Выбрать главу

Кемп двойчы прачытаў пісьмо.

— Гэта не жарты, — сказаў ён. — Гэта ён! І ён будзе дзейнічаць.

Ён перавярнуў лісток і ўбачыў на адрасе штэмпель «Хінтандзін» і празаічную прыпіску: «даплаціць 2 пенсы».

Кемп павольна ўстаў з-за стала, не закончыўшы снеданне, — пісьмо прыйшло ў гадзіну дня, — і падняўся ў свой кабінет. Ён пазваніў эканомцы, загадаў ёй неадкладна абысці ўвесь дом, агледзець усе засаўкі і зачыніць усе аканіцы.

У кабінеце ён зачыніў аканіцы сам. З замкнутай скрынкі стала ў спальні ён выняў невялікі рэвальвер, пільна агледзеў яго і паклаў у кішэню хатняй курткі. Затым ён напісаў некалькі запісак, у тым ліку і палкоўніку Эдаю, і даручыў служанцы аднесці іх. Кемп параіў ёй пры гэтым, як выйсці з дому.

— Небяспекі няма ніякай, — сказаў ён і дадаў сам сабе: «Для вас». Пасля гэтага ён нейкі час сядзеў, задумаўшыся, а потым вярнуўся да астылага снедання.

Ён еў рассеянна, паглыблены ў свае думкі. Потым моцна стукнуў кулаком па стале.

— Мы яго зловім! — усклікнуў ён. — І прынадай буду я. Ён зарвецца.

Кемп падняўся наверх, старанна зачыняючы за сабой усе дзверы.

— Гэта гульня, — сказаў ён. — Гульня незвычайная. Але ўсе шанцы на маім баку, містэр Грыфін, хаця вы і нябачныя і смелыя таксама. Грыфін contra mundum…* Скажыце калі ласка!

* Супраць усяго свету (лат.).

Ён стаяў каля акна, гледзячы на заліты сонцам схіл гары.

— Яму ж трэба даставаць сабе ежу кожны дзень. Не зайздрошчу я яму. А ці праўда, што мінулай ноччу яму ўдалося паспаць? Дзе-небудзь пад адкрытым небам і ў такім месцы, дзе ніхто не мог на яго натрапіць… Вось калі б замест гэтай гарачыні наступілі халады і халепа… А ён жа, можа, у гэтую самую хвіліну назірае за мной.

Кемп ушчыльную падышоў да акна і раптам спалохана адскочыў: штосьці моцна стукнула ў сцяну над рамай.

— Аднак нервы ў мяне расхадзіліся, — прамовіў ён сам сабе. Але добрых пяць хвілін ён не адважваўся зноў падысці да акна. — Верабей, можа, — сказаў ён.

Тут ён пачуў званок ад уваходных дзвярэй і паспяшаўся ўніз. Ён адсунуў засаўку, павярнуў ключ, агледзеў ланцуг, умацаваў яго і асцярожна прачыніў дзверы, не паказваючыся. Знаёмы голас аклікнуў яго. Гэта быў палкоўнік Эдай.

— На вашу пакаёўку напалі, - сказаў Эдай з-за дзвярэй.

— Што?! — усклікнуў Кемп.

— Вашу запіску ў яе адабралі. Ён недзе паблізу. Упусціце мяне.

Кемп зняў ланцуг, і Эдай сяк-так праціснуўся ў вузкую шчыліну ледзь прачыненых дзвярэй. Ён з палёгкай уздыхнуў, калі Кемп зноў налажыў засаўку.

— Запіску вырвалі ў яе з рук. Яна страшна напалохалася. Цяпер яна ў маім участку. З ёй істэрыка. Ён дзесьці паблізу. Што было ў запісцы?

Кемп вылаяўся.

— Дурань жа я! — сказаў ён. — Мог бы здагадацца: адсюль жа да Хінтандзіна менш гадзіны хады. Ужо!

— У чым справа? — спытаўся Эдай.

— Вось паглядзіце! — сказаў Кемп і павёў Эдая ў кабінет. Ён падаў яму пісьмо Невідзімкі. Эдай прачытаў і ціхенька свіснуў.

— А вы?.. — спытаўся ён.

— Падстроіў пастку, — сказаў Кемп, — і як дурань паслаў план з пакаёўкай. Проста яму ў рукі.

Эдай цярпліва выслухаў блюзнерства Кемпа. Потым сказаў:

— Ён уцячэ.

— Не, не, — адказаў Кемп.

Зверху пачуўся звон і трэск разбітага шкла. Эдай заўважыў маленькі рэвальвер, які тырчаў з кішэні Кемпа.

— Гэта ў кабінеце! — сказаў Кемп і першы стаў падымацца па лесвіцы. Яшчэ не дайшоўшы да сярэдзіны яе, яны зноў пачулі трэск.

У кабінеце яны ўбачылі, што два вакны з трох разбіты, падлога засыпана асколкамі, а на пісьмовым стале ляжыць вялікі камень. Абодва спыніліся на парозе, гледзячы на разбурэнне. Кемп зноў вылаяўся, і ў тую ж хвіліну трэцяе акно трэснула, быццам стрэлілі з пісталета, і на падлогу са звонам пасыпаліся асколкі.

— Навошта гэта? — сказаў Эдай.

— Гэта пачатак, — адказаў Кемп.

— А залезці сюды няма ніякай магчымасці?

— Нават кошка не залезе, — адказаў Кемп.

— Аканіц няма?

— Тут няма. Ва ўсіх ніжніх пакоях… Ого!

Знізу данёсся звон разбітага шкла і трэск дошак пад цяжкім ударам.

— Каб яго чорт узяў, - сказаў Кемп. — Гэта, напэўна… так, гэта ў спальні. Ён збіраецца апрацаваць увесь дом. Дурань ён. Аканіцы зачынены, і шкло будзе падаць знадворку. Ён парэжа сабе ногі.

Яшчэ адно акно абвясціла аб сваім разбурэнні. Кемп і Эдай стаялі на пляцоўцы, не ведаючы, што рабіць.

— Вось што, — сказаў Эдай, — дайце мне палку ці што-небудзь падобнае: я схаджу ва ўпраўленне і загадаю прыслаць сабак. Тады мы яго зловім.