— Там левага каньяку паўгаража… — пачаў лейтэнант, але Ярохін ужо рэзка перапыніў яго:
— Ваша справа — дарожнатранспартнае здарэнне. З гэтым высветлілі?
Сержант дастаў паперы.
— Усё зрабілі і сведкаў перапісалі, таварыш маёр…
— Ну дык і едзьце! А незаконна набыты каньяк гра мадзянін Брызін дабраахвотна перадае дзяржаве, для чаго і я тут з супрацоўнікамі, — кіўнуў Ярохін на Лёню з Капіталінай. — Гэта ўжо мая справа, зразумела?
— Паехалі, — сказаў сержанту лейтэнант, і яны пайшлі да машыны, у якую ўслед за Брызіным паспрабаваў сесці Лёня.
— Я з вамі. Вас нельга пакідаць аднаго.
— Ды пайшоў ты! — адштурхнуў яго Брызін і ляснуў дзверцамі.
— Не лупі так, — сядаючы за руль, сказаў сержант. — Не твае.
— Моцна яе, мужыкі? — спытаў Брызін.
— Мы не дактары, — павярнуўся да яго лейтэнант. — Скуль у цябе каньяку столькі?
— Ды што вы з гэтым каньяком!.. Я вам яго, колькі хочаце, прывязу… Як усё выйшла?
Лейтэнант адвярнуўся, запаліў цыгарэту і стаў глядзець на дарогу. Сержанту стала ніякавата.
— Мы не бачылі. Са слоў толькі…
— Ну, са слоў…
— Пацярпелая пачала на «Масквічы» выезд з гаража, а пацярпелы на «Маздзе» адкінуў «Масквіча» назад у гараж лабавым ударам… Тры чалавекі ў бальніцы.
— А куды яна ехала?.. Куды яна ехала?..
Сержант здзіўлена зірнуў на Брызіна ў люстэрка задняга агляду.
— Адкуль нам ведаць?.. Гэта вы ў яе спытайцеся. Лейтэнант зацягнуўся цыгарэтай.
— Тут крымінал, так што ва ўсім будзем разбірацца. Твой служка кажа, што вырвала ў яго ключы, цябе шу каць хацела. Чакала, чакала, званіла паўсюль… Пры такіх запасах каньяку слабенькая ў цябе машына. Быў бы які «Мэрсэдэс» — лягчэй бы ўсё абышлося. Грошы шкадуеш, ці маскіруешся?
Брызін прамаўчаў.
— Маўчыш?.. Ну, памаўчы пакуль… А Ярохін табе хто?
— Ніхто. Хто мне Ярохін?
— Вось і я пытаюся: хто?
— Я ж сказаў, што ніхто. Маёр міліцыі. Вам лепш ведаць.
— Ведаю, хто яго не ведае… Ярохін — легенда. Але былая. Так што дарма ён сюды ўлез.
Брызін, ледзь разумеючы тое, пра што гаворыць з ім лейтэнант, асмеліўся нарэшце спытацца:
— Як яна?.. Жывая?..
У сержанта да яго было болей спагады, чым у лейтэнанта, і сержант нават уздыхнуў:
— Забіралі жывую…
Глянуўшы на лейтэнанта, ён уключыў мігалку з сірэнай, і да бальніцы ўжо было не да размоў.
— Заўтра мы цябе выклічам, — каля бальніцы хуткай дапамогі сказаў лейтэнант. — Пра каньяк не забудзь ся…
«Чаму толькі сюды возяць, на край горада?.. — наўзда гад пабег у першыя адчыненыя дзверы Брызін. — Там жа зусім побач бальніца ёсць, другая Савецкая…»
Пра Машу сказалі, што яна ў аперацыйным пакоі.
— Я нічога ні пра каго не ведаю, — адварочвалася ад яго залатазубая, паўнагрудая сястра. — Тут праз кожныя пяць мінут некага прывозяць, дактароў чакайце.
— Маша… Маша Брызіна… — зазіраў ёй у вочы Брызін. — Ну, дзяўчынка такая, светленькая… Сястра падпіхнула яго да крэсла.
— Маша, Маша, светленькая… Сядайце і чакайце. Усе ў нас дзяўчынкі светленькія, не Эфіопія ў нас…
Брызін сеў чакаць.
«Што ж сталася?.. Машакаханне, Машажонка і цяпер — Машадачка?.. Госпадзі, не!..» Ён тройчы перахрысціўся.
За ягонай спінай скрыгатнуў ліфт, Брызін павярнуўся — і сутыкнуўся позіркам са спуджаным паглядам Сініцына. На Сініцыне быў гіпсавы ашыйнік. Убачыўшы Брызіна, Сініцын задам засунуўся ў ліфт і зачыніўся. Ліфт зноў скрыгатнуў, Брызін за ліфтам не пабег. Нікуды Сініцын не падзенецца. Сініцына ён пакладзе пад колы, і Маша па ім праедзе.
Значыць, Сініцын ашалела выскачыў ад Нінэль, да гнаў да гаража і думаў, што з гаража выязджае Брызін… Камікадзе адмарожаны…
Гадзіны праз паўтары дзверы аперацыйнага пакоя адчыніліся, з іх выйшаў худы доктар ростам з Капіталіну. Зірнуўшы на Брызіна, які ўскочыў з крэсла, доктар разглядзеўся на бакі.
— Вы адзін?
Брызін таксама разглядзеўся.
— Адзін.
— Гэта добра, — чамусьці сказаў доктар. — Вы каго чакаеце?
— Дачку… Брызіну Машу…
Доктар, нібыта цягнучы час, яшчэ раз спытаў абышто:
— Дачку?.. Вы бацька? Брызін, чакаючы, кіўнуў.
— А маці дзе? — зноў разглядзеўшыся, зноў спытаў доктар.
— Па… Памерла… — не адразу здолеў прагаварыць Брызін.
Доктар не зразумеў і ўскінуў рукі:
— Не!.. Хоць стан цяжкі. Пераломы, траўмы органаў… Працуе толькі сэрца. Мы зрабілі ўсё, што маглі, але…
— Я магу яе бачыць?
Доктар адмоўна паківаў галавой.
— Яна ў рэанімацыі.
Брызін няўцямна азірнуўся на ліфт.
— Як у рэанімацыі?