Выбрать главу

Козар усміхаецца вачыма сваім козам. Яны не тое што авечкі, у іх моцнае сэрца. Не падаюць трупам, як рахманыя авечкі, а цвёрда стаяць на тоненькіх нагах. Цікаўна паднялі рожкі і ўглядаюцца ў змрок, быццам скрозь яго штосьці бачаць, і так бадзёра трасуцца ў іх тонкія бародкі…

* * *

Апусцелі кашары. Цішыня і пустка. Можа, дзесьці там, у глыбокіх далінах, адкуль пачынаюць расці горы, і лунаюць людскі смех ды галасы, але ў гэта верыцца мала. Тут, на паланіне, дзе неба накрывае бязлюдныя прасторы, што жывуць у самотнасці толькі дзеля сябе, вякуе адна цішыня.

Толькі ў стаі трашчыць нязгасны агонь і ўсё пасылае сіні свой дым у вандроўку. Здоенае малако важка спачывае ў драўлянай пасудзіне, над ім нахіліўся старшы аўчар. Ён ужо яго заправіў. З паліцы, дзе сохнуць вялікія круглыя боханы будзу, павявае на аўчара вецер, але не можа прагнаць са стаі паху вугалю, сыру і авечай воўны. Бо тым самым пахне і аўчар. Новыя дзежкі і даёнкі маўчаць у куце, аднак толькі пастукай па іх — і абзавецца голас. Халодная сыроватка свеціцца з конаўкі зялёным вокам. Аўчар сядзіць паміж свайго начыння, як бацька сярод дзяцей. Усё яно — чорныя лаўкі і сцены, вогнішча і дым, будз, дзежкі і сыроватка, — усё яно блізкае і роднае, да ўсяго дакранулася яго цёплая рука.

Малако ўжо гусне, але яшчэ яму не пара. Тады аўчар вымае з-за чэраса вязку драўляных калодак і пачынае чытаць. Там памечана ўсё, у той драўлянай кнізе, — хто колькі мае авечак і што каму належыць. Турбота зводзіць яму бровы, а ён упарта чытае: «Масійчук мае штырнаццаць авец, а яму належыць…»

За сценкаю стаі спузар выводзіць:

У баранчыка пытае Аўца-крутарожка: — Ці ты сена зелянога Насянуеш трошка?

— Расспяваўся! — злуецца аўчар і нанава пералічвае паметкі.

Ты не знаеш, крутарожка, Што стане зімою, Ці ты будзеш, ці ты будзеш Увесну жывою, —

даспеўвае спузар у сенях і ўваходзіць у стаю.

Закураны, чорны, згінаецца над агнём, і яго белыя зубы блішчаць. Патрэсквае ціха агонь.

Малако ў катле жоўкне і гусне. Аўчар схіліўся над ім засяроджаны, нават суровы. Расшпільвае паволі рукавы і па самы локаць засоўвае ў кацёл свае голыя валасатыя рукі. І так застывае над малаком…

Цяпер павінна быць ціха ў стаі, дзверы зачынены, і нават спузар не пасмее кінуць вокам на малако, пакуль там дзеецца штосьці, пакуль варожыць аўчар. Усё нібы застыла ў нямым чаканні, дзежкі затаілі ў сабе голас, прытаіліся будзы на паліцах, паснулі сном чорным сцены і лавы, агонь ледзьве дыхае, і нават дым сарамліва ўцякае ў акно. Толькі па лёгкім руху жыл на аўчаровых руках заўважаецца, што на дне пасудзіны адбываецца нешта. Рукі паволі ажываюць, то падымаюцца вышэй, то апускаюцца ніжэй, закругляюцца локці, рукі нешта боўтаюць, пхаюць і гладзяць там, усярэдзіне, і раптам з дна пасудзіны, з-пад малака, падымаецца круглае сырава цела, што нейкім цудам нарадзілася. Яно расце, паварочвае пляскатыя бакі, купаецца ў белай купелі, само белае і далікатнае, і калі старшы аўчар яго вымае, зялёныя родавыя воды звонка сцякаюць у пасудзіну…

Аўчар з палёгкай уздыхнуў. Цяпер і спузар можа глянуць. Слаўны нарадзіўся будз, аўчару на ўцеху і на спажытак людзям…

Адчыняюцца дзверы насцеж, вецер дзьме з застрэшша, агонь з радасцю ліжа чорны кацёл, у якім сыроватка спявае каламыйкі, і праз дым і агонь блішчаць у спузара зубы…

А калі сонца заходзіць, старшы аўчар выносіць са стаі трамбіту і трубіць пераможна на ўсе пустынныя горы, што дзень скончыўся мірам, што будз яму ўдаўся, кулеша гатова і даёнкі чакаюць новага малака…

* * *

За сваё летаванне на паланіне зазнаў Іван нямала прыгод. Раз ён пабачыў дзіўную карціну. Меўся ўжо гнаць авечак дахаты, як незнарок азірнуўся на блізкую вяршыню. Туман знізіўся і ўхутаў лес, што стаў лёгкі і сівы, як прывід. Толькі палянка зазелянела пад ім ды чарнела адзінокая яліна. І вось тая яліна задыміла і пачала расці. Расце ды расце — і вось выйшаў з яе нейкі чалавек. Стаў на палянцы, белы, высокі, і гукнуў сабе за спіну ў лес. І зараз жа выйшлі з лесу алені, адзін за адным, а ў кожнага, што выйдзе, новага — рогі яшчэ прыгажэйшыя ды весялейшыя. Гуртамі выбеглі сарны, патрымцелі на тоненькіх ножках дый пачалі шчыпаць траву. А як рассыплюцца сарны, тады мядзведзь іх заверне, як авечак аўчарка. А той бялёсы пасе — яшчэ і пакрыквае на скаціну. Тут раптам узняўся вецер, і статак як пырхнуў, так і прапаў. Не раўнуючы як бы хто хукнуў на шкло: яно запацее, а пасля знікне ўсё, нібыта нічога і не было. Ён паказваў іншым, але тыя дзівіліся: «Дзе? Адзін туман толькі».