Выбрать главу

— Упэўнены, што містар Свіфт усё зрабіў правільна, — адказаў Лем сур’ёзна. — Сама памяркуй, Дэйсі, хто лепш прачытае запісы аптэкара, чым іншы аптэкар?

— Аптэкара? Што? Ты хочаш сказаць, што сэр Лемюэль Грымсвотн быў аптэкарам?

— Ну так, маг фармацэўтыкі, уладар глаўберавай солі і рыцыны, дрэсіроўшчык п’явак, а пры згасаючым месяцы ён яшчэ і зубы вырываў ахвотнікам.

Мяне нібы аглушыла, і ўсе словы Лема даносіліся здалёк, праз тоўстую заслону ашаламлення і смутку. Аптэкар. Сродак ад вяснушак. Змазваць пасля ўмывання. А як жа чараўніцтва? Як жа спосаб стаць бачнай і нарэшце зрабіць штосьці са сваім сумным жыццём? І чаму, чаму ж я за ўвесь гэты час ні разу не пацікавілася прафесіяй сэра Грымсвотна, а толькі чула тое, што хацела пачуць?

Зразумеўшы, што слёзы кіпяць на вачах, я аддала Лемюэлю злашчасную бутэлечку і кінулася прочкі.

— Дэйсі, куды ж ты? — закрычала Молі разгублена.

А я і сама не ведала, куды. Мне хацелася скрозь зямлю праваліцца, абы толькі не стаяць цяпер побач з гэтымі цудоўнымі людзьмі, дабрыню і спагадлівасць якіх я так бессаромна выкарыстоўвала, распавядаючы пра «пытанне жыцця і смерці». А ў выніку аказалася, што я шукала ўсяго толькі рэцэпт ад вяснушак? О, якая насмешка лёсу. Якая пстрычка па носе. І па заслугах мне, па заслугах! Нудная, маркотная, няздольная падтрымліваць гутарку і жартаваць, нязграбная, непрыгожая і немаладая, я раптам уявіла пра сябе немаведама што. Зачараваная. Ды каму я патрэбна! Не, зачароўваюць шкодных і наравістых прыгажунь, а такую, як я, ніводны нармальны чараўнік і не заўважыць.

Я забегла ў нейкую цёмную падваротню і дала волю слёзам. Ох, як я кляла сябе, прыдуркаватую, за тое, што дазволіла разгуляцца фантазіям, за тое, што вышукала ў старадаўніх лістах словы, якіх там не было, а потым увяла ў зман незнаёмых мне людзей, блукала па іх дамах, выслухвала чужыя сямейныя гісторыі, ледзь не па іу, шафах і кладоўках шнарыла. Божа, які сорам, якая ганьба! Аптэкар! А я напрыдумляла сабе невядома што! Маг і чарнакніжнік, стваральнік гамункулусаў, заклінальнік чарцей, ратавальнік дурных жытнёвых блінчыкаў… Не, з цыбуліны не вырасце ружа, бабуля правільна кажа. йч Я рыдала, захінуўшы твар рукамі, як раптам хтосьці абхапіў мае плечы, асцярожна і моцна, і разгарнуў мяне да сябе. Я ўткнулася тварам у мяккую тканіну Лемавага сурдута і расплакалася яшчэ больш.

Калі вы жадаеце суняць нечыя слёзы, размаўляйце, смейцеся, іранізуйце, заводзьце гутарку пра надвор’е ці крычыце, толькі не абдымайце і не шкадуйце. Ад жалю да самога сябе ды атрымаўшы шчодрую порцыю спагады, чалавек рыдае яшчэ саладзей.

— Дэйсі, Дэйсі, што здарылася? — разгублена паўтараў Лемюэль і гладзіў мяне па валасах, а я плакала плачма, таму што ён так імкнуўся мне дапамагчы, а я.

— Чаму ты не сказаў мне адразу, што твой прадзед быў аптэкарам? — прагаварыла я скрозь рыданні. — Чаму?

— Дык ты ж не пытала, — сказаў ён, працягваючы мне насоўку, бо мая ператварылася ў мокрую, вартую жалю анучку. — Ты прыйшла тады на Самшытавую вуліцу і паводзіла сябе роўна гэтак жа, як шматлікія дзяўчыны і жанчыны, што прыходзілі сюды. Усе яны паўтаралі адно: «Пытанне жыцця і смерці!» — і закліналі мяне паказаць ім рэцэпт сродку ад бародавак ці для росту валасоў. Прадзед быў непераўзыдзеным майстрам па частцы жаночых сродкаў для прыгажосці, ты хіба не ведала? У мяне і думкі не было цябе падманваць, я шчыра хацеў дапамагчы.

Я рыдала.

— Дэйсі, Дэйсі, але што ж ты шукала? Што павінна было аказацца на 87 старонцы? — занепакоена спытаў ён.

— Сродак. ад нябачнасці. — скрозь сорам і слёзы вымавіла я. — Мая прабабуля. у лісце. Я думала, сэр Грымсвотн чараўнік. дапаможа мне. стаць бачнай. каб мяне нарэшце заўважылі.. Жыву ўсё жыццё, быццам мяне няма. і ўсе глядзяць скрозь мяне.

Тут Лемюэль выдаў нейкі дзіўны гук і сілай адвёў мае рукі ад заплаканага твару.

— Дэйсі, ну што ты! Што ты такое кажаш! Ты прыкметная! І нават вельмі прыкметная, — сказаў ён і прыняўся пальцамі выціраць слёзы, што каціліся па маіх шчоках. — Ты такая мілая і клапатлівая, тактоўная і выдатна выхаваная! І вяснушкі табе вельмі пасуюць. А калі ты стаіш спінай да сонца, яно прасвечвае праз твае валасы, яны залоцяцца і ззяюць, як смешны непрычасаны німб. І ты так кранальна запраўляеш валасы за вушы… А на ўказальным пальцы правай рукі ў цябе мазоль ад вязання. А калі ты ўважліва слухаеш, то схіляеш галаву набок, як маленькая разумная птушачка. А калі задумваешся ці нервуешся, пачынаеш выстукваць нейкі матыў пальцамі левай рукі. Я ўсё спрабаваў зразумець, што гэта, але так і не здолеў. Ты адварочваешся ад люстэркаў. І ніколі не грукочаш дзвярыма. І не зрываеш кветкі, якія табе падабаюцца, а толькі пагладжваеш пальцам пялёсткі. Ты мілая, слаўная, і проста немагчыма прайсці міма, не заўважыўшы цябе. трэба быць дурнем. ці сляпым.