Выбрать главу

Раптам брахуны сьцiхлi. І я так зьдзiвiўся цiшынi, што ня думаючы спытаўся: «Што ты за чалавек, калi цябе не пускаюць ва ўласную кватэру?» «Паўтары!» — запатрабаваў крыкун з кастэтам. А мне было пляваць на зброю, на ганарыстасьць i на гiстэрычку за дзьвярыма, таму пытаньне паўтарылася. У п’янога мужчыны сьмеласьцi поўныя закарвашы. Хлопец спакойненька прапанаваў пабiцца ў двары. Яму было наканавана пабiцца. І я дарма адстойваў маральнасьць каля аблушчаных таксафонаў. Каб ведаў, дзе ўпадзеш, дык падсьцялiў бы паралёну. А так — давялося выходзiць у начны двор i змагацца.

Уладзiмер спрабаваў нас мiрыць. Ён станавiўся памiж намi, але своечасова зразумеў: двое дурняў перамогуць аднаго разумнага. Уладзiмер адыйшоў у цемру й закурыў.

Няпушчаны дамоў паскуднiк прапанаваў ударыць яго па мордзе. Я ня з тых, каго падоўгу ўгаворваюць. Я шаснуў правай пад левае вока. Ён упаў. Ускочыў. Выхапiў кастэт. І пайшоў на мяне, нiбыта ня ведаў, што трупну ў пысу. Яму давялося зноў уставаць i пачынаць бойку. Толькi маё трываньне, мой добры настрой, мае чалавекалюбскiя намеры выветрылiся, як клубы тытунёвага дыму з альтанкi ў ветраны вечар. Я зьбiў паскуднiка з ног. Я прыцiснуў каленам да асфальту руку з кастэтам i кулаком растоўк азьвярэлы тварок. А потым устаў i пайшоў празь цiхi двор у бок парку культуры i адпачынку iмя Горкага.

«Мянты!» — дагнаў мяне Ўладзiмераў вокрык. Раптоўны страх шылам працяў нутро, нават сiнiя пялёсткi ледзь не абляцелi з таемнай вытатуяванай ружачкi. Разьвярнуўшыся на сто восемдзесят, я пабег. Ляцеў, ледзь кранаючыся зямлi, перамяшчаўся ў прасторы велiзарнымi скачкамi. Адно з прызямленьняў трапiлася якраз каля нерухомага цела. Я зачапiўся за паскуднiка. Упаў на рукi й садраў скуру з далоняў. Рукi трапiлi на вадасьцёкавы люк, а вось тварам я рэзнуўся аб высокую броўку. Нос развалiўся, разьлезся й размазаўся па твары, як печаны яблык. Давялося згрэбсьцi ў жменю тое, што было арыйскiм носам, i спытаць Уладзiмера, выплёўваючы кроў: «Што рабiць?» Той прытупнуў на адным месцы так, нiбыта да сьмерцi хацеў у прыбiральню. З захлёбiстых рэплiк вынiкала адно — трэба ўцякаць.

Зь цёмнага двара мы выскачылi на сьветлы пляц Перамогi ў другой сусьветнай вайне, прагарцавалi мiма газавай гарэлкi вечнага агню й пабеглi да таксовачнага прыпынку, дзе гула вялiкая чарга прагнаных з рэстарацыi веселуноў.

Тут сiлы й пакiнулi мяне. Душа вылецела зь цела. Яна зь цiкавасьцю назiрала, як я ў залiтым крывёю палiтоне пахiстваючыся падыйшоў да сьметнiцы й прысеў. Душа, пэўна, дзеля шкадобы вярнулася.

Жахлiва забалеў раскроены нос.

Падыйшла таксоўка. Уладзiмер у двух словах распавёў чарзе, што нас пабiлi бандыты, а цяпер за намi гонiцца мiлiцыя. Народ зразумеў. Народ у роўнай ступенi ня любiць i тых, хто парушае парадак, i тых, хто наводзiць. Таксоўшчык паставiўся да маёй разьбiтай морды са спачуваньнем i даў газэту «Зьвязда», каб кроў ня капала на сядзеньнi. «Мне ж яшчэ цэлую ноч катацца!» Яго можна зразумець.

Усiх можна зразумець.

І маю жонку варта зразумець, яна крычала й парывалася выклiкаць дактароў. Уладзiмера трэба зразумець, ён нават не заходзiў у кватэру й зьехаў дамоў на той самай таксоўцы, на якой прыехаў. Суседку таксама пажадана зразумець, старую пабiтую хваробамi й бяссоньнем, яна грукала ў сьцяну, маўляў, гадзiна ночы i паводзьце сябе прыстойна цi хоць бы цiха. Усё зразумела.

А я, дарэчы, паводзiў сябе цiха, мiрна. Памыў халоднай вадою галаву разам з тварам i разваленым носам. Потым як мог, так i зьляпiў пальцамi родны, гарачы, змучаны нос. Тое, што атрымалася, замазаў сьлiнаю з чорным мумiём, а наверх начапiў плястырную стужку.

Ламаньне носа запамiнаецца на ўсё астатняе жыцьцё.

Асаблiва помнiцца ранiца. Пахмельнага сындрому не было, галава не балела, не хiстала й пiва не хацелася. Было значна горш. Я памiраў ад жаху, бо набраў у галаву дурных думак. І адкуль толькi ўзялося перакананьне, што паскуднiк са сталёвым кастэтам здох. Што, б’ючы, не заўважыў, як забiў, як забраў жыцьцё ў чалавека. Чорныя ўяўленьнi абступiлi сьвядомасьць, як варожае войска, што закальцоўвае горад у аблогу. Я пацiху шалеў i звар’яцеў бы канчаткова, каб не затэлефанаваў мiлiцыянту Паўлу. «А, як хвост прыцiсьне, так да палiцыянтаў прыпаўзе!» Я згодны быў слухаць i горшае, каб толькi прасьвятлiць наступствы начнога здарэньня.