— Мне вельмі шкада, — сказаў Невідзімка, — што я не магу цяпер расказаць вам аб усім, што я зрабіў. Але я сапраўды выбіўся з сіл. Гэта недарэчна, бясспрэчна. Гэта жахліва. Але, верце мне, Кемп, што б вы раніцай там ні даказвалі, а гэта цалкам магчыма. Я зрабіў адкрыццё. Я думаў захаваць яго ўпотайкі. Але гэта немагчыма. Мне патрэбны памочнік. А вы… чаго толькі мы не зможам зрабіць!.. Урэшце, пакінем усё гэта да заўтра. Цяпер, Кемп, я павінен заснуць — інакш я памру.
Кемп стаяў пасярод пакоя, гледзячы на безгаловы халат.
— Дык я пакіну вас, — сказаў ён. — Але гэта неверагодна… Яшчэ тры такія здарэнні, якія пераварочваюць уверх дном усе мае тэорыі, і я звар'яцею. І ўсё ж, бачна, гэта так! Ці патрэбна вам яшчэ чаго-небудзь?
— Толькі каб вы пажадалі мне спакойнай ночы, — сказаў Грыфін.
— Спакойнай ночы, — сказаў Кемп і паціснуў нябачную руку.
Ён бокам накіраваўся да дзвярэй. Раптам халат хутка падышоў да яго.
— Помніце, — вымавіў халат. — Ніякіх спробаў злавіць ці затрымаць мяне. Інакш…
Кемп злёгку змяніўся ў твары.
— Я ж, здаецца, даў вам слова, — сказаў ён.
Кемп выйшаў, ціха прычыніў за сабой дзверы, і ключ зараз жа шчоўкнуў у замку. Пакуль Кемп стаяў, не рухаючыся, з выглядам пакорлівага здзіўлення на твары, пачуліся паспешныя крокі, і дзверы ванны таксама аказаліся зачыненымі. Кемп стукнуў сябе рукой па лбе.
— Сплю я, ці што? Увесь свет звар'яцеў, ці гэта я з глузду з'ехаў? — Ён засмяяўся і злёгку тузануў рукою замкнутыя дзверы. — Выгнаны з уласнай спальні і кім? Страшэннай бязглуздзіцай!
Ён падышоў да верхняй прыступкі лесвіцы, азірнуўся і зноў паглядзеў на замкнёныя дзверы.
— Бясспрэчны факт, — вымавіў ён, дакранаючыся да патыліцы, якая ныла. — Так, бясспрэчны факт. Але… — Ён безнадзейна паківаў галавой, павярнуўся і спусціўся ўніз.
Ён запаліў лямпу ў сталовай, дастаў цыгару і пачаў хадзіць па пакоі, то бязладна мармычучы, то гучна спрачаючыся сам з сабою.
— Невідзімка! — сказаў ён. — Ці можа існаваць нябачная жывёліна? У моры — так. Там тысячы, мільёны! Усе лічынкі, усе мікраарганізмы… а медузы! У моры нябачных істотаў больш, чым бачных! Раней я ніколі пра гэта не думаў… А ў сажалках! Усе гэтыя малюсенькія арганізмы, якія жывуць у сажалках, — кавалачкі бясколернай, празрыстай слізі… Але ў паветры? Не! Гэта немагчыма. А ўрэшце — чаму б і не? Калі б чалавек быў бы зроблены са шкла — і то ён быў бы бачны.
Кемп глыбока задумаўся. Тры цыгары ператварыліся ў белы попел, які рассыпаўся па дыване, перш чым ён загаварыў зноў. Дакладней проста ўскрыкнуў. Потым ён выйшаў з пакоя, прайшоў у сваю прыёмную і запаліў там газ. Гэта быў маленькі пакой, таму што доктар Кемп не займаўся практыкай; там ляжалі газеты. Ранішні нумар, разгорнуты, валяўся на стале. Ён схапіў газету, перагарнуў яе і пачаў чытаць паведамленне аб «Незвычайным здарэнні ў Айпінгу», якое з такой шчырасцю прачытаў Марвелу матрос у Порт-Стоў. Кемп хутка прабег гэтыя радкі.
— Захутаны! — усклікнуў Кемп. — Пераапрануты! Хавае сваю тайну! Мусіць, ніхто не ведаў пра яго няшчасце. Што ў яго, каб яго чорт узяў, у галаве?
Ён кінуў газету і пашукаў вачыма на стале.
— Ага! — сказаў ён і схапіў «Сент-Джэмс газэт», якая была яшчэ не разгорнута. — Зараз даведаемся ўсю праўду, — сказаў ён і разгарнуў газету. У вочы яму кінуліся дзве калонкі: «Цэлая вёска ў Сэсексе звар'яцела!» — паведамляў загаловак. — Божа літасцівы! — усклікнуў Кемп, прагна чытаючы скептычную справаздачу пра ўчарашнія падзеі ў Айпінгу, якія апісаны намі вышэй. Заметцы папярэднічала паведамленне, перадрукаванае з ранішняй газеты.
Кемп перачытаў усё з самага пачатку. «Бег па вуліцы, сыплючы ўдарамі направа і налева. Джаферс у непрытомным стане. Містэр Хакстэрс атрымаў сур'ёзныя калецтвы і не можа нічога паведаміць з таго, што бачыў. Цяжкая знявага вікарыя. Жанчына захварэла ад страху. Вокны перабіты. Уся гэтая незвычайная гісторыя, напэўна, выдумка, але ўжо занадта цікавая, каб можна было яе не надрукаваць».
Кемп упусціў газету і тупа ўтаропіўся ў адну кропку.
— Напэўна, выдумка! — паўтарыў ён.
Потым схапіў газету і яшчэ раз прачытаў усё з пачатку і да канца.