Калі Нічыпара забралі, дык усе падумалі, дый Нічыпар гэтаксама падумаў, што Зэнуся адпусцяць, але суд над ім, як сам Зэнусь сказаў, не сталі перасуджваць. Шкода, маўляў, вялікая, праўленне калгаснае згарэла — за такое і двое пасядзець могуць.
Чаму Нічыпар яшчэ тады, адразу пасля вайны, калі калгас пачаўся, будавацца ўздумаў? Бо ажаніўся, дзяцей збіраўся займець. Многа, не менш, як пяцёх. Для такой сям’і калі ўжо хата, дык хата, а не слепавушка на два вак ны, з якой ён Дануту ўзяў. Маладая жонка, баба гожая і ва ўсім спраўная, адразу зацяжарыла, так што можна было і пяцёх чакаць, а ён нават першынца не пабачыў. Дый не толькі ён, ніхто ў вёсцы. Праз месяц, як яго па садзілі, прыехаў нехта ўночы на палутарцы, не міліцыянт, цывільны, пакідаў у кузаў Дануціны клункі, яе ў кабіну — і звёз. Ніхто не ведаў: куды? Але ўсе здагадваліся: у вы сылку, як жонку ворага. У невараць.
Калі Нічыпар вярнуўся, Антаніна, яна тады ў Гародні на бухгалтарку вучылася, сказала яму, што той мужык у цывільным, які Дануту звёз, нібыта швагер Зэнусяў, яко га ў вёсцы ні да таго, ні пазней і не бачыў ніхто, бо ён сакрэтны нейкі, а яна ў Гародні яго пад руку з сястрой Зэнуся спаткала, ужо не ў цывільным, і нібы пазнала яго, бо ў тую ноч, калі ён прыязджаў, не спала, у яблыкі хадзіла, ноч месячная была, і быццам бы сястра Зэнусява ў Гародні прайшла пад руку з тым мужыком сакрэтным міма Антаніны, зрабіўшы выгляд, нібыта не заўважыла яе, — але ўсё гэта нібы, быццам бы, нібыта…
Зося, сястра Зэнуся, была сястрой яму толькі па маці, якая ў Гародню на кірмаш ездзіла, дзе Зосю нагуляла, а калі памерла, Зосі гадоў сем было, дык той, з кім нагу ляла, прызнаў Зосю за дачку, забраў яе, і ў вёсцы пасля таго Зося амаль і не бывала, так што як яна Антаніну, так і Антаніна яе, спаткаўшы, наўрад ці магла б паз наць… А тым больш пазнаць мужыка, якога некалі, калі яшчэ малой была, здалёк бачыла пры месячным святле, седзячы на яблыні.
Нічыпар ліст напісаў у Гародню, у пракуратуру, папрасіў паведаміць пра лёс жонкі і, калі яно нарадзілася, дзіцяці. З пракуратуры адказалі, што грамадзянка Янчэўская Дану та Браніслаўна, жыхарка вёскі Крыўе, ніколі не судзілася і нікуды не высылалася. Але якая вера той пракуратуры, калі людзей без ніякага суда высылалі?..
Хата па ўсім падмурку былога панскага маёнтка для аднаго была завялікая — Нічыпар адгарадзіў палову з боку лесу пад гаспадарства: складзікі, клець, майст роўня… Стаў склеп на той палове капаць, пад самы пад мурак гэкнуў ломам — жалеза ў жалеза! Трохі зямлю раз гроб і сцяўся: снарад! Яму б, абэлтуху, яшчэ пагрэбацца, разгледзецца, што там за снарад такі, можа, з’іржавеў і дух з яго выйшаў, а ён з перапуду ў сельсавет кінуўся, каб у раён званілі, сапёраў клікалі. Ды яшчэ шчаслівіўся, што жывы застаўся…
Казімір, старшыня сельсавецкі, — ён, мусіць, і па смерці ў старшынях хадзіць будзе, — сапёраў не стаў клікаць, сам у войску сапёрам быў. Шчэпку ўзяў, звер ху жалеза пачысціў, а там і не снарад ніякі, проста гільза, гнілым суком закаркаваная. Сук сам, як толькі Казімір гільзу падняў, вываліўся — і за ім сыпанулася золата: манеты, бранзалеткі, ланцужкі, пярсцёнкі…
Каб жа прыйшло ў галаву Нічыпару, што гэта ці ад лёсу, ці ад Бога — узнагарода яму за ўсе згубы ягоныя, за ўсе мукі. Пабег бы ён тады ў сельсавет, клікаў бы Казіміра, ага! Ён бы валасы з галавы павыдзіраў і зямлю з той гільзы імі пазмятаў… Але нічога такога, калі гэкнула жалеза ў жалеза, і блізка не падумалася. Не прыйшло.
З некім іншым, ды хоць з кім з вясковых, можна было б дамовіцца і падзяліць золата, каб не здаваць, але не з Казімірам, які тыкаў ломам ва ўсе куты, дапытваючы:
«І ты хочаш сказаць, што знайшоў толькі адну гільзу, больш нічога?..» Ад яго і пайшло па вёсцы: маўляў, не ўсё, што знайшоў, здаў Нічыпар дзяржаве. Адну гільзу паказаў наўмысна, каб сплацілі яму законную чвэрць і пасля не чапляліся, скуль у яго грошы? — а яшчэ адну, ці нават дзве, схаваў. Праз гэта і прыпёрся поп да споведзі Нічыпара змушаць… І не дурны ж чалавек, не кантужа ны сельсаветам, як Казімір, а во як жадоба слепіць.
— Я прасіў Антаніну, каб сказала вам… Што яму тая Антаніна далася?
— Дык яна й сказала…
— Што?
— Бадай бы ты, сказала, здох хутчэй, мне б хата дасталася…
Поп рукі ўзняў:
— Госпадзі…
Нічыпару нават па законе належную чвэрць ад кошту скарбу не сплацілі. Пастанавілі, што паколькі само золата старшыня сельсавету знайшоў, а Нічыпар толькі гільзу, дык ад гільзы, калі хоча, можа чвэрць адпілаваць. Сход калгасны сабралі, на якім Казімір урачыста адмовіўся ад свайго на карысць дзяржавы, якой золата патрэбнае, каб Амерыку дагнаць і перагнаць. І ўсе вясковыя сядзелі, у далоні пляскалі. Радыя, што нічога нікому не дасталося, апроч граматы Казіміру «За перамогу ў сацыялістычным спаборніцтве». Пры чым тут перамога ў сацыялістычным спаборніцтве?..