Плынь часу гаючая, як вада з уласнага калодзежа. «Вось надумаўся капаць новы калодзеж на старасьцi гадоў, — казаў дзед Валодзя, — здаецца, да суседняга два крокi ступiць. Нiхто ня супраць, каб мы ў Кумагэраў ваду бралi. Толькi суседавы настроi зьмяняюцца, як надвор’е... Вось я ўсё жыцьцё меў свой калодзеж. Вянкi старога зруба згнiвалi, я побач капаў новы. А цяперака куплю бятонныя колы, пастаўлю вечны калодзеж, i мне да апошняга дня вада будзе, i людзям застанецца. Памiраць зьбiрайся, а жыта сей. Вось я вапну купiў, ажно дзьве машыны, а дом цагляны не паставiў, саветы не далi, не пэрспэктыўная нашая вёска Варакомшчына. Вапна ляжыць у зямлi, за старым калодзежам мэтры тры ўздоўж плоту адмерай i капай. Праз нашую вапну столькi дажджоў прайшло, што яна стала як масла, нажом рэж i на хлеб маж. Можна такi тынк зрабiць, што ня трэсьне й сто гадоў прастаiць. Пра сто гадоў я жартам сказаў. Але вапна добрая. Як нашу нiву вернеш, як поле, рэчку, лес сабе забярэш i пачнеш у сваiм садзе дом ставiць, тады й адкапаеш дзедаў скарб».
Зямлi я не вярнуў, дому не паставiў i вапны не адкапаў. Усяму свой тэрмiн надыходзiць. Напэўна, не прыйшоў час дом будаваць i кроквы ўздымаць вышэй за суседавы. А таму дажджы ўсё яшчэ гасяць нашую вапну. Ня спраўдзiлiся спадзяваньнi дзеда Валодзi, не рэалiзавалiся мае ўласныя праекты.
Усю маладосьць я празаймаўся жывапiсам i маляваньнем, прашукаў iдэалаў у краявiдах i не знайшоў. Цi то занадта зялёнымi былi дрэвы, цi вельмi ярка сьвяцiла сонца, цi вада ў возеры недастаткова сiняй здавалася. Я штодня намочваў аркуш паперы, налеплiваў яго на кавалак тоўстага шкла й маляваў пяром з тушшу дый пэндзлем з акварэльлю. Калi малюнак не задавальняў, я змываў яго губкай i пачынаў наноў. Стосы малюнкаў расьлi, а iдэал аддаляўся ў асмужаную невядомасьць. Я маляваў рэчы, целы, дзiркi памiж рэчамi й целамi, я ўрэшце пачаў маляваць амаль дасканалыя геамэтрычныя фiгуры, якiя прайшлi празь вялiкае нiшто, склалiся ў лiтары й пацяклi — радок за радком. Я стаў лiтаратарам. Аднойчы, калi i ў галаве не было шукаць iдэальны краявiд, ён знайшоўся сам сабою. Я сядзеў на беразе Менскага вадасховiшча й пiў вiнаграднае вiно з рыльца доўгай францускай бутэлькi. Пiў вiно й глядзеў на роўную плоскасьць вады й стужку лесу за вадою. На бяздумнае неба я пазiраў разьняволеным вокам падвыпiўтага адпачыньнiка. Алькаголь скончыўся. Вiно мае прыкрую завядзёнку сканчацца. Толькi пачынаеш адчуваць сонечны смак вiнаграду, а яно сканчаецца. Я ўзяў бутэльку за рыльца й зашпурнуў у краявiд. Яна ўпала, пусьцiла кругi й стала ў вадзе. Я сядзеў на каменi, пазiраў на сумны ляндшафт i разумеў, што дарэмна шукаў карцiннасьцi ў прыродзе. Гармонiя тоiцца ў суадносiнах памiж табою й навакольлем. Калi знаходзiцца раўнавага, ты робiшся шчасьлiвы i выгляд вадасховiшча выклiкае радасьць. Ня варта сьмяяцца з парожняй бутэлькi. Чалавек — пусты мяшэчак з-пад радасьцяў i пакут.
Да плаваньня я займаўся фiгурным катаньнем. Быў адзiным хлопчыкам сярод адзiнаццацi дзяўчынак. Мацi Нiна падарыла мне чорныя канькi. Дзяўчаты мелi белыя. І калi на адзiн бок Батанiчнага саду стаяў басэйн, дык на другi бок ляжаў каток. Я мог зрабiць «ластаўку» й «пiсталецiк», мог вельмi хутка езьдзiць i ўзад, i ўперад. Але ня мог аднаго: палюбiць лёд. Ня стаў я любiмым вучнем у царстве вечнай нерухомай прыгажосьцi, дзе пануе Сьнежная Каралева й стаiць ледзяное японскае пекла. Я зь дзяцiнства быў чалавекам вады. Зразумела, лёд родны вадзе, i з кожнага басэйну можна зрабiць каток. Я доўга разганяўся на каньках, каб ускочыць у басэйн. І ўскочыў, i паплыў, i плыву дагэтуль. Прыходжу ў басэйн заводу «Далягляд», распранаюся, падаю ў блакiтную прахалоду й плыву ў плойму сонечных блiцаў. Выбiраю днi й гадзiны, калi найменш людзей. Люблю плаваць пасярэдзiне басэйну. Але не прымаю знарочыстай раскошы. Бо зьнiкае эратычны момант выпадковага флiрту, знаёмства, кантакту. Займацца каханьнем у басэйне нязручна. Вопыт паказвае, што плаваньне — занятак самотных асобаў.
Аднаго разу я праплаваў зь любiмай дзяўчынаю Тамараю больш за дзьве гадзiны ў халодным возеры на Браслаўшчыне. І ўрэшце мы прытулiлiся адно да аднаго, каб сагрэцца, на астатняе не ставала сiлы.
Вада змывае стому, але забiрае жаданьнi. У тых самых Раўбiчах, дзе ледзь не разьвiтаўся з жыцьцём, будучы ўжо студэнтам, я лавiў ракаў. З аднакурсьнiкам Алесем лазiў пад карчы i выцягваў з-пад карэньня гаспадароў рэчкi. Налавiлася ракаў, можа, з паўвядра. Расклалася вогнiшча, выпiлася па бутэльцы чорнапарэчкавага вiна. Мы заснулi. Варыць ракаў не было сiлы. Вада забрала моц, натуральна.