— Ну і суседзяў даў нам Бог! — скардзілася яна мужу. — Зайшла сёння зранку ў хлеў Хіма, глянула на ягнят ды як плясне ў ладкі: «Авой! Якія яны файныя!» Ну, маеш, думаю сабе. Не паспела тая за парог, а двое ягнят закруціліся на месцы — ды ўжо і па іх… Скулу табе ў бок, ведзьма!..
— А я іду гэта з ночы, — расказваў Іван, — паўз яе хату і гляджу — качаецца штосьці круглае, не раўнуючы як клубок. Дый свеціцца так, нібы зорка. Стаю я і дзіўлюся, а яно па царынцы, праз жэрдкі ды проста ў Хіміны дзверы… Каб так здароў быў!.. Калі б здагадаўся ды зняў свае порткі, можа б, імі ведзьму злавіў, а так прапала…
З другога боку, на самым блізкім узгорку, суседам быў Юра. Пра яго людзі казалі, што ён богападобны. Ён быў, як Бог, усёмагутны і ўсяведны, той градаўнік і знахар. У сваіх дужых руках трымаў сілы нябесныя і зямныя, смерць і жыццё, здароўе скаціны і чалавека, яго баяліся, і ў ім мелі патрэбу ўсе.
Здаралася, што і Іван звяртаўся да яго, але кожны раз, сустракаючы пагляд чорных пякучых знахарскіх вачэй, непрыкметна сплёўваў: «Соль табе ў вочы…»
Аднак найгорш дакучала ім Хіма. Старая ліслівая баба, заўжды такая прыветлівая, яна вечарамі перакідвалася ў белага сабаку ды швэндалася па суседскіх загарадках. Не раз Іван шпурляў тапаром па ёй, кідаў віламі і праганяў.
Рабая карова на вачах сохла і ўсё менш і менш давала малака. Палагна ведала, чыя гэта работа. Яна падпільноўвала, замаўляла, па колькі разоў на вечар бегала да кароў, уставала нават ноччу. Раз нарабіла такога гвалту, што Іван бег у загарадку, як дурны, і мусіў адганяць ад парога вялікую жабу, што намагалася пералезці ў хлеў. Але жаба раптам недзе знікла, а з-за плота скрыпеў ужо Хімін галасок:
— Добры вечар, суседзечкі любыя… хе-хе…
Бессаромніца!
Чаго яна толькі не вырабляла, тая прыроджаная ведзьма! Рабілася палатном, што прыцемкам бялела пад лесам, поўзала вужом або кацілася ўзгоркамі празрыстым клубком. Співала, нарэшце, месяц, каб было цёмна, як ішла да чужой скаціны. Не адзін бажыўся, што бачыў, як яна церніцу доіць: загоніць у яе чатыры калкі, няйначай саскі, — і надоіць поўную даёнку.
Колькі клопату было ў Івана! Ён не меў нават калі апамятацца. Гаспадарка вымагала вечнай працы, жыццё скаціны так цесна спляталася з яго асабістым жыццём, што выцясняла ўсялякія іншыя думкі. Але часамі, неспадзявана зусім, калі ён падымаў вочы на зялёныя царынкі, дзе спачывала ў копах сена, або на глыбокі задуменны лес, адтуль далятаў да яго даўно забыты голас:
Тады ён кідаў работу і кудысьці знікаў.
Фанабэрыстая Палагна, што звыкла шэсць дзён на тыдзень рабіць і толькі ў свята адпачывала, выхваляючыся фацэтнымі строямі, злосна папракала яго за прымхі. Але ён гневаўся:
— Заткніся! Глядзі сваё і не лезь у маё…
Ён сам злаваўся на сябе: «Нашто гэта?» — і вінавата ішоў да жывёлы.
Прыносіў ёй хлеба ці драбок солі. З даверлівым рыканнем цягнулася да яго рыжуня або сівуня, высоўвала цёплы чырвоны язык і разам з соллю лізала рукі. Волкія бліскучыя вочы прыязна глядзелі на яго, а цёплы дух малочнага вымя і свежага гною зноў вяртаў страчаны спакой і раўнавагу.
У кашары яго аблівала цэлае мора авечак, такіх маленькіх, круглых. Яны ведалі гаспадара свайго, гэтыя бараны і авечкі, і з радасным бляяннем ціснуліся да яго ног. Ён запускаў пальцы ў пухнатую воўну або з бацькоўскім пачуццём браў на рукі ягня — і дух паланіны веяў тады над ім ды клікаў у горы. Рабілася спакойна і добра на сэрцы.
У гэтым была Іванава радасць.
Ці любіў ён Палагну? Такая думка ніколі не лезла яму ў галаву. Ён гаспадар, яна гаспадыня, і хоць дзяцей у іх не было, затое была скаціна — чаго ж яшчэ больш? На добрай гаспадарцы Палагна раздабрэла, стала поўная і чырвоная, курыла люльку, як Іванава маці, насіла пышныя шаўковыя хусткі, а на валлястай шыі ў яе блішчала столькі караляў, што жанчыны аж лопаліся ад зайздрасці. Яны ездзілі разам у горад або на фэст. Палагна сама сядлала свайго каня і закладвала чырвоны пастол у стрэмя так горда, нібы ўсе горы належалі толькі ёй. На фэстах былі людзі і далёкія роды, пенілася піва, лілася гарэлка, зляталіся ўсялякія навіны з далёкіх гор. Іван абнімаў маладзіц, Палагну цалавалі чужыя мужыкі — якое тут дзіва! — і задаволеныя, што файна так прабавілі час, яны вярталіся зноў да штодзённых турбот.