— Дэйсі, ты толькі паглядзі, якія тут скарбы, — мармытаў тым часам Лемюэль. — Я так удзячны табе! Калі б не ты, я б не зацікавіўся сур’ёзна прадзедам і яго працамі. Я быў нейкім перакаці-полем, а цяпер пачуваю сябе хай і маладзенькім дрэўцам, але з вельмі доўгімі каранямі.
Ён даставаў кнігі адну за адной, чытаў назвы і ставіў назад, асцярожна пагладжваючы іх па вокладках, быццам гэта былі не кнігі, а завяртушкі з іх пыльнымі мяккімі лапкамі ці бяспёры — толькі што вылупіўся — мазгаклюй. О, здаецца, я пачынаю думаць катэгорыямі Лемюэля. Таго і глядзі, маленькія нямышы перастануць мяне дзічыцца і вылезуць з норкі, каб я пачасала ім за вушкам.
— «Мастацтва варэння зелляў», «Яды і кіслоты», «Гаючыя ўласцівасці балотных раслін», «Тынктуры, адвары, слізі» — паслухай, тут адны назвы чаго каштуюць. — «Пра карысць пеўневага каменя і пра шкоду яго», «Як прыгатаваць амаладжальны эліксір у хатніх умовах»…
Частка 13
Яны перакідваліся жартачкамі ўсю дарогу, а я безуважліва слухала. Не верылася, што хутка буду вызвалена ад чараў. Я аказалася негатовай да таго, што ўжо не трэба перажываць і цяжка ўздыхаць, а можна цешыцца і пачынаць новае, яркае, цікавае, бачнае жыццё. Шчыра кажучы, у гэтай чахардзе з пошукамі схованак, ключоў, куфраў і чароўных кніг я зусім забылася пра тое, што я невідзімка. Лемюэль і яго сямейства не давалі мне часу на гаротныя разважанні, і як жа тужліва мне было пры думцы, што цяпер скончыцца ўся гэта мітуслівая прыгода, я забяру сваю порцыю «самага дзейснага сродку», памахаю рукой і адпраўлюся дахаты. Мне так не хацелася развітвацца з гэтымі мілымі людзьмі, якіх я ўжо паспела палюбіць! Нават дзіўныя цётачкі сталі мне як родныя, а ўжо вяснушкаватая смешная Молі, і яе прыгожая добрая матухна, а ўжо Лемюэль, пра жаніцьбу якога ўсе толькі і размаўлялі! Як шкада, што мы пазнаёміліся з ім толькі цяпер, калі яго вясельны фрак ужо аддалі ў чыстку.
Думкі мае ішлі сваім парадкам, а ногі — сваім, і вось мы спыніліся ля прысадзістага двухпавярховага будынка. Гарэзліва мне падміргнуўшы, Молі схавалася за цяжкімі дзвярамі. На іх было напісана. напісана. чакайце, на іх напісана «Фармацыя»? Аптэка?!
— Як аптэка? Чаму? — разгубілася я.
— Бо містар Свіфт — аптэкар, — растлумачыў Лем. — Не ў булачнай жа нам яго шукаць?
— Аптэкар? Я думала, ён. ён. — я пасаромелася прамовіць слова «чараўнік», каб не паказацца смешнай. Так, у нашы дні чараўніцтва выйшла з моды. Вось і містар Свіфт асцярожнічае. Хто ведае, магчыма, чараўнікам даводзіцца плаціць у тры разы больш падаткаў ці афармляць зашмат дакументаў, вось і хаваюцца яны за аптэчнымі шыльдамі.
Лемюэль з чаканнем глядзеў на мяне, і мне раптам здалося, што ўсе мае думкі адлюстроўваюцца ў мяне на лбе, а ён чытае іх, ледзь стрымліваючы смех.
Тут дзверы аптэкі ляснулі і на вуліцу выскачыла Молі з невялікай бутэлечкай у руках. Дзяўчынка велікадушна працягнула яе мне са словамі:
— Трымай. Матухна мае рацыю, табе патрэбней. А я пачакаю наступнай порцыі містар Свіфт сказаў, што сродак вельмі складаны і гатуецца амаль месяц.
Падзякаваўшы, я ўзяла бутэлечку ў рукі і пачала круціць яе, вышукваючы этыкетку, паперку з хоць якімі парадамі да ўжывання — тое, што звычайна пішуць на вырабленых хімічным шляхам рэчывах. Бо я не ведала, як трэба піць гэта зелле: удзень па чайнай лыжцы нашча ці залпам у поўню, стоячы на скрыжаванні сямі дарог?
— Што ты шукаеш? — спытала Молі. — Містар Свіфт не стаў налепліваць ярлычок, ён перадаў мне ўсё вусна. Змазваць трэба пяць разоў на дзень, з інтэрвалам у тры гадзіны, пасля стараннага ўмывання.
— Змазваць? Пасля ўмывання? — паўтарыла я. — Змазваць што?!
— Як што? — цяпер ужо здзівілася Молі. — Вяснушкі.
— А прычым тут вяснушкі? — я здзіўлена глядзела на яе.
— Як гэта прычым? — яна кінула хуткі погляд на Лема, але брат толькі паціснуў плячыма, таму што сам не разумеў, што ж мяне гэтым разам не задавольвае.
— Што ты мне прынесла? — з раптоўным жахам спытала я, гледзячы на бутэлечку.
— Тое, што ты і шукала, — пакрыўджана прагаварыла Молі, — самы дзейсны сродак ад вяснушак, рэцэпт з 87 старонкі, што ж яшчэ? Калі я цябе ўпершыню ўбачыла, то адразу зразумела, што менавіта ты хочаш знайсці ў прадзедавай кніжцы. Я цябе вельмі добра разумею! — цяпер Молі казала з жарам і запалам. — Я таксама цярпець не магу гэтыя рудыя плямы на твары, і абавязкова пазбаўлюся ад іх, і мая скура стане прыгожай і чыстай, і…
— Але прычым жа тут вяснушкі? — прагаварыла я. — Молі, Лем, вы ўпэўнены, што містар Свіфт правільна расшыфраваў запісы вашага прадзеда? На 87 старонцы павінна было быць нешта зусім іншае! Быць можа, у простага аптэкара не хапіла адукацыі і ведаў, каб правільна растлумачыць рэцэпт?