— Гэбіст жа тут быў, рапарт напісаў, не вінаваты Мірон… — упрошвала маці, ды дзяк не ўпрошваўся:
— Вінаваты! Ён на царкву пайшоў! На абразы, на крыж руку падняў!
— Не за гэта ж яго пасадзілі…
— Бог за гэта пасадзіў!
— Хіба Бог садзіць?.. Што вы такое кажаце?..
Ці на гэтым яна падлавіла дзяка і той сам завінаваціўся перад Богам, ці ад неадчэпнасці матчынай дзяк стаміўся, але згадзіўся ўрэшце, рукой махнуў: «Паехалі!..»
Дзяка не пусціў бацюшка. Каб царкву зратаваць, сам пасылаў яго ў Менск, а ратаваць Мірона — не пусціў.
«Асцерагаецца! — пастанавіла Альбіна, якая на абразы то хрысцілася, то плявалася. — Начальнік жа вялікі і яго абяцаўся арыштаваць, дык будзе ён табе высоўвацца!..»
— Не думай, Наста, што асцерагаюся нечага, — сказаў бацюшка. — Смешна думаць, нібы забыліся пра нешта ў Менску, а дзяк нагадае… Ніколі яны і ні пра што не забываюцца. Надзея не на гэта, а на тое, што антыхры сты гэтыя скончацца. Калі не ўсе разам, дык па адным, а да таго нічога добрага не будзе… І не цягайся ты нідзе, толькі сабе нашкодзіш. Не вернецца твой Мірон і ніхто яго не верне, пакуль Сталін не памрэ.
Маці з ягоных слоў нават страху не ўзяла, падумала: бацюшка не проста асцерагаецца, а гэтак баіцца, аж не разбірае, не спасцігае ўжо, што гаворыць. «Хіба Сталін можа памерці?..»
Выбралася маці ў Менск, як заўсёды, адна — распытала толькі дзяка, дзе шукаць там таго вялікага начальніка. Яна трызніла тым начальнікам: ён і царкву сказаў не чапаць, і ба цюшку з дзякам не пасадзіў, і Мірона абяцаў перавесці…
Паехаўшы пасля каталіцкіх Каляд, не дачакаўшыся Новага году, маці ўсё не вярталася і не вярталася, званіла толькі зрэдку ў сельсавет, і Мацей Цяжкароб, які стаў замест бацькі старшынёй сельсавета, перадаваў, што жы вая, убілася да некага ў пакаёўкі.
— І тое хлеб, — казала Альбіна, — дый да хлеба ка пейчыну якую прыробіць. А то малому ні на ногі чаго, ні на плечы нечага.
Пакуль маці не вярталася, маленькі Мірон прысніў, як вярнуўся бацька… Пасля яму здавалася, нібы і наяве было гэтак жа, як ён прысніў.
У тую пераднавагоднюю ноч ён не захацеў класціся з Альбінай, як яны спалі звычайна без маці, лёг на печы і заснуў, гледзячы на карціну «Кремль. Красная площадь», на блакітныя, заснежаныя елкі на ёй. Ютка Казубоўскі абяцаўся прынесці елку, але Ютка лічыў сябе за паляка, загуляў з каляд і не прынёс.
Бацька ў вайсковай форме, зацягнуты ў партупею, вышаў з сякерай у руках з таго боку свету, з каменнай глыбіны, з дзвярэй пад надпісам Л Е Н И Н, мінуў вар тавых і ўзяўся секчы елку.
— Ты для каго сячэш? — выглянуў зза елкі Сталін.
— Для сына. Паштар Ютка Казубоўскі абяцаў яму прынесці, але запіў і не прынёс.
— Ну, я здыму яго з паштароў! — пагразіўся Сталін. — А цацкі на елку ёсць?
— Толькі папяровыя, сын з Альбінай зрабіў. А бліскучых няма.
— А ў мяне ёсць, — сказаў Сталін і пачаў чапляць на елку цацкі.
Дзіўныя гэта былі цацкі… Сталін павесіў на елку ма ленькага бліскучага паштара Ютку Казубоўскага, стар шыню Мацея Цяжкароба, папа, дзяка, Альбіну, Хрузь ку і яе маці, калмыка, раённага гэбіста і ляснога брата Сівакоўскага, маленькіх бліскучых татараў і маленькіх бліскучых габрэяў… ён вешаў і вешаў, чапляў і чапляў, а цацкі ў яго не канчаліся і не канчаліся — не елцы ўжо месца не было.
— Дзякуй, досыць, елка не вытрымае, — падзякаваў бацька, а Сталін спытаў, шукаючы па кішэнях:
— А Яромха дзе? Ты ў мяне Яромху забраў?.. — І загадаў вартавым: — Зрабіць з яго цацку замест Яромхі!
Вартавыя рынуліся на бацьку, ды бацька як махне сякерай! — яны ў спудзе назад, за дзверы пад надпісам Л Е Н И Н, а Сталін спрытна, як вавёрка, на сцяну ўскочыў, на вежу ўскараскаўся і ў гадзінніку, у часе сваім схаваўся. Крыкнуў адтуль, галаву высунуўшы: «Не вер нешся, пакуль я жывы!» Бацька ўскінуў на плячо елку і пабег з Краснай плошчы дахаты. Ён бег, бег, бег, а з блакітнай елкі асыпаўся сіні снег, падалі, падалі, падалі і разбіваліся цацкі: поп, дзяк, Хрузька, калмык, гэбіст, габрэі, татары… — ніводнай цэлай сталінскай цацкі не засталося, усе пабіліся… Мірону так шкада было і цацак, што былі людзьмі, і людзей, якія былі цацкамі, а бацька паўстаў на парозе з пустой елкай, але такой блакітнай, што ад яе ўся хата зазіхацела, і сказаў: «Нічога, Мірон. Была б елка, а цацкі знойдуцца. Твае папяровыя начэпім, давай іх сюды…» Мірон кінуўся даставаць цацкі, што зрабіў з Альбінай… убачыў, прачынаючыся, зіхатлівае сонца ў марозным акне, Альбіну ў кажусе, якая ставіла елку ў кут, зляцеў з печы:
— Дзе татка?!.
Выскачаў голы з хаты ў сені:
— Тата!!.
— Ты куды?.. — злавіла яго ў кажух Альбіна, прыціснула, стала супакойваць, гладзіць па галаве. — Пайшоў бацька, справы ў яго, праз год вернецца… А я таксама прачынаюся і дзіўлюся, скуль гэта елка?.. Думала, дзед Мароз прынёс…