Выбрать главу

Гэтага м-р Фатэрынгей, канечне, у поўнай меры не ўсведамляў. Але ён зразумеў, што ягоны цуд пацярпеў няўдачу, і ад гэтага адчуў вялізную агіду да цудаў. Цяпер ён быў у цемры, бо хмары згрувасціліся і перакрылі месяц, які толькі што быў відаць, а паветра напоўнілася мігатлівымі, бурлівымі, ускаламучанымі аблокамі друзу. Незвычайнае завыванне ветру і вады напоўніла зямлю і неба, і ўглядаючыся з-пад далоні супраць ветру скрозь пыл і град, ён убачыў у гульні маланак велічэзную сцяну вады, якая ішла на яго.

– Мэйдыг! – крычаў м-р Фатэрынгей кволым голасам скрозь шум стыхіі. – Сюды! Мэйдыг!

– Спыніся! – гукаў ён да вады, якая набліжалася. – О, дзеля Бога, спыніся!

– Хвілінку, – казаў м-р Фатэрынгей да маланак і грому. – Пастойце хвілінку, пакуль я збяруся з думкамі… Што мне цяпер рабіць? – пытаў ён. – Што мне цяпер рабіць? Госпадзе! Каб жа Мэйдыг быў тут.

– Ведаю! – ускрыкнуў м-р Фатэрынгей. – І дзеля Бога, хай цяпер усё атрымаецца.

Ён усё стаяў рачком, схіліўшыся супраць ветру, вельмі засяроджаны, каб усё зрабіць правільна.

– Так! Хай нічога з таго, што я загадаю, не збываецца, пакуль я не скажу “Давай!”… Госпадзе! Чаму я не прыдумаў гэтага раней!

Ён узняў свой слабы голас супраць смерчу, марна намагаючыся крычаць гучней, каб пачуць, што кажа.

– Так, зараз! Памятай, пра што мы толькі што дамовіліся. Па-першае, калі споўніцца ўсё, што я скажу, забяры ў мяне цудатворную сілу, хай маё жаданне будзе значыць столькі ж, колькі жаданне любога іншага, і ўсе гэтыя небяспечныя цуды скончацца. Мне яны не даспадобы. Лепш бы я іх не рабіў. Сапраўды. Гэта першае. А другое: вярні мяне ў час якраз перад тым, як пачаліся цуды. Хай усё будзе так, як было перад момантам, калі перакулілася праклятая лямпа. Гэта вялікае жаданне, але самае апошняе. Зразумеў? Канец цудам, усё як было: я зноў у “Вялікім Драконе”, якраз перад тым, як выпіў свае паўпінты. Вось! Так.

Ён пагрузіў пальцы ў зямлю, заплюшчыў вочы і сказаў: “Давай!”

Усталявалася абсалютная цішыня. Ён адчуў, што стаіць роўна.

– Гэта вы так кажаце, – прагучаў голас.

Ён расплюшчыў вочы. Ён быў у бары “Вялікі Дракон” і спрачаўся пра цуды з Тодзі Бімішам. У яго ўзнікла было няпэўнае пачуццё, што ён забыўся пра нешта істотнае, але яно імгненна прайшло. Рэч у тым, што, за выключэннем цудадзейных сілаў, усё стала па-ранейшаму, таму яго розум і памяць цяпер былі роўна такімі, як тады, калі гэтая гісторыя пачыналася. Ён не ведаў абсалютна нічога пра ўсё, апісанае вышэй, – і да сённяшняга дня нічога не ведае. А сярод іншага, вядома, ён дагэтуль не верыць у цуды.

– Я вам паўтараю, што цуды, уласна кажучы, адбывацца не могуць, – сказаў ён, – што б вы сабе ні думалі. І я цалкам гатовы давесці гэта.

– Гэта вы так думаеце, – сказаў Тодзі Біміш і дадаў: – Давядзіце ж, калі можаце.

– Паслухайце, містэр Біміш, – сказаў м-р Фатэрынгей. – Давайце вызначымся, чым ёсць цуд. Гэта нешта такое, што супярэчыць нармальным прыродным умовам і здзяйсняецца сілай волі…