– Ты вось кажаш, Платон, што Ёўропа большая, – счакаўшы, пакуль угамоняцца землякі, памяркоўна сказаў Іван Прылепа. – Няпраўду кажаш. Маленькая яна. Па тым мяркую, што ў вайну напіўся я ў цягніку, а пакуль праспаўся – то ўсю Еўропу і праехалі...
ВАЖНЫ ДОКАЗ
Неяк у нас забаранялі шафёрам падвозіць у кабіне пасажыраў. Яшчэ пры Гарбачове. Ведаў, канечне, пра гэта і Сідаронак – вадзіцель мясакамбіната. А яму якраз камандзіроўка – у самую Маскву: каўбасы адвезці.
– Збірайся,– сказаў Сідаронак жонцы. – Па магазінах пабегаеш, можа што з вопраткі купіш – там, у сталіцы, выбар лепшы.
Паехалі. Перад самой Масквой спыняе даішнік. Казырнуў. Папрасіў дакументы, а тады строга пытае:
– А чаму ў вас у кабіне пасажыр?!
– Дык гэта ж жонка!
– Розніцы няма – жонка ці хто. Нельга. Прыйдзецца вас наказаць.
– А ёлкі ж палкі!– развёў рукамі Сідаронак. – Як Гарбачоў сваю Раю катае па ўсім белым свеце, а мне родную жонку нельга на гэтым вось задрыпаным тарантасе раз за ўсё жыццё ў Маскву звазіць, Крэмль паказаць!
Міліцыянер засмяяўся, вярнуў дакументы: едзьце, так і быць. Доказ важны.
ЧЫЙ САЛДАТ?
Васіль зноў успамінае армію.
– Генерал адзін у нас быў... Грузін. Мужык, скажу я вам, ціка-а-вы. Балакае – вушы растапырыш. З акцэнтам. З гумарам.
Адзін раз сабраў ён усіх камандзіраў палкоў, па гарадку ходзяць, спыняцца, нешта глядзяць, пастаяць- пастаяць, далей ідуць. А тут прама перад імі на дарозе куча ляжыць... Не буду гаварыць, вы здагадаліся – чаго. І ўсе, як па камандзе, спыніліся, глядзяць на кучу. А генерал пытае:
– Чый салдат нарабіў?
Палкоўнікі і падпалкоўнікі паціскаюць плячыма, пераглядаюцца: хто яго ведае, чый, але не мой, здаецца. Мой на такое не здатны. Тут камандзір палка, па тэрыторыі якога ідуць, дапяў нарэшце, што раз куча на ягонай тэрыторыі, то і салдат, значыць, яго.
– Мой... – сказаў разгублена.
– Малайчына! Дай руку!– і генерал моцна паціснуў разгубленаму камандзіру палка далонь. – Карашо сальдат корміш! Глядзі, какой балшой куча!
ХІТРЫ СВАТ
У Сямёна два сваты, Пятрок і Рыгор. Жывуць яны ў суседняй вёсцы, не-не ды і прыедуць да яго ў госці. Сямён, можна сказаць, непітушчы, хоць і дабру прапасці не дазволіць, ды і хітраваты ён, а яшчэ больш – скнара. Што ж да сватоў Пятра і Рыгора, то яны мужыкі прасцецкія і чарку дужа паважаюць.
– Сядайце, сваточкі, да стала бліжэй, – запрашае Сямён, рэжа хлеб, скрыліць сала, агурок і ставіць на стол бутэльку і дзве шклянкі.– Добра, што прыехалі. Ну, як там дзеці нашы? Не лаяцца? Мірна, кажаце, жывуць? То і добра. Давайце за гэта вып’ем.
Сямён налівае ў дзве шклянкі, адну бярэ сам, другую падае Петраку, яны абодва выпіваюць, а Рыгор назірае. Закусваюць. Потым Сямён зноў налівае ў дзве шклянкі. Адну бярэ сам, другую падае Рыгору.
– Ну, а цяпер давай, сваток, з табой вып’ем.
Выпіваюць. Паўбутэлькі Сямён, паўбутэлькі Пятрок з Рыгорам.
І заўсёды так.
АРТЫСТ
Мірончык працуе акцёрам. Ролі, праўда, яму адводзяць не галоўныя, але заняты ў спектаклях даволі часта. На афішах у пераліку прозвішчаў пасля « у спектаклі таксама заняты» – фігурыруе і ён. Больш за ўсіх ганарыцца Лізавета, што яе зяць не пастух-абібок які-небудзь там зачуханы, а артыст! Тэлевізар з гэтае нагоды не выключаецца – усё меціць Лізавета зяцька на экране ўбачыць у спектаклі альбо кінафільме, але нешта не відаць. І яшчэ ў старой склалася ўражанне, што калі яе зяць артыст, то, значыць, усё можа рабіць. Нават хляўчук згарбузаваць. У кіно ж артысты тыя чым толькі не займаюцца. Таму, калі на чарговыя выхадныя зяць наведаўся да цёшчы ( за бульбай і салам), атрымаў нарад:
– Зрабі, зяцёк, хлеў. Карову даюць у калгасе, а ставіць няма куды.
– Як двойчы два! – упэўнена сказаў Мірончык.–Тут справы тае! У нас, у тэатры, гэтыя хлявы вылятаюць з майстэрні, бы аладкі з печы. Не кажучы ўжо пра Палацы розныя. Матэрыял... будаўнічы, маецца на ўвазе, мне. Плюс цвікі, малаток, сякеру, нажоўку. І можаце прыводзіць сваю карову, матуля, хоць заўтра!
Мірончык забіў на агародзе чатыры калы, абцягнуў іх рубероідам, на рубероідзе належнай фарбай намаляваў бярвенні, на дах накідаў рознага ламачча, а пад дзверы прысобіў старую шафу.
–Прымай, матуля, работу!– шырока ўсміхаўся зяць.
– Во дзякуй табе. А я і знала, што калі арціст, то ён на ўсе рукі масцір. Суседзі вунь дзівяцца: дзе ты, Лізавета, лесу на хлеў набрала столькі багата, быццам бы і не ляжаў каля двара? Так я ім і скажу – дзе. Хай самі здагадаюцца.