Выбрать главу

Важак крыкнуў і пайшоў наперад, у лес. За ім пацягнуліся ўсе астатнія.

Нібы чарада жывёл, пасоўваліся яны наперад, то разыходзячыся, то зноў сыходзячыся. Ніякіх галасоў не раздавалася сярод іх. Чутно толькі было, як трашчала пад нагамі сухое галлё.

Кожны быў заняты сваёй справай: як знайсці што-небудзь такое, каб можна было з'есці.

Часам наперадзе раздаваўся трывожны крык важака.

Тады ўсе збіваліся ў гурток і азіраліся, адкуль пагражае небяспека. Яны нават не маглі паказаць яе рукою. Яны і гэтага не ўмелі рабіць.

І зноў трэба адзначыць, што гэтая, здаецца, такая простая рэч таксама дарма не даецца і патрабуе шмат часу, вопыту і розуму.

Што мы ўсе сказалі б, каб дзе-небудзь убачылі, як, скажам, сабака паказаў лапай, што вось там бяжыць заяц? Мы гэта палічылі б за такі цуд, якога яшчэ свет не бачыў.

І сапраўды, яно было б незвычайным цудам. Значыцца, мы і не можам патрабаваць ад нашых першых людзей, каб яны адразу маглі перагаворвацца рукамі.

Досыць ужо і таго, што яны калі-нікалі пачыналі ўжо гэтак рабіць. Убачыўшы, напрыклад, плод на дрэве, чалавек крыкне і, сам таго не ведаючы, пасуне руку ў той бок. Але тут ні ў якім разе нельга сказаць, што ён захацеў паказаць рукою, бо наступны раз ён так і не зробіць.

Альбо, убачыўшы блізка каля сябе ворага, ён ад жаху працягне наперад руку. Але другі раз, калі небяспека будзе далей, ён ужо не здагадаецца паказаць на яе.

Толькі важак ужываў гэты рух часцей. Яго пасада была ўжо такая, што часцей з'яўлялася патрэба як-небудзь папярэдзіць сваіх таварышаў. Але і ён пакуль што рабіў гэта несвядома, як калі прыйдзецца.

Лес рабіўся ўсё гусцей і цямней. Дрэвы падымаліся так высока, што іх верхавіны ледзь былі відны і так шчыльна перапляталіся, што не прапускалі сонечнага святла. Сярод белага дня ўнізе быў змрок, як увечары.

Зямля была чорная, вільготная. Нават трава не расла без святла.

Людзі мімаволі паскорылі крок, каб хутчэй выйсці з гэтага непрытульнага месца.

Ужо даўно адзін стары дзядуля напружваў усе сілы, каб не адстаць ад чарады. Увесь час ён цягнуўся ззаду. А цяпер яму прыйшлося зусім цяжка. Людзі адыходзілі ўсё далей і далей.

Стары спатыкаўся, валіўся на зямлю, зноў падымаўся. Ногі дрыжалі, падкошваліся. Але адлегласць ад сваіх няўхільна павялічвалася ды павялічвалася.

Ён пачаў бегчы, але зараз жа зноў паваліўся.

Вось ужо толькі апошнія постаці людзей далёка мільгаюць сярод дрэў. Жудасная цішыня ахапіла старога. Тупы жах напоўніў яго мазгі. Ён не разумеў, што такое робіцца, але ўсёй сваёй істотай адчуваў нешта страшнае.

Ён выдаў хрыплы, але слабы гук. Рэха адгукнулася - і зноў усё ціха.

Зноў падняўся, пабег - і зноў зваліўся. Ногі млелі, увесь ён засопся. Так хацелася хоць бы крыху адпачыць, але ён адчуваў, што нельга, што, нягледзячы ні на што, трэба ісці наперад, да сваіх.

Зноў падымаўся, зноў валіўся, пакуль не адчуў, што ўжо зусім не можа падняцца.

Тады ён пачаў паўзці. Вочы яго былі накіраваны ў той бок, куды пайшлі яго сыны і ўнукі. Ужо даўно нікога не было відаць, а ён усё поўз, поўз наперад...

Стары малпападобны твар гэтае няшчаснае істоты тросся, крывіўся, вочы зрабіліся вільготнымі, але... і плакаць ён яшчэ не мог. Нічога яшчэ яны не ўмелі.

Тады перад яго памутнеўшымі вачыма заблішчалі якіясьці другія вочы. Бліснулі з аднаго, з другога боку, усё бліжэй, бліжэй... Вось ужо чуецца ляскат зубоў і глухое бурчанне... Потым страшэнны боль у плячах - і ўсё пацямнела...

А яго сыны і ўнукі тым часам усё ішлі ды ішлі наперад і нават не ведалі, што кагосьці не хапае з іх чарады...

Праз некаторы час яны падышлі да балотнай нізіны, за якой ішла ўжо больш высокая і сухая мясцовасць.

Заставалася перайсці на той бок. Але гэта можна было зрабіць толькі ў адным месцы, дзе якраз стаяла чарада нейкіх звяроў - нязграбных, з доўгай галавой, стаячымі вушамі, маленькімі вочкамі і з выцягнутай верхняй губой. Іх можна было б палічыць або за вялікіх свіней, або за маленькіх сланоў.

Гэта былі тапіры, якія цяпер захаваліся толькі яшчэ ў Паўднёвай Амерыцы.

Людзі спыніліся і не ведалі, што рабіць. Вопыт і пачуцце ім казалі, што гэта ціхамірныя жывёлы, а не драпежныя. Але хто іх ведае, што яны там сабе думаюць?

Пастаялі, паглядзелі - здаецца, нічога. Тапіры стаяць сабе спакойна і нават не звяртаюць увагі на людзей. Можна паспрабаваць.

Асцярожна пасунуліся наперад, падышлі зусім блізка. Тыя стаяць сабе, з цікавасцю пазіраюць на людзей, - а самі ні з месца.

Нічога не зробіш, трэба абмінаць іх. А дзеля гэтага трэба лезці ў балота бадай што па шыю.