Выбрать главу

Я тут згадваю менскiх габрэяў, а сьвет ведае вiцебскiх. На жаль, я толькi адзiн раз у жыцьцi наведаў Вiцебск — горад легендарных мадэрнiстаў Казiмiра Малевiча й Марка Шагала. Каля дамка, дзе жыў Шагал, я зрабiў фотаздымак — «шагаю» каля дому Шагала. Здымак атрымаўся кепскай якасьцi, маленькi, крыва абрэзаны й мутны. Але я вырашыў паказаць яго мастаку Хаiму Лiўшыцу. Я пераняў Лiўшыца ў iнстытуцкiм калiдоры й сказаў: «Хаiм Майсеевiч, вось здымак». «Так, здымак», — паўтарыў Лiўшыц. «Я вось тут «шагаю»!» «Кепска вiдаць, але я бачу, што нехта «шагае»». «Гэта я «шагаю» каля дому Марка Шагала». «Знайшлi, Валодзя, чым зьдзiвiць. Я па гэтай вулiцы яшчэ смаркатым хлопчыкам бегаў. І Вы думаеце, я не пазнаю дому Шагала?» Адрас шагалаўскага дому я даведаўся ў краязнаўчым музэi, але хацелася спраўдзiць яго i ў Лiўшыца. Спраўдзiў. Ня ведаю, наколькi дакладна я буду трактаваць адзiн з законаў юдаiзму, але мне яго пераказалi так: «На правiльнае пытаньне ты атрымаеш дакладны адказ». Выдатны закон. І ўсе нармальныя людзi мусяць яму падпарадкоўвацца. І ня трэба баяцца. Людзей, якiя могуць задаць правiльнае пытаньне, у Менску вельмi мала, як i людзей, што любяць сьпяваць.

Бора Сiманоўскi не любiў сьпяваць. Сапраўды, ня любiць чалавек сьпяваць, i хай сабе не сьпявае. Правiльна? Толькi Бора маўчаў на ўроку сьпеваў у сёмай клясе. Сiвы настаўнiк мучыў акардэон, а Сiманоўскi сядзеў з закрытым ротам i глядзеў у столь. Каб Борка адкрываў рот, бойкi не адбылося б. А так настаўнiк грымнуў iнструмэнт на стол, падышоў да Сiманоўскага й закрычаў на ўсю сярэднюю школу, каб той вымятаўся з клясы. «Не пайду!» Настаўнiк паспрабаваў выцягнуць Сiманоўскага, але той учапiўся за парту, раскiрэчыўся, угнуў галаву. Тады настаўнiк сьпеваў... Ну, каб настаўнiк працы, фiзкультуры цi гiсторыi пачаў бiць вучня кулакамi па мордзе й галаве, усе б маўчалi. А так — настаўнiк сьпеваў! У клясе выбухнула гiстэрыка. «Жыды б’юцца! Жыды б’юцца!» — крычала на сорак галасоў мiкрараёнскае школьнiцтва. Дзядзька настаўнiк перамог, выкiнуў Барыса Сiманоўскага на калiдор, вярнуўся й зайграў «Марсэльезу». Самае дзiўнае, што настаўнiк не паскардзiўся на вучня, а той пачаў старанна раскрываць рот — нiбыта сьпявае.

Калi табе маркотна, дапамагаюць i згадкi пра жанчын. Я згадваю й габрэйскiх жанчын — такiх, як Голда Робэрман. Успамiнаю, як я ляжаў у ложку з голай Голдаю. На вулiцы панавала пекла. Мы ўжо не кахалi адно аднаго. Так, выпадкова сустрэўшыся ў Маскве, схадзiлi ў кавярню й зьлюбiлiся пасярод дня. Дзiўна, калi мы закахалiся, дык гулялi ночы навылёт, гаварылi, цалавалiся, а цяпер будзёна спатолiлi полавыя памкненьнi й адпачывалi на скамечаных прасьцiнах. «Дай слова, што нiкому не раскажаш», — прашаптала Голда. «Пра тое, што мы любiлiся?» «Не.» «Даю!» «Я цяпер ня Голда Лейбаўна, а Галiна Львоўна. І прозьвiшча ў мяне Страчанкова, а не Робэрман». «Замуж выйшла?» «Не. Проста Масква ня Менск, тут лепш назвацца Страчанковай». Наступная сустрэча з Голдаю адбылася празь некалькi гадоў, яна выйшла замуж, нарадзiла дачку i ўзяла мужава прозьвiшча, а якое, не скажу. Адно, што зноў рускае.

Пра беларускiх габрэяў у Маскве можна ўспамiнаць бясконца, але раскажу яшчэ й пра Лаўфманаў. Сям’я Лаўфманаў кантралявала гандаль у гарадку Мсьцiславе. «Кантралявала» — гэта з сучаснай лексыкi, але дакладна. Лаўфману-старэйшаму падпарадкоўвалiся розныя базы й склады. Мы сутыкнулiся зь iм у досыць складанай па савецкiм часе праблеме. У сутарэньнях кармэлiцкага касьцёлу падначаленая Лаўфману гароднiнавая база салiла й захоўвала агуркi. Соль ела касьцельныя сьцены. Лаўфман выслухаў нас — рэстаўратараў — i бочкi з агуркамi прыбраў. Сярод нас знайшлiся ўдзячныя людзi, аматары iдышу й старажытнагабрэйскiх песень. Яны напрасiлiся да гандляра ў госьцi. Самае цiкавае, што я пачуў пасьля тых гасьцей, былi ня песьнi, хоць i яны мелi неабвержную каштоўнасьць. Уразiла апiсаньне Лаўфмана-наймалодшага. Калi прыйшлi госьцi, ён ужо сядзеў за сталом. Маленькi Лаўфман-Вэльзэвул узвышаўся над пачастункамi на адмысловым крэсьле. Гадоў ён меў восем-дзевяць. Рот быў шырокi, з рэдзенькiмi зубкамi. У правай руцэ сьцiскалася сьвежая, тлустая, сакаўная катлета, а ў левай трымалася мухабойка. «Наш меншанькi, самы разумны, — з захапленьнем распавяла жонка Лаўфмана-найстарэйшага. — Наш унучак вучыцца ў Маскве. Уяўляеце?! У самой Маскве. І дзякуючы яму, нашаму разумнiку-прыгажуну, сын атрымаў кватэру, i не на ўскрайку, а ў цэнтры. У цэнтры Масквы, во! Гэта ўсё зьнешнасьць i розум. Па зьнешнасьцi ён выглядае на поўнага iдыёта. Вось мы яго й завялi ў школу для разумовых iнвалiдаў i навучылi, як сябе паводзiць. Ён паўгоду iграў ролю крэтына. Сыну далi спачатку даведку пра хваробу майго ўнука, а пазьней i кватэру. А зараз ён ходзiць у элiтную маскоўскую школу, што спэцыялiзуецца на ангельскай мове. Пакажы, пакажы iм, як выглядае маскоўскi дурань!» Маленькi Лаўфман сьцiснуў катлету так, што тлушч пацёк па пальцах вундэркiнда, i ляснуў мухабойкаю па стале. Каб пераканаць гледачоў канчаткова, ён пусьцiў з носа соплi, а з рота сьлiну... Нават аповед пра катлету з мухабойкаю мяне ўразiў, а каб глянуць на малалетняга Вэльзэвула — Уладара мухаў?