Выбрать главу

Назаўтра вінавацілася: баялася, што з інстытуту па­пруць.

Праз дзень яна выступіла па тэлебачанні як сведка падзей… У кампаніі з сакратаром партыйнага ЦК, які бажыўся, што міліцыянты дзейнічалі ў межах закону. На­ ста засведчыла, што ніхто дубінкамі нікога не біў і «ча­ ромхай» не труціў. Вось жа яна там была — і не пабітая, і не атручаная…

Гады праз тры, калі сакратароў ЦК не стала і бажыцца пачалі іншыя, Наста зноў выступіла па тэлебачанні. Гэтым разам у кампаніі з акторам, які расказаў, як камуністы з гэбістамі зрабілі яго сексотам. А Наста распавяла, як яе, студэнтку, тыя ж камуністы з гэбістамі змусілі зманіць пра тое, што было на Дзяды, пагражаючы выгнаць з інстытута. І неяк так выходзіла, што Наста з сексотам — героі. Не кож­ ны, маўляў, знойдзе ў сабе мужнасць, каб прызнацца…

«Абое рабое, далёка пойдуць», — сказала пра іх Вера, але ўгадала не пра абодвух. Актор, здольны да алкаго­ лю, спіўся, а Наста, здольная да журналістыкі, пабегала трохі, пакуль яны трымаліся, па рэдакцыях незалежных выданняў, пасля перабралася ў выданне дзяржаўнае, а з яго — ва ўладу. Высока там сядзіць, далёка глядзіць — тут Вера ўгадала…

Пасля аднаго з арыштаў чакала мяне за варотамі турмы шыкоўная жанчына ў шыкоўнай машыне. Гэтакі Галівуд — Наста па­ранейшаму мела схільнасць да эфектаў… Яна сказала, што наўмысна зрабіла так, каб усе ўсё бачылі, бо стамілася «адмазваць» мяне ўпотай, бо гэта ў шкоду ёй, бо ўсе пра ўсё даносяць, таму наступным разам мяне пасадзяць не на тыдзень­другі, а надоўга, яна ўжо нічым не зможа дапамагчы, а калі і зможа, дык не стане…

— І не трэба. Я ж не прасіў.

— Ён не прасіў! А маці твая, пакуль жывая была? А радня, а сябры нашы інстытуцкія? «Наста, ты ж яго ве­ даеш!..» Некалі ведала, цяпер — не!

Яна нервавалася, пальцы дрыжэлі, калі прыпальва­ла…

— Цябе, аказалася, я й некалі не ведаў.

Яна не хацела слухаць пра тое, што было некалі.

— Я выбрала лепшае жыццё, ты — горшае. Свядома! Спытай у нашых, у ваўкавыскіх, хоць у каго: нармаль­ ны чалавек захоча жыць не лепш, а горш? Ты захацеў… Жыві! Але без мяне. Я не хачу, каб тваё горшае замінала майму лепшаму. Ці яшчэ й парушыла яго.

Нядаўна яе паклікалі з яе вялікага кабінета ў кабінет яшчэ большы і настойліва параілі ад мяне адхрысціцца… Дык яна ж адхрысцілася яшчэ на тых Дзядах… Калі мяне цягнулі ў варанок, а яна ўбок адварочвалася… А Вера на тых Дзядах, зусім жа незнаёмая, аднекуль з гушчару люд­ скога як кінулася: «Вы што?!. Вы куды яго?!.» Адбіла ў міліцыянтаў, хоць ведаць мяне не ведала. Пасля казала:

«Каб ведала, не адбівала б, хай бы зацягнулі… Хай бы ўсіх вас тады пабралі і расстралялі ў Курапатах. Дык хоць бы легенда пра вас засталася…»

Вера, мусібыць, таксама многіх бы забіла, калі б магла.

Але яна пазней такой стала. Тады, на тыя Дзяды, яна не была такой. Як лёгка ўсё яна любіла! Людзей шка­ даваць… Музыку слухаць, вершы чытаць, у ёй прага была — чытаць вершы… І слёзы ў яе вачах стаялі высо­ ка, як у нябёсах.

Усё, што коціцца, дакоціцца да нас…
І дакацілася.
Ля могілак якраз, Дзе сны пра вечнасць сняць Ці спяць без сноў З усімі Караткевіч, Куляшоў… — Маўклівы мітынг. З кожным, хто прыйшоў, З’явіліся і сталі побач продкі…
Маўклівыя стаялі цені родных, Маўклівыя стаялі цені блізкіх: Пад крыжам злеглых. Зоркай. Абеліскам. Ва ўсіх Хатынях спаленых. Забітых Пад Грунвальдам. На Калыме «прышытых». Бясследна зніклых. Хапам пахапаных. Нікім, нідзе, ніяк не пахаваных, Ці ў Курапатах скінутых у роў!..
Ад плоці плоць І ад крывінкі кроў — Мы ведалі, пра што маўчалі з імі. Жывыя з мёртвымі. І мёртвыя з жывымі.
І ўпершыню, маўкліва сцяўшы рот, З натоўпу глянуў люд. Амаль народ.

Дзе яно ўсё падзелася? Я, Вера, народ… Было ж?.. Прайшло, як дожд ж, і прадчуванні так і засталіся прадчуваннямі. Паэт, які пра іх напісаў, збег за мяжу. Пабеглі іншыя… І ўсе крычалі, што, калі яны не збя­ гуць, іх ці пасадзяць, ці заб’юць. А чаго вы хацелі? Каб улада, з якой вы змагаецеся і стамляецеся ў барацьбе, у санаторыі вас пасылала?..

Пад адну музыку: дыктатура! — збягалі ўсе: палітыкі, жулікі, злодзеі, турэмшчыкі… Збягала, як малако з аг­ ню, хваляй пералівалася за мяжу моладзь…. Збег спі­ кер парламента… І нават той, пра каго ўсе думалі, што ён у Курапатах ляжа, а кроку з крэўнай зямлі не сту­ піць — збег.