Выбрать главу

Гербэрт Уэлс

Чалавек, які ўмеў рабіць цуды

Пантум у прозе

Даволі сумнеўна, што гэта была прыроджаная здольнасць. Я, са свайго боку, мяркую, што яна з’явілася ў яго раптоўна. Бо фактычна да трыццаці гадоў ён быў перакананым скептыкам і не верыў у цудадзейныя сілы. І тут будзе самы зручны момант расказаць, што гэта быў невысокі чалавек з карымі-карымі вачыма, вельмі натапыранымі рыжымі валасамі, вусамі, кончыкі якіх ён падкручваў, і рабаціннем. Звалі яго Джордж Макуіртэр Фатэрынгей – яго імя не прадвяшчае ніякіх цудаў – і працаваў ён клеркам у Гомшатаў. Ён быў адданым прыхільнікам пазітыўнай аргументацыі ў спрэчках. І самы першы намёк на ягоныя звышнатуральныя сілы пазітыўна праявіўся, калі ён даводзіў немагчымасць цудаў. Гэтая спрэчка адбывалася ў бары “Вялікі Дракон”, і Тодзі Біміш увесь час манатонна пярэчыў: “Гэта вы так кажаце”, – што даводзіла містэра Фатэрынгея да мяжы шаленства.

Акрамя гэтых двух, прысутнічалі таксама адзін раварыст, запылены з ног да галавы, землеўласнік Кокс і міс Мэйбрыдж, надзвычай самавітая і даволі тоўстая буфетчыца “Дракону”. Міс Мэйбрыдж стаяла спінай да м-ра Фатэрынгея, мыючы шклянкі. Астатнія назіралі за ім, у большай ці меншай ступені зацікаўленыя тым, як прабуксоўвае яго пазітыўны метад. Раздражнёны шматузроўневай абаронай м-ра Біміша, м-р Фатэрынгей наважыўся ўжыць незвычайны рытарычны прыём.

– Паслухайце, містэр Біміш, – сказаў м-р Фатэрынгей, – давайце вызначымся, чым ёсць цуд. Гэта нешта такое, што супярэчыць нармальным прыродным умовам і здзяйсняецца сілай волі, нешта, што не магло б адбыцца, калі б не было адмыслова выклікана.

– Гэта вы так кажаце, – перарваў яго м-р Біміш.

М-р Фатэрынгей звярнуўся да раварыста, які дагэтуль быў толькі маўклівым слухачом, і атрымаў ад таго згоду, выражаную нерашучым пакашліваннем і пагляданнем на м-ра Біміша. Землеўласнік не выказаў ніякай думкі, а м-р Фатэрынгей вярнуўся да мра Біміша, які нечакана саступіў, стрымана пагадзіўшыся з прыведзеным азначэннем цуду.

– Прывядзем прыклад, – сказаў м-р Фатэрынгей, моцна падбадзёраны. – Дапусцім, тут адбыўся цуд. Гэная лямпа пры нармальных прыродных умовах не магла б гарэць так, як цяпер, каб перавярнулася дагары дном, праўда, Біміш?

Вы сцвярджаеце, што не магла б.

– А вы? Вы так не сцвярджаеце, га?

– Ладна, – сказаў Біміш неахвотна. – Не магла б.

– Выдатна. І вось падыходзіць нехта, хай гэта буду я, і становіцца... ну, няхай вось тут ды кажа да лямпы, вось як я цяпер, сабраўшы ўсю сваю волю: “Перакуліся дагары дном, ды так, каб агонь не збіўся, а працягваў роўна гарэць”, – і – авохці!

І толькі прагучала гэтае: “Авохці!” – як немагчымае, неверагоднае ўбачылі ўсе. Лямпа павісла дагары дном і ціха працягвала гарэць, паказваючы язычком агню долу. Гэта было настолькі аб’ектыўна і несумненна, наколькі аб’ектыўнай і несумненнай толькі можа быць лямпа, банальная, звычайная лямпа ў бары “Вялікі Дракон”.

М-р Фатэрынгей застыў з выстаўленым указальным пальцам, звёўшы бровы ў чаканні жудаснага бразгату. Раварыст, што сядзеў каля лямпы, адхінуўся і адскочыў у іншы кут бару. Усе адскочылі так ці інакш. Міс Мэйбрыдж павярнулася і ўскрыкнула. Амаль тры секунды лямпа вісела нерухома. Слабы крык пакуты вырваўся з глыбіні душы м-ра Фатэрынгея.

– Я не магу больш яе трымаць, – прастагнаў ён.

Ён адхіснуўся, а перакуленая лямпа раптам успыхнула, упала ў кут бару, адскочыла ўбок, разбілася аб падлогу і згасла.

На шчасце, яе рэзервуар быў металічны, бо іначай усё навокал было б у агні. Містэр Кокс загаварыў першы, і з яго выказвання без лішніх адступленняў вынікала, што Фатэрынгей – дурань. Фатэрынгей быў не ў стане запярэчыць нават такому катэгарычнаму меркаванню! Тое, што адбылося, бязмерна здзівіла яго. Далейшая размова абсалютна не праліла святла на тое, што яго агаломшыла. Усе не толькі ў поўнай меры, але і вельмі горача падтрымалі думку м-ра Кокса. Кожны быў рады абвінаваціць Фатэрынгея ў дурным фокусе і выставіць яго перад ім самім неразумным парушальнікам цішыні і спакою. Ён сам у віры разгубленых думак быў гатовы пагадзіцца з усімі і абсалютна марна спрабаваў адмовіцца, калі яму прапанавалі сысці.

Ён ішоў дадому расчырванелы і ўсхваляваны, каўнер паліто скамечыўся, вочы моцна балелі, а вушы гарэлі. Ён трывожна паглядаў на кожны з дзесяці ліхтароў, мінаючы іх. І толькі застаўшыся адзін у сваім маленькім пакойчыку на Чэрч-роў, ён здолеў засяродзіцца на ўспамінах пра здарэнне і запытаць сябе: “А што ўласна адбылося?”

Зняўшы паліто і чаравікі, ён сядзеў на ложку, трымаючы рукі ў кішэнях, і ў семнаццаты раз паўтараў сваё апраўданне: “Я не хацеў, каб гэтая поскудзь перакулілася”, – і тут яму прыйшло да галавы, што ў той самы момант, калі ён вымавіў словы загаду, то ненаўмысна пажадаў таго, што сказаў, і што калі ён убачыў лямпу ў паветры, то адчуў, што ад яго залежыць, ці трымаць яе гэтак, хоць ён і не ўяўляў, як гэта рабіць. Ён меў не дужа складана арганізаваны розум, бо іначай мог бы на нейкі час азадачыцца гэтым “ненаўмысна пажадаў”, спрабуючы зразумець усе цьмяныя праблемы ўсведамлення ўчынкаў. Але ён быў менавіта такім, якім быў, таму гэтае ўяўленне прыйшло да яго ў цалкам прымальнай няяснасці. І ад такога ўяўлення, не трымаючыся, трэба адзначыць, ніякай выразнай лагічнай паслядоўнасці, ён перайшоў проста да правядзення эксперыменту.