— Злавіў! — крыкнуў Джаферс, задыхаючыся. Не выпускаючы з рук свайго нябачнага ворага, увесь барвовы, з успухлымі венамі, ён кружыў у натоўпе, які расступаўся перад гэтым дзіўным паядынкам. Нарэшце ўсе скаціліся з ганка на зямлю. Джаферс закрычаў прыдушаным голасам, усё яшчэ сціскаючы ў абдымках штосьці нябачнае і моцна працуючы каленам, потым захістаўся і ўпаў дагары, стукнуўшыся патыліцай аб гравій. Толькі тады ён расціснуў пальцы.
Пачуліся крыкі: «Трымай яго!», «Невідзімка!» Нейкі малады чалавек, не з жыхароў Айпінга, — яго імя так і не ўдалося даведацца, — падбег, схапіў штосьці, але тут жа выпусціў з рук і ўпаў на распасцёртае цела канстэбля. Пасярод вуліцы ўскрыкнула жанчына, якую ледзьве не збілі з ног; сабака, які атрымаў, відаць, выспятак, заскуголіў і з выццём кінуўся ў двор да Хакстэрса, і гэтым закончыўся пабег Невідзімкі. З хвіліну натоўп стаяў уражаны і ўсхваляваны, затым у жаху кінуўся ўрассыпную, быццам апалае лісце, развеянае парывам ветру. Толькі ля самага ганка, тварам да неба і з сагнутымі каленямі, нерухома ляжаў Джаферс.
Восьмы раздзел надзвычай кароткі; у ім апавядаецца пра тое, як Джыбінс, мясцовы натураліст-аматар, драмаў на пагорачку ў поўнай упэўненасці, што ў крайнім выпадку на дзве мілі кругом няма ні душы, і раптам пачуў зусім блізка каля сябе крокі нейкага чалавека, які кашляў, чхаў і адчайна лаяўся; павярнуўшыся, ён не ўбачыў нікога. І тым не менш голас чуўся вельмі выразна. Нябачны прахожы працягваў лаяцца той адборнай разнастайнай лаянкай, па якой адразу можна пазнаць адукаванага чалавека. Голас падняўся да самых высокіх нот, потым пацішэў і нарэшце зусім заціх, аддаліўшыся, як падалося Джыбінсу, у напрамку да Эдэрдзіна. Апошняе гучнае чханне — і ўсё заціхла. Джыбінсу нічога не было вядома аб ранішніх падзеях, але з'ява гэтая так уразіла і ўсхвалявала яго, што ўвесь яго філасофскі спакой імгненна знік. Ён ускочыў на ногі і з усёй хуткасцю, на якую быў здольны, спусціўся з пагорка і накіраваўся ў сяло.
Каб пазнаёміцца з містэрам Томасам Марвелам, вы павінны ўявіць сабе чалавека з тоўстым, друзлым тварам, з тоўстым доўгім носам, слінявым вялікім рухомым ртом і шчаціністай барадой, якая расла ва ўсе бакі. Фігура яго паказвала схільнасць да паўнаты, — гэта было асабліва прыкметна дзякуючы вельмі кароткім канечнасцям. Ён насіў махнаты цыліндр; а тое, што на самых крытычных частках яго туалета замест гузікаў красаваліся аборкі і шнуркі ад чаравікаў, сведчыла, што ён закаранелы халасцяк.
Містэр Томас Марвел сядзеў, звесіўшы ногі ў канаву, каля дарогі, якая вяла да Эдэрдзіна, прыкладна за паўтары мілі ад Айпінга. На нагах у яго не было нічога, акрамя вельмі ажурных шкарпэтак, а вялікія пальцы, шырокія і прыўзнятыя, што вылезлі з дзірак, напаміналі вушы насцярожанага сабакі. Не спяшаючыся — ён усё заўсёды рабіў павольна — ён разглядваў чаравікі, якія збіраўся прымерыць. Гэта былі вельмі моцныя чаравікі, такія яму ўжо даўно не трапляліся, але яны аказаліся занадта вялікімі для яго; між тым старыя яго чаравікі былі зручныя для сухога надвор'я, але зусім не падыходзілі для сырога, таму што падэшва іх была занадта тонкая. Містэр Марвел цярпець не мог свабоднага абутку, але ён не выносіў і вільгаці. Уласна кажучы, ён яшчэ не вызначыў, што яму больш непрыемна — прасторны абутак ці вільгаць, але дзень быў пагодлівы, іншых спраў не прадбачылася, і ён вырашыў добра падумаць. Пагэтаму ён паставіў на зямлю ўсе чатыры чаравікі, расставіўшы іх у выглядзе маляўнічай групы, і стаў разглядаць іх. І, гледзячы, як яны стаяць у траве, сярод калючага дзядоўніку, ён раптам вырашыў, што абедзьве пары вельмі брыдкія. Ён ніколькі не здзівіўся, пачуўшы ззаду сябе чыйсьці голас.
— Як-ніяк абутак, — сказаў Голас.
— Гэта — ахвяраваны абутак, — сказаў містэр Томас Марвел, схіліўшы галаву набок і незадаволена гледзячы на чаравікі. - І я, каб яго чорт узяў, не магу нават вырашыць, якая пара больш брыдкая.
— Гм… — сказаў Голас.
— Я насіў абутак і горшы. Праўду кажучы, мне даводзілася абыходзіцца і без абутку. Але такіх нахабных вырадкаў, калі можна так сказаць, я не насіў ніколі. Я даўно ўжо шукаю сабе чаравікі, таму што мае мне абрыдлі. Моцныя яны, што і казаць. Але чалавек, які заўсёды знаходзіцца на нагах, увесь час бачыць свае чаравікі. І, ці паверыце, колькі я ні стараўся, я ва ўсёй акрузе не мог дастаць іншага абутку, акрамя гэтага. Вы толькі паглядзіце! А, шчыра кажучы, у гэтай мясцовасці абутак нядрэнны. Толькі маё шчасце такое. Я ўжо гадоў дзесяць нашу тутэйшы абутак, і вось якую дрэнь даюць.