Выбрать главу

АЛЕСЬ КРЫГА

Раздзел першы

Рыбацкі пасёлак ахінула марозная смуга. Нібы блакітная заслона, яна ўзнімалася высока ўгору, дзе ледзь прыкметна свяціліся зоркі, звычайна яркія і буйныя ў палярных шыротах, а цяпер прывідныя і бляклыя, як і дрогкае зарыва па-над берагам.

Непадалёк ад суднаў, што сышліся на рэйдзе, ляжала белая прастора, на якой сям-там дыбіліся таросы. Лядовыя палі не набліжаліся да берага і не адступалі к поўначы, бо які ўжо дзень не было ветру. Як вартавыя, таросы заступілі шлях каравану, паступова адціснулі судны ў вялікую бухту.

Ахрэм Забалотны, боцман з «Хуткага», нязлосна памянуў чорта. «Хуткі» стаяў амаль апошнім у караване, і таму да прычала, куды павінны былі адвозіць муку, нават і на катэры — шлях няблізкі.

Але ж не гэта хвалявала Забалотнага. Непакоіла, што судны трапілі ў лядовую пастку. Хто яго ведае, калі караван зноў рушыць наперад. Мо яшчэ прыйдзецца і зазімаваць у гэтай незнаёмай бухце? Ці мала было такіх выпадкаў? А пайшоў Забалотны ў рэйс па сваёй асабістай дурноце. Неспадзявана атрымаў ліст ад былой жонкі і, як неразумны хлапчук, кінуў усё: спісаўся са свайго рыбалоўнага траўлера, на якім рабіў апошнія дзесяць гадоў, на гэты выратавальнік «Хуткі», дзе і зарплата небагатая, і экіпаж незнаёмы. Можа, і не спісаўся б так тэрмінова, але «Хуткі» быў адзіным суднам, якое ішло з Курылаў да Мурманска, адкуль прыслала пісьмо былая жонка. 3 горада, дзе ён некалі маладым ваяваў, а пасля дэмабілізацыі горача і апантана пакахаў дзяўчыну…

«А ці варта вяртацца туды, дзе перажыта столькі гаротнага і цяжкага, што ўдосталь хапіла б і на некалькі чалавек?» — падумаў Забалотны.

Ён ведаў, што крывіць душой, бо часта ўспамінаў Алену, і яна ўяўлялася яму такой жа прыгожай, як і трыццаць гадоў таму назад. У такія імгненні ў ягонай душы ўспыхвала рэўнасць. Да людзей, якія робяць разам з ёй, да таго ж самага Мурманска, дзе яна жыве. І толькі калі «Хуткі» ўвайшоў у палярныя воды, Ахрэм трохі супакоіўся.

Яму, боцману, спраў у моры хапала. I ён быў рады нялёгкай працы. Але непрадбачаная замінка ў дарозе зноў навеяла ўспаміны. Ахрэм думаў пра сваю былую жонку так, быццам яны толькі-толькі развіталіся. І гэтая думка была для яго невыносная.

Злавала і тое, што капітан судна, — звычайна мяккі і памяркоўны мужчына — на гэты раз забараніў сыходзіць на бераг. Ахрэм, хоць і быў гадоў на дзесяць старэйшым за капітана, пярэчыць не стаў. Падумаў, што той патроху адыдзе сам і ўсё паступова ўтрасецца. Але ішлі ўжо трэція суткі, як караван кінуў якар у бухце, і нічога не зьмянілася.

Ахрэм стаяў у хадавой рубцы і машынальна круціў штурвальнае кола. Гэта быў ужо чацвёрты рэйс за дзень. Пэўна, апошні. Засталося здаць на склад яшчэ колькі мукі і чакаць, пакуль падыдуць ледаколы.

Прывучаны беспярэчна выконваць загады, Забалотны не мог без дазволу схадзіць у пасёлак. Ведама, не надта хітрая справа знайсці гадзіну-другую, каб павітаць бераг, на якім будынін менш, чым на судне матросаў, але міналі дні, а ў пасёлак з дзіўнай для гэтых мясцін назвай — Сонечны — ён так і не схадзіў, хоць ужо некалькі разоў швартаваўся на катэры да прычала, каб здаць у партовы склад муку.

У рубцы было холадна. Ахрэм адчуў, як здранцвела цела, яго працінаюць агідныя дрыжыкі, нібы ў час аварыі. Хацелася хутчэй трапіць у склад, здаць муку, трохі павыскаляцца з жанчынамі — адагрэць душу.

Яшчэ ў першым рэйсе Ахрэм нагледзеў не маладую, але прывабную жанчыну. Спытаў у хлопцаў імя — Васіліна. Нічога асаблівага ў гэтай жанчыне ее было: трохі рабаватая, шыракаскулая, на лобе — танюсенькія маршчынкі, а скроні, як снегам, пасыпаныя першай сівізной. Але вочы былі маладыя — вялікія і шэрыя, нібы ў сонечны дзень мора. У іх, гэтых звычайных, але дзіўна выразных вачах адбівалася разам і стома, і радасць, і несхаванае жаданне падабацца. Гаварыла Васіліна напеўна, не спяшаючыся, быццам спявала нейкую пяшчотную і трохі самотную песню. Такія вочы і такі голас — Ахрэм аж уздрыгнуў — былі і ў Алены.

Цяпер Забалотны злаваў на сябе, што наняўся ў гэты рэйс. I чым бліжэй катэр падыходзіў да берага, тым мацней разгаралася пачуццё незадаволенасці. Гэтае пачуццё яшчэ больш узмацнілася, калі ў рубку завітаў Максім Хвалей, зусім яшчэ малады матрос, што, як жартавалі хлопцы, прышкандыбаў на флот, каб напоўніць «трал». Наогул Максім быў неблагі матрос — вясёлы, кампанейскі,— але Ахрэма злавалі ягоныя дагледжаныя вусікі: чарнявыя і тонкія. Такія вусікі некалі былі і ў Аленінага палюбоўніка…

«Дзіўна,— раптам падумаў Ахрэм,— ідзе час, а душа не супакойваецца. Ну вусікі як вусікі. Ды і не было тады яшчэ Максіма на свеце. Прыехаў хлопец зарабіць, дык хай сабе зарабляе…»