Выбрать главу

тады, пры нашай самай першай сустрэчы.

— Дэйсі, я не ведаю мэты тваіх пошукаў, але, мне здаецца, гэта не ў тваім характары — спыняцца на паўдарозе.

— А калі там ізноў не будзе таго, што мне трэба? — прамармытала я, як маленькая дзяўчынка, якая марыць пакатацца на поні, але вельмі баіцца зваліцца, і хоча каб яе ўгаварылі, паабяцалі, што ўсё будзе добра.

Але Лем нямоцна разбіраўся ў псіхалогіі маленькіх дзяўчынак.

— Ну добра, — сказаў ён. — Тады аддай мне ключ і я сам гляну, што там у куфры.

Я інстыктыўна схапілася за ключ, што вісеў у мяне на шыі пад адзежай.

— Аддаць? Не, я не магу.

— Не дуры, Дэйсі. Гэта прадзедаў ключ, ён належыць сямейству Грымсвотнаў. Я даў яго табе, бо думаў, што ты шукаеш штосьці жыццёва важнае, я хацеў табе дапамагчы. Але, здаецца, памыляўся, і цяпер прашу вярнуць мне маю маёмасць, інакш, буду вымушаны звярнуцца да палісмена. Дэйсі Мэй, вы ж не зладзейка?

Толькі пасля гэтых слоў я зразумела, што ён строіць дурня. Гэта і быў яго спосаб угаворвання маленькай дзяўчынкі. Лем зарагатаў, назіраючы, як з майго твару сыходзіць абураны выраз.

— Куфар знаходзіцца ў маёй састарэлай цёткі. Не, не ў Падушачкі, у іншай. Мы маглі б наведаць яе сёння, — ён памаўчаў. — Дэйсі, ведаеш, гэтыя твае пошукі заразілі і мяне. Цяпер я таксама страшэнна хачу знайсці «тое, не ведаю, што». Для цябе.

— Ну. Не ведаю. Калі бабуля адпусціць. — прамармытала я.

Бабуля адпусціла. Мне здаецца, яна наогул не чакала ўбачыць мяне сёння зноў, і калі мы падышлі да прылаўка, дзе высілася апошняя самотная купка турнэпсу, бабуля працадзіла, падлічваючы дробязь у вязаным кашальку:

— Ідзі ўжо. Вырашыла рабіць штосьці — дык рабі, а не дрыжы.

Частка 11

Узяўшы пад руку Лемюэля, я паважна пайшла з ім да выхада з кірмашовых радоў. На яго твары расцвіла ўсмешка, і ён раз-пораз паварочваўся да мяне, нібы хацеў яшчэ раз пераканацца, што я побач і нікуды не падзелася. А я падумала: калі ён не трывожыцца пра ўласную рэпутацыю і спакой сваёй нявесты, чаму пра гэта павінна клапаціцца я?

Не ведаю, ці зразумеў Лем, чаму я зноў стала з ім мілай і ласкавай, але калі ён заўважыў гэту змену, то стаў у тры ці чатыры разы больш усміхацца і распавядаць усялякія глупствы. А мне было добра і трохі горка, бо я аказалася недастаткова строгіх правіл для яго.

Па дарозе Лемюэль распавёў мне яшчэ крыху сваёй сямейнай гісторыі. Я мімаволі параўноўвала яго сям’ю і нашу. Рэчы маёй прабабулі звалілі на гарышча і забыліся пра іх. Са спадчынай старога Грымсвотна было інакш — сваякі ледзь не біліся за тое, каб узяць сабе штосьці на памяць. І дом трымалі ў парадку, пакуль маленькі Лемюэль не вырас і не ўступіў у правы.

— Некаторыя былі незадаволены, што дом адышоў мне, але аспрэчваць ніхто не стаў. Ды і сваю долю атрымаў кожны. Уся наша сям’я выдатна забяспечана, а з дому прадзед дазволіў кожнаму ўзяць памятны сувенір. Мая матухна ўзяла частку кніг, цётка Мод — сакрэтнік, а вось іншая цётка, Генрыета, як высветлілася, паспела раней за ўсіх і адхапіла куфар з драконамі. Так, так, той самы, да якога падыходзіць таямнічы драконавы ключ. Нядаўна мы з маці і сястрой наведвалі цётку Генрыету, і яна папрасіла мяне штосьці адшукаць у кладоўцы. І я натыкнуўся там на гэты куфар. Цётка стаяла побач і трымала лямпу, таму я не змог праверыць, адкрыты замок ці замкнёны. І наогул, не стаў дэманстраваць сваю цікаўнасць, інакш цётка перахавала б куфэрак у новае месца. Б’юся аб заклад: яна была ўпэўнена, што там усярэдзіне скарбы. Мне не церпіцца даведацца, ці мела яна рацыю.

— Чаму ж ты адразу не спытаўся ў яе?

Лемюэль скрывіўся.

— Я спадзяюся на тваё абаянне. Мяне яна недалюблівае. У дзяцінстве я разбіў яе крыштальную вазу — і не дараваны дагэтуль. Упэўнены, цётка да гэтай пары выношвае план помсты. Баюся, як бы не атрымаць аскепкі гэтай вазы ў якасці вясельнага падарунка.

Калі мы падышлі да невялікага дамка, схаванага за разгалістымі старымі вербамі, Лемюэль зрабіў страшныя вочы і сказаў:

— Дэйсі, пакляніся, што не станеш каштаваць каменных кексаў.

— Чаму? — мне наогул падабаўся гэты гатунак выпечкі.

— Таму што ў цётачкі Генрыеты кексы і праўда каменныя. Мясцовы дантыст ужо багацце нажыў на яе гасцях. Не, праўда, пакляніся! Я абяцаў прыглядваць за табой! Мне будзе няёмка, калі ты вернешся да бабулі, як стары грабянец, з паламанымі зубамі. Ты чуеш мяне, непаслухмяная дзяўчынка?

Цётка Генрыета аказалася сухарлявай і зласлівай бабулькай. Дзіўна, як парой у адных і тых жа бацькі і маці могуць нарадзіцца такія розныя дочкі: адна пульхная, мяккая і лагодная, другая — падобная да прышчэпкі для бялізны. Як быццам нехта ўсемагутны, замешваючы сям’ю і размяркоўваючы інгрэдыенты для будучых дзяцей, адвярнуўся на момант — ці то птушка ў акне праляцела, ці то пагрукалі ў дзверы — і потым пераблытаў, усыпаў у адну міску зашмат соды ці цынамону, а ў іншую чагосьці не даклаў.