Выбрать главу

Дзень быў халодны, уздоўж вуліц дзьмуў пранізлівы паўночны вецер. Я ішоў хутка, каб на мяне не натыкаліся ззаду. Кожнае скрыжаванне ўяўляла для мяне небяспеку, за кожным прахожым я павінен быў пільна сачыць. У канцы Бедфорд-стрыт нейкі чалавек, міма якога я праходзіў, нечакана павярнуўся і, наляцеўшы прама на мяне, збіў мяне на маставую, дзе я ледзьве не трапіў пад колы пралёткі. Рамізнікі, якія тут знаходзіліся, вырашылі, што з ім адбылося нешта накшталт удара. Гэта сутыкненне так падзейнічала на мяне, што я зайшоў на рынак Ковент-Тардэн і там сеў у куток, каля латка з фіялкамі, задыхаючыся і дрыжучы ад страху. Я, мусіць, моцна прастудзіўся і вымушаны быў неўзабаве пайсці адтуль, каб не прыцягнуць увагу сваім чханнем.

Нарэшце я дасягнуў мэты сваіх пошукаў, - гэта была брудная, заседажаная мухамі крама ў завулку каля Друры-Лейн, з акном, поўным тэатральных касцюмаў, фальшывых каштоўнасцяў, парыкоў, туфляў, даміно і фотаздымкаў акцёраў. Крама была старая, нізкая і цёмная, а над ёю высіліся яшчэ чатыры паверхі змрочнага, панурага дома. Я зазірнуў у акно і, не заўважыўшы нікога ў краме, увайшоў. Падвешаны да дзвярэй званочак бразнуў. Я пакінуў дзверы адчыненымі, а сам шмыгнуў міма пустога манекена і схаваўся ў кутку за вялікім трумо. З хвіліну ніхто не з'яўляўся. Потым я пачуў у краме нечыя цяжкія крокі.

Я паспеў ужо скласці план дзеянняў. Я думаў прабрацца ў дом, схавацца дзе-небудзь наверсе, дачакацца зручнай хвіліны і, калі ўсё сціхне, падабраць сабе парык, маску, акуляры і касцюм, а там непрыкметна выслізнуць на вуліцу, магчыма ў вельмі недарэчным, але ўсё ж праўдападобным выглядзе. Між іншым, я спадзяваўся ўзяць і грошы, якія трапяцца пад руку.

Чалавек, які зайшоў у краму, быў маленькі гарбун з нахмураным лбом, доўгімі рукамі і вельмі кароткімі крывымі нагамі. Мусіць, мой званок застаў яго за ядой. Ён запытальна агледзеў краму, потым чаканне на яго твары змянілася здзіўленнем і нарэшце гневам, калі ён пераканаўся, што ў краме нікога няма. «Чорт бы ўзяў гэтых хлапчукоў!» — прагаварыў ён. Ён выйшаў на вуліцу і паглядзеў направа і налева. Праз хвіліну ён вярнуўся, са злосцю зачыніў дзверы нагой і, бармочучы штосьці сам сабе, накіраваўся да дзвярэй, адкуль выйшаў упершыню.

Я выбраўся са сваёй схованкі, каб ісці за ім, але, пачуўшы мой рух, ён спыніўся як укапаны. Спыніўся і я, уражаны тонкасцю яго слыху. Ён зачыніў дзверы перад самым маім носам.

Я быў у нерашучасці. Раптам я зноў пачуў яго хуткія крокі, і дзверы зноў адчыніліся. Ён стаў аглядваць краму з выглядам чалавека, чые падазрэнні яшчэ не рассеяліся. Затым, па-ранейшаму бармочучы, агледзеў з абодвух бакоў прылавак, зазірнуў пад мэблю, якая стаяла ў краме. Пасля гэтага ён спыніўся, насцярожана азіраючыся. Таму што ён пакінуў дзверы адчыненымі, я шмыгнуў у суседні пакой.

Гэта была дзіўная каморка, бедна абсталяваная, з кучай масак у кутку. На стале стаяла астылае снеданне гаспадара. Паверце, Кемп, нялёгка мне было стаяць тут, удыхаючы пах кавы, і глядзець, як ён прымаецца за яду. А еў ён вельмі неапетытна. У пакоі было трое дзвярэй, з якіх адны вялі наверх, іншыя — уніз, але ўсе яны былі зачынены. Я не мог выйсці з пакоя, пакуль ён у ім знаходзіўся, я не мог нават сысці з месца з-за яго чартоўскай чуйнасці, а ў спіну мне дзьмула. Два разы я ледзьве не чхнуў.

Адчуванні мае былі незвычайныя і цікавыя, але разам з тым я адчуваў невыносную стомленасць і ледзьве дачакаўся, пакуль ён справіўся са сваім снеданнем. Нарэшце ён пад'еў, паставіў свой нікчэмны посуд на чорны бляшаны паднос, на якім стаяў кафейнік, і, згарнуўшы крошкі з запэцканага гарчыцай абруса, пайшоў з падносам да дзвярэй. Таму што рукі яго былі заняты, ён не мог зачыніць за сабой дзверы, хаця яму, відаць, гэта хацелася зрабіць. Ніколі ў жыцці я не бачыў чалавека, які б так любіў зачыняць дзверы! Я пайшоў за ім у падвал, у брудную, цёмную кухню. Там я з задавальненнем назіраў, як ён пачаў мыць посуд, а затым, не чакаючы ніякага толку ад майго знаходжання ўнізе, дзе да ўсяго мае босыя ногі стылі на цаглянай падлозе, я вярнуўся і сеў у яго крэсла перад камінам. Таму што агонь згасаў, я, не падумаўшы, падкінуў вуглёў. Гэты шум зараз жа прыцягнуў увагу гаспадара, ён прыбег усхваляваны і пачаў абшукваць пакой, прычым адзін раз ледзьве не закрануў мяне. Але і гэты старанны агляд, відаць, мала задаволіў яго. Ён спыніўся на парозе і, перш чым спусціўся ўніз, яшчэ раз уважліва агледзеў увесь пакой.