Анатоль зрабiў паказальную справаздачу. Вы заплацiлi грошы, а я навучыў вашых сыноў плаваць, скакаць з вышкi. Напрыканцы паказальных выступаў тром асаблiва здатным навучэнцам трэнэр уручыў бясплатныя пропускi ў Палац. З таго дня пачалося маё кароткае жыцьцё сапраўднага спартоўца. Я наведваў басэйн ажно чатыры разы на тыдзень, а на вакацыях — кожны дзень. Трэнэр выхоўваў зь мяне брасiста i, можа, выхаваў бы, але бацька Чэсь атрымаў ордэр на новую кватэру. Сям’я перабралася ў iншы раён, да Кальварыйскiх могiлак, за тым часам — край Менску. Езьдзiць у Палац стала нязручна: гадзiна туды — гадзiна назад. Бывала, я засынаў у тралейбусе, i кiроўца будзiў мяне на канцавым прыпынку. Брасiстам ня стаў, але ў сваё задавальненьне разы два на тыдзень праплываю кiлямэтар выключна па-жабiнаму — звычка.
Пад вадою мне падабаецца плыць брасам. Цiха рухацца каля самага дна. Толькi на глыбiню нават трох-чатырохмэтровую я не заплываю. Узрост i пол. Жанчыны ўтрая больш прыдатныя для плаваньня на глыбiнi, а мужчыны добра нырцуюць толькi ў маладосьцi. Я сваё адныраў напоўнiцу. У школе я быў дробны, стаяў у клясе трэцiм-чацьвертым з канца. І таму ня дзiўна, што, седзячы на хвалярэзе ў горадзе Сочы, змог падбiць дарослага мужчыну на небясьпечную спрэчку. Той мужчына быў цынiкам i садыстам. Ён прыйшоў на хвалярэз, дзе загаралi мае аднагодкi, i прапанаваў гульню. Ён кiдаў у ваду манэтку й лiчыў да кошту манэткi, а мы скакалi ў мора, пачуўшы апошнюю лiчбу. Такiм чынам ён давёў гульню да жалезнага рубля, якi, вядома ж, лёг на дно. Глыбiня была мэтраў дванаццаць. Я лёгка даплыў да ёдыста-зеленкаватых, парослых водарасьцямi камянёў, але рубля не знайшоў. Давялося ныраць разоў зь пяць, пакуль адшукалася манэта з добрым мечаносцам, якi трымаў на руках выратаваную нямецкую дзяўчынку.
Мужчына пашкадаваў грошы, але й адбiраць рубель на людным пляжы не наважваўся. Ён лёгка пагадзiўся на маю прапанову: ён дастае са дна камень, а я неадкладна вяртаю грошы. Садыст нырнуў i прапаў. Я не на жарт перапужаўся. А калi хлопцы былi гатовыя клiкаць на дапамогу, маўляў, чалавек патануў, ён вынырнуў на паверхню. Лепей бы патануў, падумалася мне, калi над вадою ўзьняўся белы, перакрыўлены пакутаю твар з чырвонымi рагамi крывi, якая цякла з вушэй i носа. Спрэчку я выйграў, нiякага каменя мужчына не падняў. Грошы засталiся ў мяне. Днi тры давялося пахадзiць на iншы пляж, але гэта неiстотна. Проста зерне парады, дадзенай трэнэрам пры выпадковай сустрэчы, — што ня варта пасьля дваццацi гадоў глыбока занырваць — упала не на камень. Варта згадаць акрываўлены твар кiдальнiка манэтак, i жаданьне быць падводнiкам зьнiкае. Хоць ныраецца мне лёгка й дагэтуль.
Здатнасьцямi нырца я аднойчы зьдзiвiў настаўнiцу фiзкультуры маёй чарговай дзявятай школы. Здавалiся нарматывы ГПА (гатовы да працы й абароны). Я з хлопцамi скокнуў у басэйн пэдагагiчнага iнстытуту, каб праплыць адвольным стылем стомэтроўку. У аднаклясьнiка Мiхася зьляцелi плаўкi. Пакуль той ачомаўся, плаўкi леглi на дно. Мiхась сядзеў у кутку басэйна й плакаў. Настаўнiца ня ведала, што рабiць. Бо Мiхасёвы плаўкi ляжалi пад дзесяцiмэтровай вышкаю на такой самай глыбiнi. Бязь лiшнiх тлумачэньняў я дастаў плаўкi. Настаўнiца Люцыянаўна (Рэвалюцыя Янаўна) узрадавалася больш за Мiхася й прапанавала выступiць за зборную школы. За гонар школы я гуляў у баскетбол, у валейбол, у настольны тэнiс, нават бегаў на доўгiя дыстанцыi, адзiнае, чаго не ўдалося — гэта праплыць на хоць бы якiх дробных спаборнiцтвах, каб замацаваць свой трэцi, а можа й другi юнацкi разрад у плаваньнi. Зрэшты, не бяда. Ну няма пасьведчаньня пра ўменьне трымацца на паверхнi, затое ёсьць шмат iншых.
Чалавека мераюць па-рознаму. Можна паглядзець у пашпарт, пагартаць дыплёмы й атэстаты, вывучыць працоўную кнiжку, даведацца пра рахункi ў банку й пра здатнасьць зарабляць, а тым самым памераць яго грашыма. Яшчэ можна замераць чалавечую здатнасьць страўляць ежу й выпiваць пэўную колькасьць алькагольных напояў. І ў дадатак паразважаць пра жывую й мёртвую ваду. Маўляў, алькагольны напой — жывы, пакiнь у адкаркаваным посудзе — ён вычхаецца й загiне, памрэ, стане мёртвы. А вось крынiчная вада доўга стаiць у срэбным келiху, бо нежывая. А можна ўсё перавярнуць i назваць крынiчную ваду жывою, а гарэлку — мёртвай. Асабiста мне даспадобы апошнi варыянт. Самая жывая вада стаiць у шклянцы на начным столiку, каля ложка. Прачынаешся, п’еш жывую ваду й засынаеш, ведаючы — сон жахаў не паўторыцца. Чалавека трэба мераць вадою й ягонымi здатнасьцямi плыць. Неiстотна, якiм стылем ён плыве, галоўнае — сам рух у магме жыватворнай субстанцыi. Раней, у дваццаць сем, я хацеў, каб пасьля маёй крэмацыi попел разьвеялi на радзiме, за мястэчкам Койданава, дзе-небудзь у лесе. А цяпер бачыцца iншае. Хай жменька праху будзе перасыпана ў драўляную талерку й паплыве па хвалях ручая, якi застаўся ад ушчэнт змэлiяраванай, абмялелай беларускай рэчкi Рудзiцы. Хай маё плаваньне працягнецца на два iмгненьнi пасьля сьмерцi. Зямля да зямлi, прах да праху, а мая душа iмкнецца да вады.