— Але ж мы не псіхі, — сказаў Алег Мікалаевіч. — Я не збіраюся з нажом па даху бегаць… У мяне ў адносінах да Элізабэт самыя сур’ёзныя намеры.
Вадзім Альбертавіч успомніў пра Святлану, з якой па вяртанні ў Мінск Алег Мікалаевіч збіраўся ажаніцца, а Пекка спытаў:
— А што за птах хвастом вышэй за дах?
— Дым… — задуменна сказаў Алег Мікалаевіч. — Гэта я, канечне, разумею…
— Ды нічога вы да гэтай пары так і не зразумелі! Усё ў вас паранейшаму, як у дыме — і ў саміх вас амаль нічога не змянілася. Хіба што раней вы прыязджалі сюды жабракамі і хадзілі ціха, а цяпер, накраўшы, гуляеце ў нуварышаў, кідаецеся грашыма…
— Выбачай! — яшчэ раз паспрабаваў утаймаваць ша лёнага Пекку далікатны Вадзім Альбертавіч. — Што да нас…
— Што да вас, дык дзякуй скажыце Сонечцы.
— Ага… — сказаў Алег Мікалаевіч.
— Што ага?.. Вас я пад адзін грабеньчык са зладзюгамі не прычэсваю, але жанчынам сваім вы павінны ногі мыць і ваду потым піць. Я там у вас на вас наглядзеўся… Калі б не вашы бабы, дык вы б так і думалі, што жыць пажываць — гэта гарэлку хлябаць.
— А ты з намі ўчора што рабіў? — зачапіўся за віда вочны пракол шалёнага Пеккі, павучэнні якога пачалі яму абрыдаць, Алег Мікалаевіч. — На скрыпцы граў?
— Таксама праўда, — згадзіўся, адразу падвяўшы, Пек ка. — Зрэшты, рабіце, што хочаце… Мужыкі вы нармаль ныя, гэта я так, у агульным кантэксце… Шкада, венікі спалілі, а ўсё астатняе нічога… Весела пагулялі.
— Вадзік! — вываліўся на іх з дзвярэй рэстарана «Мар ка Пола», куды адышлі яны ад веранды «Балбатоўні», нібыта знаёмы, але неяк здалёк, туманна знаёмы Вадзіму Альбертавічу мужык. — Ты што тут робіш, Вадзіла? Ты чаму да гэтай пары не ў турме за згвалтаванне?
Мянушку Вадзіла, дадзеную яму не адно па сугуччы з іменем, але і за тое, што ён часцяком ператрымліваў шайбу, як і дуркаваты жарт пра турму за згвалтаванне, маглі ведаць толькі людзі з ягонага хакейнага жыцця, якое, здавалася, было даўно, а скончылася быццам бы зусім нядаўна. Вадзім Альбертавіч глядзеў — пазнаваў і не пазнаваў…
— А ты здорава змяніўся, — ледзьве не са спагадай сказаў мужык, які сам відавочна маладзіўся. — Я цябе напачатку і за свайго не прыняў — лапар нейкі… Ну, да вай абдымемся, чаго стаім, столькі гадоў не бачыліся!
Мужык прыцягнуў да сябе Вадзіма Альбертавіча і, абдымаючы, садануў яму вялікімі пальцамі пад абедзве лапаткі — і па гэтым подлым жэсце варатара Глеба Бургі па мянушцы Клей абаронца Вадзім Крывахвост па мя нушцы Вадзіла яго і ўспомніў, і пазнаў.
— Клей! — ткнуўся Вадзім яму ў плячо. — Клей… А мне казалі, што цябе забілі.
— Спрабавалі… Але ж ты мяне ведаеш: я іх першы прышыў. Давялося праз гэта пасядзець трохі. А ты, Вадзіла, ты як?.. Бачу — жывы! Толькі састарэлы нейкі… Не, ну ты зусім стары! Цэментам цябе запарушыла, ці што?
«Няўжо я такі ж, як ён? — ледзьве не ўпершыню па спрабаў успомніць сябе самога, не гледзячыся ў лю стэрка, саракавасьмігадовы Вадзім Альбертавіч. — Не, не можа быць…»
— Дык паўста амаль… — сказаў ён Глебу. — Не хлапчук.
— Што з таго? Я ўжо год як на паўсотні праехаў… Пра гэта мне не кажы! Вы там у Беларусі, мусіць, ад радыяцыі загінаецеся. Правільна я ад вас драпануў.
— І куды ты драпануў?
— А ты што — забыўся? Спачатку ў Маскву, а пасля ў Піцер. Тым і прыжыўся, дзе весялей страляюць.
— Дык зараз ты ў Піцеры? — перапытаў Вад зім Альбертавіч, запрашаючы да размовы Алега Мікалаевіча. — Гэта сябар мой Алег.
— А то я не помню яго! Здароў быў, Гусь лапчасты! Глеб сапраўды ўсё помніў: у Алега была ў юнацтве мянушка Гусь. Часовая, прахадная, але была.
— Дык што вы тут робіце, гусі пералётныя? — абняўшы Алега Мікалаевіча і садануўшы яму пад лапаткі, спытаў Глеб.
Алег Мікалаевіч павёў занылымі крыламі.
— Вясна… Дамоў збіраемся.
— А мой дом спалілі, — сказаў Пекка. — Добры дзень.
— Вітаю, — даволі прахалодна прывітаўся Глеб. — Па руску гаворыш?.. Гэта добра. А то фіны апошнім часам залупацца пачалі: не разумеем, не разумеем… Нічога, яшчэ зразумеюць.
— Не зразумеюць, — не згадзіўся Пекка і не стаў далей знаёміцца, а павярнуўся і пайшоў на веранду «Балбатоўні».
— З чаго гэта ён у вас ганарысты такі? — нядобра па глядзеў яму ў спіну Глеб. — Пару піва праставіў? Дык зараз я ўвесь гэты кабак гарэлкай залью. Захлынуцца на халяву — ведаю я гэтых жлабоў.