладваць у гэта паняцце не зусім тое, што ўкладваем цяпер. У неўміручага грамадства будзе свая мараль, якая будзе адпавядаць яго інтарэсам. Цяпер мы з пашанай ставімся, скажам, да старасці. Але старасць жа ў нас не вечная. Мы шануем старога чалавека, маючы на ўвазе, што ён нас хутка пакіне. Але пасадзіць сабе на шыю на векі вечныя мільёны старых непрацаздольных людзей — наўрад ці гэта будзе ў інтарэсах грамадства. Таму людзі, якія знаходзяцца ў такім стане, мне здаецца, і прэтэндаваць не павінны на неўміручасць. I крыўдзіцца на свой лёс у іх няма падставы.

Адамейка. Значыць, на мыла? Падаючага папхні, як сказаў адзін несвядомы чалавек.

Кудрыцкая. Дарагі Кузьма Захаравіч! Я ж не супроць вас выступаю. Вы — цудоўны чалавек. Жывіце на здароўе хоць сабе і вечна. Я наконт таго, што мараль — гэта паняцце непастаяннае. Возьмем, напрыклад, шлюб… Цяпер мы клапоцімся, каб моцная была сям‘я. Калі муж з жонкай разыходзяцца, дык мы стараемся іх памірыць. Дык што ж, і ад неўміручых мы будзем патрабаваць вернасці шлюбу? Ды за тысячы гадоў можа і абрыдаць табе твой напарнік.

Дабрыян. Вы, Клаўдзія Пятроўна, у такія філасофскія нетры завялі нас, што і не выбрацца.

Генка. Барыс Пятровіч, у мяне больш актуальнае пытанне. Што будзе, калі я, просты смертны, ажанюся з неўміручай Наташай?

Наташа. Спытайся яшчэ, ці пайду я за цябе.

Генка. Дапусцім, што ты параішся з мамай і згодзішся.

Дабрыян. Прыйдзе час — вы састарэеце і памраце, а Наташа будзе жыць і знойдзе сабе другога.

Генка. А што будзе з нашымі дзеткамі?

Дабрыян. У нашых доследах, як вы ведаеце, першае пацучынае патомства жыве ўжо тры вякі. Будзем спадзявацца, што і вашы дзеткі будуць неўміручыя. Але іх яшчэ трэба мець. Што можна сказаць у заключэнне нашай размовы? Усім нам стала ясна — гэта з лічбамі ў руках даказваў Павел Антонавіч, — што неўміручасці на ўсіх не хопіць. I тут паўстае самая цяжкая праблема: як дзяліць людзей на ўміручых і неўміручых? Хто гэта будзе рабіць?

Варакса. Няхай народ скажа сваё слова.

Дабрыян. Адзін крытэрый для мяне ясны. Гэта стан арганізма. Старасць, на вялікі жаль, працэс неабарачальны. Калі чалавек пераступіў пэўную мяжу, дык тут нічога не зробіш. Так што вы, Клаўдзія Пятроўна, дарэмна клапоціцеся наконт старых. Іх лёс вырашыла сама прырода. Наша задача — прадоўжыць іх жыццё наколькі магчыма, паклапаціцца, каб старасць не была для іх цяжарам, стварыць умовы, каб яны маглі падзяліцца сваімі ведамі, сваім багатым жыццёвым вопытам з тымі, хто прыйшоў ім на змену. Але ж і нестарым не ўсім хопіць месца ў неўміручасці. I нехта павінен будзе рабіць такі адбор.

Змітрук (уваходзіць, аддыхваецца). Прывітанне неўміручым! (Паціскае ўсім рукі.)