Не ведаючы, што пісаць у адказ на такія лісты, я не пісала зусім. І не хацела болей прыязджаць у Млынавы Раўчук, тым больш не збіралася бачыцца з Лемюэлем ды яго цётачкамі і прымаць ад іх падарункі. А абмяркоўваць з ім вяселле зусім не ўваходзіла ў мае планы. Мае планы. Яны былі простымі: сядзець у пакоі, вязаць шаль ці плед — штосьці простае і доўгае, што не патрабуе пільнай увагі — і сумаваць. Мала таго, што я невідзімка, дык яшчэ і няўдачніца. За што ні вазьмуся — нічога не атрымліваецца. Пошукі зайшлі ў тупік, не паспеўшы пачацца, а варта мне было сустрэць сімпатычнага маладога чалавека, як высветлілася, што ён вось-вось ажэніцца. З дзяўчынай вельмі строгіх правіл. Так, Лемюэлю з яго нямышамі ды завяртушкамі, толькі такую дзяўчыну і трэба. Бываюць жа сем’і, дзе ўсім запраўляе жонка, а муж толькі выходзіць на сняданак, абед і вячэру ды займаецца рознымі глупствамі. Сядзіць, напрыклад, на старой грушы ды глядзіць у падзорную трубу.
Стары дом чараўніка не выходзіў у мяне з галавы. Ды і цяжка было забыцца, маючы паўсюль яго выявы. Толькі цяпер, знаходзячыся ў добраахвотным пустэльніцтве ў сваім пакоі, я зразумела, чаму жыллё Лемюэля здавалася мне такім знаёмым. Таму што ўсе дзесяць прабабчыных вышывак у рамках, што віселі ў мяне на сцяне, выяўлялі адное і тое ж месца — дом нумар адзін па Самшытавай вуліцы. Чырвоная дахоўка, сіняя аблупленая палівачка — божа мой, дваццаць пяць гадоў таму яна ўжо была аблупленай! І гэтак жа квітнелі мальвы, і стракацелі клумбы, і драмаў у цені ўкапаны пад грушай кульгавы зэдлічак, і чакала лістоў паштовая скрыня. Сумна і спакойна глядзела на мяне са сцен прабабчына мінулае, прыгожае, ціхамірнае, захаванае на памяць, любоўна вышытае крыжыкам.
Ведаеце гульню «Знайдзі дзесяць адрозненняў»? Я любіла яе ў дзяцінстве — і захапілася цяпер. Я шукала адрозненні на прабабчыных карцінах — і знаходзіла іх. На некаторых вышыўках дом быў не такім, якім бачыла яго я. Кармушка для птушак, дзе выяўляліся сінегаловыя сініцы, гілі ды попаўзні, была занесена снегам, а гэта азначала, што прабабуля бывала на Самшытавай вуліцы і ўзімку. Старая груша была ўся ў кветках — значыцца, прабабуля бывала там увесну. Ганак з крэслам і пледам быў засыпаны жоўтым лісцем, чырванелі ягады рабіны ў вазе — прабабуля бывала там і ўвосень. Я спрабавала ўявіць яе і сэра Лемюэля Грымсвотна-старэйшага, маладых і прыгожых, якія гуляюць па садзе, смяюцца. можа, нават цалуюцца. Няўжо ў іх быў раман? Але ў чараўніка ж была вялікая сям’я, і ў прабабулі — дачка. Як жа так? Няўжо яны сустракаліся таемна?
Частка 10
Наступіла восень. Бабуля ездзіла ў Млынавы Раўчук на кірмашы ўраджаю, я ўпарта заставалася дома, але потым адбылася выстава гарбузоў. Бабулін гарбуз урадзіўся неверагодна велізарны — сапраўдная карэта для дамарослай Папялушкі, — і ёй было не ўправіцца з гэткай аграмадзінай самастойна. Мы нанялі воз і адправіліся ў шлях. Каб апраўдаць расходы, бабуля везла зімовыя грушы і турнэпс, а я захапіла скрутак з вязаннем. Калі журуся ці нервуюся, я вяжу. Вязанне супакойвае. І гэтага заспакаяльнага навязалася так многа, што хоць у аптэку здавай.
Паездка ўдалася. Бабулін гарбуз заняў на выставе ганаровае другое месца і атрымаў медаль, і разам з медалём адразу ж быў набыты нейкім крамнікам для ўпрыгожвання вітрыны. Гандаль таксама ішоў паспяхова. У бабулі раскупілі ўсе грушы, я прадала некалькі шалікаў і каптуроў, і хтосьці прыцэньваўся да пальчатак, калі раптам бабуля пхнула мяне локцем убок.