А я так лічу: усе старыя, усе пенсіянеры павінны ездзіць стоячы! Так і толькі так. Зразумейце мяне, будучага спецыяліста з вышэйшай адукацыяй. Бо калі сядзіш, што ўбачыш? Нічога. Шыш. Пшык. А вам, старым, трэба выкарыстоўваць кожную хвіліну, каб жыццём надыхацца, каб больш паспець убачыць, каб больш ухапіць у гэтым жыцці. А калі стаіш, калі за поручань трымаешся, то можна яшчэ і шыю выцягнуць... каб убачыць, што недзе за акном тралейбуса віруе жыццё: хтосьці камусьці дае па карку, недзе спіць на лаўцы п’яны, а побач стаіць яго напарнік з працягнутай рукой і просіць грошай на аперацыю сыну, якога не бачыў і ў вочы, а зараз вунь праехалі паркан, за якім нешта будуюць вельмі даўно... Ці не тое, што абяцалі? Ці не камунізьм? Даруйце, трэба вымаўляць без мяккага знака, так-так. А каб сядзелі, то ўбачылі б вы толькі пліты, якімі загароджана будоўля.Так што далей можна ўбачыць усё, шаноўныя выкапні, толькі стоячы. Стойце і не кірхайце. А то праедзеце тое, што будавалі.
А вунь, паглядзіце, навастрыце зрок: маладыя абдымаюцца. Цалуюцца? Усяго?! Гэтым сёння, відаць, і вас, выкапняў старых, не здзівіш. Але калі будзеце больш стаяць у грамадскім транспарце, паверце мне, і секс убачыце... гарантую... праз акно тралейбуса. Што, што вы гаворыце – навошта ў акно глядзець, калі ўсё гэта ёсць тут, у салоне? Дзе, дзе? Пакажыце! Пакуль сам не гляну на свае вочы – не паверу. На заднім сядзенні, кажаце? Га-а, ідэя: вось іх, дзядуля , і праганіце! Гляньце вы на іх – разлягліся, і праўда, столькі месца займаюць, а старыя стаяць! Ну, блін, даюць! Хаця пачакайце: калі б яны, старыя, сядзелі, ніколі б не ўбачылі, што адбываецца за іхнім каўняром.
Так што ездзіце, насамрэч, стоячы,старыя! Больш убачыце!
БУЛАЧКА
Муж вярнуўся дадому пасля палучкі. З бутэлькай гарэлкі. Жонка ў яго зусім не п’е, нават не прыгубляе. На стале была добрая вячэра: катлеты, салат, селядзец... Муж напоўніў шклянку – як не да беражкоў – і залпам апаражніў яе, а закусваць не стаў. Нават не дакрануўся да ежы.
– Ты ж закусвай, закусвай, – мітусілася перад мужам жонка. – Я ж старался, гатавала. Вось катлеты... Вось селядзец...
Муж пахваліў жонку, зноў напоўніў шклянку, зноў выпіў, крактануў, а да стравы нават не дакрануўся.
Жонка зноў паказала рукой на катлеты, на салат, на селядзец...
Муж выліў у шклянку ўсё, што заставалася ў бутэльцы.
– Хоць булачкай закусі, – жонка падсунула булачку бліжэй да яго.
Муж адламіў кавалачак булачкі, пасля таго, як дапіў гарэлку, праглынуў яго. І... пасунуўся на падлогу з табурэта. Але паспеў папракнуць жонку:
– Бачыш, што твая булачка нарабіла?!
МОДНІЦА
Кім працуе ў нас Пятроўна? Ніколі не здагадаецеся. Ніколі. Паглядзіце на яе, падзівіцеся – апранаецца заўсёды з шыкам, з іголачкі, нават, відаць, і дырэктрыса Сцяпанаўна зайдросціць ёй. Модніца! А чаму і не? Я ж і кажу, усё на Пятроўне блішчыць і ззяе, а перапранаецца яна, мусіць жа, па некалькі разоў на дні. І дзе толькі грошы бярэ, спытаць бы? Хто спансуе? Быццам бы і палюбоўніка не мае. А бярэ ж недзе! Венікам іх не намяцеш асабліва, швабрай не швабрыш. Цяпер, спадзяюся, вы здагадаліся, што Пятроўна – прыбіральшчыца. Самая звычайная, самая радавая. Хоць, пэўна ж, і не: за ёй замацаваны і кабінет дырэктрысы, што не кожнаму давераць.
Аднаго разу Пятроўна зрабіла, як заўсёды старанна, уборку ў кабінеце дырэктрысы і прыхарошваецца сабе перад люстэркам. А тут нехта нясмела паляпаў у дзверы.
– Заходзьце, калі ласка!– ветліва запрасіла Пятроўна.
У кабінет прасунуў галаву нечым усхваляваны малады рабочы Аленчык. Спярша здзівіўся, што дырэктрыса так рана і сапраўды прыходзіць на працу, хлопцы не хлусілі, затым адразу ж ціха, нясмела сказаў:
– Мне на тры дні... трэба... ага... адлучыцца. Па сямейных справах. Адпусціце?
Пятроўна ўважліва паглядзела на Аленчыка, паціснула плячыма і са спачуваннем прамовіла:
– Калі трэба... то трэба... што ж... асабіста я не супраць. Бываюць жа сітуацыі, калі неабходна... так-так... я разумею.
– Бываюць,– пагадзіўся Аленчык, падзякаваў за паразуменне і дабрыню... дырэктрысе і, адвесіўшы паклон, знік за дзвярыма. А потым і за прахадной фабрыкі. На тры дні. Як і дазволіла яму прыбіральшчыца Пятроўна.