Менск. Жнiвень 1995 году
Наша Ніва
Цёмна. Нiякiх перашкод. Суцэльная пяшчота й цеплыня. Рух. Імпульсы. Штуршкi. Сьвятло жоўтае, мяккае, васковае. Такое сьвятло можна намаляваць алейнымi фарбамi на iльняным палатне. Так тады й пахла: iльняным палатном, печчу ды чыстацелам. У начоўках на сподзе ляжала мяккая, тоўстая, ружовая пялюшка. Над ёю курэла духмяная пара. Мяне загарнулi таксама ў пялюшку, але ў тоненькую, белую. Мяне купалi ў пялюшцы. Мацi Нiна й баба Ядзя лiлi з прыгаршчаў мне на грудзi ваду й прыгаворвалi: «А-цi-цi». Я адкрываў рот, дзе не было нiводнага зуба. Яны ўсьмiхалiся й казалi: «Ён сьмяецца. Яму добра. А-цi-цi...»
Ваду люблю моцна, як мацi, як дачку, як жыцьцё. Адным падабаецца лес з палахлiвай таемнасьцю, другiя адпачываюць душою толькi ў гарах, а я знаходжу спакой у назiраньнi за хвалямi, за бясконцымi пералiвамi ў вадзе. Я — чалавек вады. І з усiх чатырох стыхiяў не адмаўляю нiводнай. Вогнiшча зачароўвае, шум ветру лепшы за музыку, а зямля клiча ў бясконцыя вандроўкi. Але я — iстота неўраўнаважанай лiючайся вады. Памiж параю й лёдам плыве чалавечы час. І ня зьведаны першакрынiцы, i невядомыя сыходы. Навiдавоку адно плынi, вiры, вадаспады...
У зманлiвую, крынiчную, зеленкаватую рэчку Рудзiцу я, трохгадовы, i зайшоў з напаленага жнiвеньскiм сонцам пяшчанага пляжу. У ледзяной вадзе схапiў жывот. Скурчыўшыся, я выпаўз на бераг i лёг на траву. Каленi падцiснуў да падбародзьдзя, так крышку меней балела, торгала й рэзала ўсярэдзiне. Выпрастацца так i ня змог, сядзеў крукам у бацькi Чэся на руках, пакуль той подбегам нёс мяне ў местачковую больнiцу. У прахалодзе пустой палаты доктар Гладкi загадаў прамыць страўнiк i кiшэчнiк. Вада заходзiла ў вантробы й выходзiла зь iх, а мэдсястра зноў i зноў напампоўвала мяне нясмачнай, пустой, доктарскай вадою. Жывот адпусьцiла пасьля клiзмы. Прамытага, змэнчанага, вылекаванага мяне вывелi за больнiчную браму да бацькоў.
Выпадак на Рудзiцы хутка сплыў у нейкi цёмны куток памяцi, я зноўку лез купацца ў кожную лужыну, дзе вады было хоць крышку вышэй маiх парэпаных каленяў. Я плаваў у бурштынавай канаве Захаравага балота, у Дзягiлёнскiх крэйдавых кар’ерах, у той жа Рудзiцы й на Менскiм моры. Купальныя сэзоны ў першыя школьныя гады я адкрываў рана: або на Вялiкдзень, калi той прыпадаў на апошнюю нядзелю красавiка, або на сьвята працоўных — Першамай. Меўся й знаёмец, зь якiм нiчога не аб’ядноўвала, акрамя вясновых купаньняў. Звалi яго Кастусь. Мы ехалi на роварах на койданаўскае возера, што ляжала за больнiцаю, распраналiся дагала й з крыкам ускоквалi ў вогненна-ледзяную вадкасьць. Рукi й ногi сутаргава секлi ваду некалькi iмгненьняў. На пляж мы выляталi сiнiя, з шалёнай дрыготкаю ва ўсiм целе. Каб сагрэцца, лёталi па беразе з вар’яцкiмi гiгiканьнямi. Мы не саромелiся нi аголенасьцi, нi крыкаў, нi чужога вока. Мы належалi прыродзе цалкам. Нагойсаўшыся да поту й ружовых шчокаў, мы закусвалi прысмакамi са сьвяточнага стала: калi на Вялiкдзень, дык чырвонымi яйкамi, а на Першамай — паляндвiцаю з хлебам i цыбуляю. Рабацiнiсты Кастусь выпаў з майго жыцьця раптоўна. Памерла баба Ядзя, я перастаў езьдзiць у Койданава на сьвяты, i купальныя сэзоны пачыналiся ў iншых месцах i зь iншымi хлопцамi, а пазьней i зь дзяўчатамi.
Аднойчы вада ледзь не забрала маё жыцьцё. Здарылася тое ў мястэчку Раўбiчы, дзе цяпер стаiць спартовы комплекс з трамплiнамi для скачкоў на лыжах. Мне было пяць, я хадзiў у старэйшую групу дзiцячага садка, якi штолета вывозiлi ў Раўбiчы й сялiлi ў драўлянай аднапавярховай школе. Лета выпала дажджыстае. У старой школе было няўтульна й золка. Я нудзiўся, сумаваў i чакаў бацькоў. І яны прыехалi, бацька Чэсь у васiльковай футболцы й мацi Нiна ў квяцiстай сукенцы без рукавоў. Неўспадзеў выплыла з-за пухкiх аблокаў сонца, высокае й срабрыстае. Якраз пад такiм сонцам хадзiлi на раўбiцкае возера купацца. Толькi гэта зусiм ня тое возера, што сёньня ляжыць за спартовым комплексам. Тое азярцо было меншае. Яго, праўда, як толькi пачалася будоўля спартовых пляцовак, спусьцiлi тамтэйшыя сяляне. Улада забаранiла трымаць каровы, бо пашы пайшлi пад стадыёны. Мужчыны згаварылiся i ўночы пабурылi дамбу. Возера сышло. Паўстала поле, на якiм некалькi гадоў папасьвiлiся статкi, пакуль i яго не перабудавалi ў стрэльбiшча. Цяпер раўбiцкiя каровы ходзяць уздоўж новага вялiкага возера, абапал якога загараюць менскiя хлопцы зь дзяўчатамi.