Выбрать главу

Нават важак звярнуў на гэта ўвагу, узяўся за дубец, патрымаў яго, але, не ведаючы, што з ім рабіць, кінуў у балота.

Зноў яны падышлі да вялікага моманту і зноў прайшлі міма...

Тым часам Краг зусім ачуняў, падняўся і адчуваў сябе досыць добра.

Але каб людзі ўмелі смяяцца, яны, пэўна, не стрымаліся б ад смеху, гледзячы на Крага. Сярод сваіх касматых братоў ён адзін быў «гладкі»; ліпучая гразь, пакрыўшая яго цела, цяпер засохла і надала яму такі выгляд, што нават сур'ёзныя таварышы неяк здзіўлена глядзелі на яго і пацешна крывілі свае морды.

Павалакліся далей. Мінулі балота, зноў увайшлі ў густы лес. Важак пільна азіраўся, бо ён ведаў, што ў гушчары заўсёды можна чакаць неспадзяванай небяспекі.

І сапраўды: не мінула і гадзіны, як раздаўся асабліва зычны і трывожны крык важака. Адразу ўсе замітусіліся і, нават не ведаючы яшчэ, адкуль і якая пагражае бяда, апынуліся на дрэвах.

Тады толькі разгледзелі, што паміж дрэў мільгаюць нейкія рудыя звяры, падобныя да нашых тыграў, толькі значна большыя. Гэта былі самыя страшныя драпежнікі не толькі таго часу, але і наогул. Завуць іх махайродамі. Апрача сілы, спрытнасці і лютасці, яны вызначаліся яшчэ сваімі вельмі вострымі ікламі-кінжаламі, сантыметраў пятнаццаці-дваццаці даўжыні, загнутымі і шчарбатымі.

Ільвы і тыгры перад імі былі нікчэмнымі, але чамусьці гэтыя махайроды даўно ўжо згінулі і лічацца «дапатопнымі», тады як слабейшыя ад іх ільвы і тыгры засталіся.

Апошнія людзі ледзь паспелі ўзлезці на дрэвы, як драпежнікі абхінулі іх. Махайродаў было штук восем-дзесяць. Відаць, яны былі вельмі галодныя, бо не адыходзілі ад дрэў, на якіх сядзелі людзі, увесь час пазіралі на іх і нават станавіліся на заднія лапы, каб дастаць да іх. Жудасна было глядзець, як яны круціліся навокал.

Адзін з іх неяк падскочыў і зачапіўся пярэднімі лапамі і зубамі за ніжэйшую галіну. Ён круціўся, блытаўся, матаючы заднімі нагамі ў паветры. Людзі падняліся вышэй і з жахам сачылі за яго рухамі. Але, нарэшце, ён абарваўся і зваліўся на зямлю.

Другія прабавалі грызці дрэвы так, што трэскі ляцелі з-пад іх страшэнных іклаў. Але праз некаторы час яны супакоіліся і паляглі пад дрэвам. Здавалася, яны парашылі чакаць, пакуль хто сам злезе...

Мінула гадзіна, другая. Махайроды і не думалі адыходзіць. А калі некаторыя і адыходзілі, то зараз жа зноў вярталіся. Відаць было, што яны зрабілі тут прыпынак на доўгі час.

Яшчэ гадзіна прайшла. Становішча людзей рабілася дрэнным.

Тады яны паспрабавалі пашукаць іншага выхада - уцячы па дрэвах, як малпы.

Важак пералез на суседняе дрэва; за ім яго таварышы. Потым перабраліся на трэцяе. Горш за ўсіх было маткам з дзецьмі, але неяк перайшлі і яны. А далей было ўжо горш. Наступнае дрэва стаяла не так блізка, каб усе маглі лёгка перайсці. Спрытны Ра пераскочыў на суседнюю галіну, але яна так нахілілася і расхісталася, што іншым не варта было і думаць следаваць за ім.

Каб нашыя людзі маглі разважаць, то цяпер пэўна пашкадавалі б, што яны яшчэ мала падобныя да малпаў.

Тым часам махайроды пачулі шум у галлі і кінуліся ў гэты бок. Далейшая дарога была адрэзана...

Але вось у лесе пачуўся шум. Драпежнікі паўскаквалі і прыслухаліся. Сярод дрэў паказаўся насарог. Раптам махайроды кінуліся да яго і абкружылі з усіх бакоў.

Насарог глуха зароў, схіліў галаву і рынуўся на пярэдняга. Той адскочыў, а ў гэты самы момант чатыры пары іклаў прабілі бруха насарога ў чатырох месцах.

Страшны роў пракаціўся па лесе, і насарог, як шалёны, пачаў кідацца ва ўсе бакі. З роспачы ён выявіў такую спрытнасць, якой нават нельга было і чакаць ад гэткага нязграбнага волата. Але толькі аднаго ворага яму ўдалося разарваць сваім рогам, тады як сам ён атрымаў не менш дзесятка ран.

Хоць і страшэнныя былі гэтыя раны, але для такой вялізнай таўстаскурай жывёліны яны не былі яшчэ смяртэльныя, бо не папсавалі ўнутраных органаў. Бойка працягвалася...

Насарог знішчыў яшчэ аднаго ворага, затое сам ён меў выгляд нейкай кучы мяса, якое кавалкамі вісела з усіх бакоў. Ён сабраў апошнія сілы і пабег наперад. Але хутка грукнуўся на зямлю, і на яго населі махайроды.

Тады толькі людзі асцярожна злезлі з дрэў і ціхенька пайшлі далей.

IV Нянасце. - Прытулак у пячоры. - Выгнаныя. - Дзіўнае з'явішча. - Агонь згас...

Ужо некалькі дзён цягнецца дажджлівае надвор'е. Сонца выгляне на кароткі час і зноў схаваецца, не паспеўшы асушыць зямлю. Асабліва вільготна і халодна ў лесе ўначы. Доўгія гадзіны сядзяць людзі дзе-небудзь пад дрэвам, прытуліўшыся адзін да аднаго, каб сагрэцца. Па ўсім целе безупынна цячэ вада; пад імі лужыны. А ноч цягнецца, цягнецца бясконца...