У мяне ёсьць адметнасьць: невялiчкая, бляклая татуiроўка. Яна хаваецца ў майтках. Пад маiм пупком вырасла ружа, зусiм маленечкая сiняя кветка. Вельмi яе люблю. Сур’ёзна. Хто ня ведае, дык ня ўявiць, як балюча рабiць наколку на чульлiвым месцы. На плечуку можна спакойна выбiць сто розных плеўчатакрылых драконаў. А на самым нiзе жывата пакуль зробiш абрыс кволенькай кветачкi, ледзь не сканаеш. Боль пякельны.
Калi на тым сьвеце чэрцi дазволяць мне працаваць у пекле, усiм грэшнiкам параблю наколкi на эрагенных зонах. Яны пакайфуюць, яны пасiнеюць ад радасьцi. Зраблю начальнiцкi твар i скажу: «Гэта вам, гады печаныя, за грахi гнюсныя, недаравальныя й сьмяротныя!»
У мяне вельмi сур’ёзны абрыс твару, зь цяжкой нiжняй скiвiцаю. Валявы, мужны лiк з нармальна пакрыўленым носам, якi паправiлi ў бойцы. І не на спартовай пляцоўцы ў рэглямэнтаваным двубоi, а ў вулiчнай сутычцы, калi двое двуногiх ня могуць мiрна гаманiць. На цьвярозую галаву выдатна разумею, што ня трэба зьневажаць, абражаць i крыўдзiць чалавека, таго самага двуногага бязь пёраў, з пляскатымi пазногцямi. А таксама ня варта абражацца й крыўдзiцца самому. Ну каму трэба свая, а тым больш чужая крыўда зь бядотамi? Ясьней яснага — нiкому.
Толькi розум не заўсёды бывае ў разважлiвым i памяркоўным стане, асаблiва калi ў страўнiк залiлося трыста грамаў гарэлкi. Тады, пад узьдзеяньнем вiннага духу, у маiм дасканалым чэрапе адбываюцца неверагодныя рэчы. У адно iмгненьне з добрага, сьцiплага, разумнага ператвараюся, пераўвасоблiваюся ў жорсткага, злоснага, разьюшанага бандзюгу. З разяўленага рота лiецца лаянка, сыплецца брэх, вылятаюць праклёны, а кулакi крышаць усялякiя перашкоды. Чорт ведае што творыцца. Жах!
А нос ламаўся так... Спачатку я цiхенька выпiў у кавярнi «Брыганцiна», i не за столiкам, а стоячы ў бары. Прыняў няшмат, грамаў сто. Пiў з Уладзiмерам, былым аднакурсьнiкам па мастацкiм iнстытуце.
У горадзе панаваў добры настрой — сонца красавiцкае прыгрэла, зiма скончылася й сышла. Можна не зашпiляць палiто, хадзiць расхрыстаным i прыставаць да дзяўчатак. Пад такi настрой першыя сто грамаў заходзяць лёгка, як шып пад скуру. І ня думаеш, што стрэмку давядзецца выкалупваць, разьдзiраючы ранку iголкаю ды пiнцэтам.
Мы выйшлi зь цемнаватай, прапахлай рыбнымi стравамi «Брыганцiны» й крочылi ў бок пляцу Перамогi i адзiн адному расказвалi пра ўласную мастакоўскую генiяльнасьць.
Вельмi дарэчы нам трапiўся каля кавярнi «Бярозка» яшчэ адзiн генiй канцэптуальнага жывапiсу — Ігар. У краме закупiлася таннае вiно й сыр з хлебам. У Ігаравай майстэрнi вiно выпiлася, а сыр разам з хлебам зьеўся дарэшты.
Мы паразглядалi Ігаравы палотны. Мы паразважалi пра нетры лiрычнага абстракцыянiзму й ягоную неацэнную ролю ў маскавальнай афарбоўцы вайсковай тэхнiкi. Мы паўзгадвалi вясёлыя часы мастацкага iнстытуту. Мы ап’янелi i, пахiстваючыся, выйшлi на двор.
Я з Уладзiмерам пайшоў у адзiн бок. Сьветлабароды Ігар накiраваўся ў другi. Ігара, ён прызнаўся, чакала нявеста з ласкавым прозьвiшчам Бажок. Ігара, ён сказаў, чакала жанчына. А мяне з Уладзiмерам падпiльноўвала зусiм iншая сустрэча.
Мы кiравалiся на тралейбусны прыпынак, а на шляху, каля таксафоннай кабiнкi, таўклiся хлопцы — два большыя й меншы. Вялiкiя навiсалi над малым, так перуновыя хмары навiсаюць над лясным спакойным азярцом. «Бiць будуць!» — сказаў я Ўладзiмеру, i той пагадзiўся.
У п’янога мужчыны сьмеласьцi поўныя кiшэнi. І я ў шэрым расшпiленым палiтоне падляцеў да агрэсiўных асiлкаў i нагадаў, што крыўдзiць меншых, слабейшых, адзiнокiх — малапачэсны й зусiм ня рыцарскi занятак. Большыя пагадзiлiся й прапанавалi забраць на доўгую памяць меншага. Яны сыйшлi, пасьмяяўшыся на разьвiтаньне i прадэманстраваўшы ў знак прымiрэньня выдатныя, буйныя, чыстыя зубы.
Мы ўтрох засталiся стаяць. І тут выратаваны чалавек дастаў з кiшэнi правую руку. На ёй зьзяў выдатны сталёвы кастэт з чатырохкантовымi шыпамi. «Дарма ўлезьлi, я б iм зараз морды паразрываў. Паглядзi, якая цацка! Адзiн раз шваркнеш, i на ўсё жыцьцё памятка будзе! А вы ня ў час прысунулiся». Мярзотны тварык зморшчыўся, хлопец чыхнуў.
Я з Уладзiмерам перамiргнуўся — пара сыходзiць. Вельмi разумная была думка — пацiху дыстанцыявацца ад уладальнiка халоднай зброi. Толькi сыйсьцi не пасьпелi, хлопец учапiўся ў маё рукаво й горача зашаптаў пра ўласную злосную жонку, у якой ёсьць прыхаваная пляшка гарэлкi. Хлопец паабяцаў, што калi зойдзем да яго ў госьцi, гарэлка абавязкова выставiцца са схованкi на пачастунак.
Жыў ён тут жа ж, на пляцы Перамогi, у доме з хлебнай крамаю. Мы ўзьнялiся на трэцi паверх. Хлопец пазванiў. За дзьвярыма пачулася асьцярожнае шапаценьне. Нехта зiрнуў у вочка i зацiх. Хлопец званiў яшчэ разы са тры. Пакуль за дзьвярыма ня ўсчалася лаянка, якую сыпала й сыпала нябачная гiстэрычка. Яна прапаноўвала як мага хутчэй сыйсьцi ад кватэры, iнакш выклiчацца мiлiцыя, i нам гарантавана затрыманьне i пятнаццаць сутак зьняволеньня. На яе лаянку хлопец адказаў такiм жа ж разьюшаным брэхам. Яны лямантавалi на ўвесь пад’езд, на ўвесь дом, на ўвесь пляц Перамогi над фашызмам. У мяне не ўзьнiкала й ценю сумненьня, што сварацца блiзкiя людзi. Родная кроў ёсьць родная кроў. Яна праявiцца, як нi хавайся за дзьвярыма.