Праз тры дні за прагулы Аленчык атрымаў першую ў сваім жыцці вымову, але з апошнім папярэджваннем, а Пятроўну прымусілі апранаць на рабоце халат і параілі прыхарошвацца перад люстэркам дома – каб ніхто не прымаў яе больш за Сцяпанаўну.
І, вядома ж, паўшчувала Пятроўну сама ... дырэктрыса: ведай сваё месца, модніца!
ПРЫЕХАЛІ МІЛІЦЫЯНЕРЫ
Сонька заявіла ў райаддзел міліцыі, што яе мужа Сямёна напаіла бабка Маруся – так аддзячыла яна, маўляў, за тое, што ён разагнаў некалькі барознаў бульбы. Прасіла прыняць меры, бо муж зусім співаецца. Прыехалі міліцыянеры, пытаюць у бабкі Марусі:
– Самагон ёсць? Толькі чэсна!
– Дык... яно ж... ага ,– разгубілася старая.
– Даставай сама, а то будзем шукаць!
Бабка Маруся паставіла на стол пачаты трохлітровы слоік.
– І гэта ўся, – сказала.
– Паверым. Ну, а цяпер давай апарат.
– Дык... я ж, дзетухны, сама ўжо не адужу, дык... ага... суседа Цімку папрасіла, каб і для мяне, калі сам гнаў, заадно выціснуў. Ён часта выручае.
Міліцыянеры пайшлі да Цімкі. Той таксама не паспеў апрыходваць самагон – выставіў і ён усе банкі-шклянкі. І яшчэ апарат.
– Эх, людзі! – лаяўся Цімка. – Ведаю, ведаю, хто мяне залажыў. А больш і няма каму, як Лявону: дражджэй яму не пазычыў, дык цяпер во помсціць, паразіт! Ён, таварышы міліцыянеры, шапну я вам, так і быць, учора п’яны быў, сам бачыў. Дзе ўзяў? Пытанне законнае, бо ў краме нічога выпіць няма – пасяўная. Га?
У Лявона міліцыянеры забралі апарат і ўвесь самагон.
– Каб знаў, што такая штукенцыя атрымаецца, і сёння б напіўся, – гаротна ўздыхнуў Лявон. – А гэты Пахом, мушу вам сказаць, гнілы чалавек, ён адзін толькі ведаў, што я гнаў самагон. І данёс, га? У мяне з ім свае рахункі. Даўнія. Нічога, нічога, разбярэмся. Дык вось, таварышы міліцыянеры, мушу сказаць вам: учора Пахом паўдня ваду насіў – бы ў лазню, а тае ў яго няма. Што гэта значыць?
У Пахома ў вялікай бочцы стаяла брага – літраў 200, не менш.
– Брагу выліць, а бочку разламаць! – загадаў старшы з міліцыянераў.
– Э-э, не-не, бочку не ламайце! – узмаліўся Пахом. – Мяне ж тады ўсёй вёскай павесяць. Раздзяруць! А як жа! Калі якая ў каго вялікая гулянка намячаецца, то яе, бочку, і бяруць у арэнду ў Кандрата – за літру першаку. Так што, таварышы міліцыянеры, зразумейце мяне: што хочаце рабіце, любы штраф вытрымаю-перажыву, а ёмістасць гэтую нярушце...
Бочку міліцыянеры пакінулі, пашкадавалі – усё ж рэч добрая, дзе цяпер такую знойдзеш, а штраф далі ўсім.
– Во нарабіла дзялоў наша Сонька! – круцілі галовамі вяскоўцы, уздыхалі, ахалі-охалі, аднак у вочы той не выказваліся: ёй і так гора, калі муж п’яніца.
ІГНАТ ЗАСТАЕЦЦА!
Перасялілі жыхароў вёскі пасля чарнобыльскай аварыі. Жывуць-абжываюцца людзі на новым месцы, не адразу і пра Ігната ўспомнілі: а дзе ж ён і сапраўды, старэча, згубіўся, нешта не відаць? Кінуліся туды-сюды – няма. Старшыня калгаса і парторг вяртаюцца назад у вёску, заходзяць у Ігнатаву хату, а дзед, як ні ў чым, сядзіць за сталом у дружным акружэнні поўных і парожэніх бутэлек, жалобную песню спявае. Сам жа на добрым падпітку. Глядзіць ён асалавелымі вачыма на прыехаўшае начальства, непаслухмяным пальцам паграджае:
– За мной прыехалі, значыць? Не, не паеду. І не ўпрошвайце. Тут нарадзіўся, тут і загавею. Ды і хіба ж я дурань які ? Мне і тут добра, яй-бо. Курорт! А цяпер, я ж ведаю, куды землякі самагонку пахавалі, то мне піць-папіваць яе хопіць да канца свайго жыцця. Вяртайцеся. Ігнат застаецца!
Праз тыдзень за Ігнатам зноў прыехалі – на гэты раз старшыня сельсавета і парторг. Палохаюць Ігната:
– Памрэш жа!.. Радыяцыя вельмі высокая! Збірайся! Ды і мы даклалі вышэй, што ўся вёска эвакуіравана, а ты нас падводзіш, Ігнат. Калі дазнаюцца наверсе – мала не будзе. Нам. Не табе. Так што давай, давай! Ну!
– Х-хе, знайшлі чым палохаць – рацыяй,-- заплюскаў вачыма Ігнат. – Нам жа, чуйце, на фронце таблеткі ў кацялок падсыпалі, каб да дзевак не карцела, дык яны, таблеткі тыя, ядры іх у корань, толькі праз трыццаць пяць гадоў пачалі дзейнічаць. Га?
ПРА ЕЎРОПУ
Заспрачаліся неяк мужыкі, якая частка свету большая. Адзін кажа, што Азія, другі называе Амерыку, а Платон – Еўропу. А каб глянуць у які падручнік ці на карту – не глянеш: хто з іх, вяскоўцаў, трымае ўсё гэта? Настаўнікі і вучні жывуць на цэнтральнай сядзібе, а ў Заліп’і – адны старыя.