Выбрать главу

- Думаеш, слова не мае нiякай дзейснай сiлы? - пакорна спытаўся падрэ дэ ла Куэста.

- Чаму ж, мае, але толькi тады, калi яно - дзеянне. Уся праўда нашага слова ў вучэннi царквы, i яна непарушная, не залежыць ад глебы, на якой мы будуем наш гмах. Але цi ж не на тым грунтуюцца нашы заклiкi, каб словы праўды пацвярджаць сведчаннем дзеяння? Вер мне, мой ойча, словы толькi тады нешта азначаюць, калi не далей чым за крок ад iх стаiць меч дзеяння.

- Калi я правiльна ўразумеў цябе, вялебны ойча, прызнаннi асоб перад Святым трыбуналам, якiя сведчаць за тое, што шмат хто са свецкiх паноў i ўпраўцаў горада Вiла-Рэал пагарджае асновамi рэлiгii i не баiцца ўзносiцца з пыхаю там, дзе павiнна быць толькi паслушэнства i пакора, - то гэта цi не словы, за якiмi стаiць меч дзеяння?

Падрэ Тарквемада павярнуўся да акна. У позiрку яго цёмных, глыбока пасаджаных вачэй успыхнуў раптоўны бляск.

- Сапраўды, шматвяковы вопыт нашага вучэння прамаўляе тваiмi вуснамi. Здаецца мне, ты зразумеў асаблiва важны прынцып.

- Цi маеш на думцы, вялебны ойча, прынцып, якi сцвярджае, што за кожнай памылкай, якая б яна нi была, схаваныя пахiбнасцi веры?

Тарквемада прыплюшчыў вочы i нiчога не адказаў. Падрэ дэ ла Куэста ўзiраўся ў яго з напружанай увагай.

- Калi б мы хацелi i маглi глыбей i пранiклiвей глядзець на людскiя памылкi, - азваўся праз хвiлiну, - тады нам не цяжка было б заўважыць, што прычыны памылак бываюць зазвычай больш грозныя, чым яны самыя.

Тарквемада ўзвёў павекi.

- Ойча Бласка, - сказаў задумлiва, - я хацеў бы, каб ты сказаў мне як брату, якi шчыра любiць...

- Слухаю цябе, ойча.

- Сапраўдны хрысцiянiн не можа мець нiякiх асабiстых мэт, якiя б пярэчылi мэтам царквы.

- Так, ойча, гэта праўда.

- Усе нашы дзеяннi, думкi i жаданнi належаць царкве. Лiчу таксама, што менавiта таму хрысцiянiн не толькi можа, але i павiнен песцiць у сабе жаданнi, хай вельмi асабiстыя, але каб яны адпавядалi мэтам царквы. Скажы яшчэ, цi маеш асабiстае пажаданне, асаблiва табе дарагое, адно замiлаванне, якое здавалася б табе ўвасабленнем тваiх зямных iмкненняў?

Падрэ дэ ла Куэста хвiлiну маўчаў.

- Калi быць шчырым, ойча, як на споведзi...

- Будзь!

- Прызнаюся, ужо колькi гадоў горача i нязменна прагну аднаго. Хацеў бы, i хай даруецца мне мая пыха, хацеў бы, аднак, калi-небудзь у будучым, вядома, пасля як найдаўжэйшага жыцця Яго Свяцейшасцi кардынала дэ Мендоза, сесцi на трон арцыбiскупаў Таледа.

У цэлi стала цiха. Падрэ дэ ла Куэста, стоячы са схiленай галавой, дарма чакаў адказу Тарквемады. Вялебны айцец Вялiкi iнквiзiтар маўчаў.

Якраз выходзiў месяц, i бляск яго прабiваўся ў келлю iмглiстай яснотаю.

- Ойча вялебны, - цiха азваўся прыёр, - магчыма, маё прызнанне ўразiла цябе. Сапраўды, можа, я занадта высока сягаю са сваiмi марамi. Аднак мне хацелася б...

- Iдзi спаць, ойча, - суха сказаў Тарквемада. - Думаю, пасля дзённых турбот табе патрэбен сон.

Падрэ дэ ла Куэста збялеў.

- Божа лiтасцiвы, няўжо маё жаданне аж такое заганнае? Калi лiчыш, што я не годны такога вялiкага гонару...

- Маўчы! Няўжо ты сапраўды такi сляпы i глухi, калi не разумееш, што адкiдаеш, выбiраючы славу i бляск? Чаго варта твая мара? Надзець на галаву арцыбiскупскую iнфулу, мець двор, палац, багацце, сядзець у асвянцоных шатах на троне? Ты, дамiнiканец, найбольш гэтага прагнеш? Гэта твая запаветная мара? Што ты зрабiў з сабою, у якiя сеткi ўблытаўся? Хвiлiну назад я думаў, падмануты знешняй прыстойнасцю тваёй разважлiвасцi, што залiчу цябе да найвышэйшай годнасцi змагара царквы, назначыўшы адным з iнквiзiтараў каралеўства. А ты марыш стаць арцыбiскупам Таледа!

- Ойча!

- Цi не разумееш, што годнасць iнквiзiтара, якая ўскладае на плечы не учту, а цвёрдыя абавязкi, азначае стакроць больш, чым усе бiскупскiя троны? Больш, чым кардынальская пурпура? Больш нават, чым тыяра папы! Iдзi спаць, бедны ойча, памылiўся я ў табе.

Падрэ дэ ла Куэста асунуўся на каленi.

- Ойча вялебны, дзякую табе, адкрыў мне вочы, бачу цяпер, што сапраўды пыха засланiла мне свет, што я цяжка саграшыў, але ў iмя памяцi нашага вялiкага патрона, святога Дамiнiка, заклiнаю цябе, не пагарджай мною, даруй гэтую хвiлiну слабасцi i зацьмення.

- Не! - пiсклiва крыкнуў Тарквемада. - Не дарую. Ты не дзiця, якое толькi ўчора ўступiла ў веру. Ты прыёр, кiраўнiк некалькiх сотняў душ. Настаўнiк маладых. Валасы сiвеюць. Колькi ж гадоў жывеш у кляштарных сценах?

- Мiнула трыццаць.

- Трыццаць гадоў! I ты толькi па звычаi i ўбраннi застаешся дамiнiканцам.

- Не, ойча!

Падрэ Тарквемада грэблiва паглядзеў на ўкленчанага.

- Устань! Не, не спадзявайся на дараванне. Ты здрадзiў свайму прызванню, здрадзiў духу нашага яднання.

- Ойча, аддамся ўсякай пакуце, вызначы хоць сама цяжкую.

- Пакуту? На пакуту трэба мець права. Ты растаптаў гэта права. Аднак для заспакаення тваiх прагненняў магу табе паабяцаць, што пры сама першай нагодзе рэкамендую тваю асобу Iх Каралеўскiм Мосцям, каб яны даверылi табе бiскупства Авiла. Думаю, з часам не мiне цябе i Таледа.

Падрэ дэ ла Куэста падняў галаву. Твар у яго быў пашарэлы, вочы глыбока запалi.

- Не рабi таго, ойча, благаю цябе.

- Чаму? Спраўдзяцца твае мары.

- Калi бачу, што трачу...

- Трэба было раней бачыць, меў досыць часу.

- Ойча, цяпер усё разумею. Разумею, як ты павiнен пагарджаць мною i як я заслужыў гэтую пагарду. Прабач мне, аднак, не адрынь.

Тарквемада з хвiлiну маўчаў, пасля адвярнуўся.

- Iдзi, - сказаў сухiм, скрыпучым голасам, - я хачу пабыць адзiн.

Ён ведаў, што, нягледзячы на стомленасць, не засне. У апошнiя гады адвык ад сну, якi, калi ён глыбокi i спакойны, дае чалавеку заслужаны адпачынак. Ён засынаў звычайна вельмi позна, часам толькi пад ранак, а часта i цэлыя ночы, бясконца доўгiя, праводзiў у самотным чуваннi, роздуме i ў модлах. Сёння не меў у сабе нават настрою на малiтву.

Каганец дагараў, кволы пламеньчык мiгаў на апошнiм дыханнi.

Затое месяц падняўся ўжо даволi высока, i яго святло халодным бляскам шклiлася ў акне.

Тарквемаду ахапiлi дрыжыкi. Ён шчыльней ухутаўся ў сутану, укленчыў i, схiлiўшыся тварам у азяблыя далонi, пачаў шаптаць пацеры. Але хутка заўважыў, што молiцца толькi вуснамi. Не знаходзiў у сабе таго полымя, якое заўсёды жыло ў iм i грэла яго, - а ў хвiлiны экстазу i сабранасцi асвятляла з сярэдзiны, успалымняла i парывала яго натхнёным агнём. Цяпер ён адчуваў сябе пустым i халодным, без думак i пачуццяў.

Далёка ў глыбiнi начы зазванiла сiгнатурка сёстраў кармелiтак, якая асаблiва чыста i ясна гучала ў цiшынi. "Божа мой", - сказаў амаль уголас Тарквемада. Яшчэ хвiлiну кленчыў, пасля раптоўным рухам, нiбы скiнуўшы з плячэй цяжар стомленасцi, падняўся i пайшоў да дзвярэй.

Адзiн служка, што вартаваў каля келлi, убачыўшы вялебнага айца Вялiкага iнквiзiтара, падхапiўся з каменнага ўслона, другi спаў, звесiўшы галаву на грудзi i ўпёршыся плячыма ў мур.

- Ты дон Радрыга дэ Кастра? - спытаўся падрэ Тарквемада.

- Так, ойча.

- Цi ведаеш, як прайсцi ў царкву?

- Ведаю, ойча.

- Пакажы мне дарогу. Пачакай! Разбудзi спярша свайго таварыша.

Дон Радрыга нагнуўся i штурхнуў яго ў плячо.

- Ларэнца!

Той сонным i яшчэ дзiцячым рухам адгарнуў з iлба светлыя валасы, а калi расплюшчыў вочы, - адразу апрытомнеў i ўскочыў на ногi.

- Чаму спаў? - напаўголаса спытаўся падрэ Тарквемада.

- Прабач, вялебны ойча, стома змарыла мяне.

- Стома? Стому трэба адольваць, а не паддавацца ёй.

- Я ведаю, ойча.

- Ведаеш?

- Мяне гэтаму вучылi, змалку.

- Я яшчэ не знаю цябе, мой сыне. Вiдаць, толькi з нядаўнiх пор ты сярод маiх дамоўнiкаў.

- Так, ойча, гэта мая першая служба.

- Iмя?

- Ларэнца дэ Мантэса.

- Губернатар Мурсii дон Фернанда цi не твой сваяк?

- Бацька. Мой старэйшы брат служыць каралю, бацька хацеў, каб я служыў Святой iнквiзiцыi.

- Было гэта жаданне толькi твайго бацькi?

- Маё таксама.

- I ты лiчыш, дон Ларэнца, што добра пачынаеш службу?