Я слухала яго як у сне. Мне хацелася, каб гэты сон ніколі не заканчваўся, але дзесьці там, знадворку, у жорсткай рэальнасці ўжо звінеў званок будзільніка, і гэты будзільнік быў самых строгіх правіл.
— Але ж у цябе ёсць нявеста, — сказала я горка. — Навошта ты ўсё гэта кажаш мне, калі ёсць яна?
Ён нахмурыўся.
— Прабач. Ты маеш рацыю, гэта бязглуздая сітуацыя, недарэчная і брыдкая. Я павінен быў адразу табе сказаць, — мямліў ён, а я адчувала, што цёплая асалода ад яго слоў хутка згасае, і на змену ёй прыходзіць горкае, цягучае адчуванне пакінутасці і адзіноты…
— Мая нявеста, Дэйсі, ці разумееш, яна з тых дзяўчат, з якімі не ўсё так проста. Ты толькі не кажы маёй матухне, бо я нават яшчэ не зрабіў афіцыйную прапанову.
Я збіраўся зрабіць надоечы, але ўсё адкладваў. Ведаеш, я страшэнна баюся, што мне адмовяць…
«Я б не адмовіла», — сумна падумала я. І мне зноў стала так шкада сябе! І на нейкае імгненне Лем зрабіўся мне непрыемны. Якое права мае ён стаяць тут і жаліцца на сваю строгую нявесту, якой ён баіцца? Мяне ж ён не баіцца, бо чаго мяне баяцца? Мне можна паплакацца ў камізэльку, я пашкадую, падбадзёру і дам добрую параду, а ён, як той міфічны мазгаклюй, расправіць крылцы і паляціць да сваёй нявесты з букетам ранункулюсаў у дзюбе.
— Я б табе адмовіла, — сказала я злосна. — Ты легкадумны і бессардэчны, ты іграеш на пачуццях людзей.
— Вось вы дзе! — разнёсся раптам па падваротні звонкі голас, а запыханая Молі наляцела на нас і абняла абодвух адразу. — Я ў іншы бок звярнула, думала, вы дадому пайшлі. А вы тут!
Молі пазбавіла нас з Лемам цяжкай гутаркі. Яна ўсяляк рабіла выгляд, што не заўважае майго заплаканага твару, і імкнулася не нагадваць пра злашчасны «дзейсны сродак», але я заўважыла, як яна ўпотай выцягнула бутэлечку з кішэні Лема і сунула ў свой рыдыкюльчык. Ах, Молі, Молі, мне б тваю наіўнасць і ўпэўненасць, што ўсе праблемы — у вяснушках.
Я катэгарычна адмовілася заставацца на вячэру, спаслаўшыся на тое, што бабуля будзе хвалявацца, калі я не прыеду сёння. Лемюэль праводзіў мяне на аўтобусную станцыю. Усю дарогу мы маўчалі, ён быў нейкі паніклы, ды і я не іскрылася весялосцю.
— Значыць, ты лічыш мяне нядобрым чалавекам, Дэйсі? — усё ж парушыў цішыню Лем.
— Несур’ёзным, — адказала я. Я не злавалася больш на яго, была абыякавай і маўклівай. Ды і не адказаць было б няветліва.
— І ты лічыш, што годная разумная дзяўчына не захоча са мной звязвацца? — дапытваўся ён.
— А ты правер, — не вытрымала я. — Прызнайся ў сваіх пачуццях, раптам яна кахае цябе і адразу пагодзіцца стаць тваёй жонкай.
— Справа не ў гэтым, — адказаў ён. — Цяпер я не адмовы баюся. Як ты не разумееш. Я баюся сапсаваць ёй жыццё.
Я падняла на яго здзіўленыя вочы.
— Я заўсёды быў улюбёнцам сям’і і сяброў, прывык лічыць сябе цудоўным чалавекам. Мае недахопы здаваліся мне ўсяго толькі мілымі асаблівасцямі характару. Я ніколі не думаў пра тое, што магу сур’ёзна засмуціць кагосьці. Магчыма, я сапраўды няварты чалавек, няздольны зрабіць нікога шчаслівым. Цяжка глядзець на сябе і бачыць не тое, што ты хочаш убачыць. Таму і пытаю цябе, Дэйсі. Ты незацікаўленая асоба. Мне патрэбен праўдзівы погляд збоку. Будзь маёй суддзёй.
Я чмыхнула.
— Лем, што ты гародзіш? Хто я такая, каб судзіць цябе?
— Ты. — ён замоўк і паглядзеў мне ў вочы. Я чакала працягу, але пад’ехаў аўтобус, і мы развіталіся.
Частка 14
Як я і думала, дома нікога не ўстрывожыла мая адсутнасць. Цётка Аўгуста ў гасцінай абмяркоўвала з майстрам па абіўцы мэблі модныя колеры гэтага сезона. Яна вырашыла перацягнуць арэхавы гарнітур — усё-ткі трэба быць у поўным узбраенні, калі ў доме дзве дзяўчыны на выданне (мяне яна не палічыла). Эма і Аліса сышлі гуляць, бацька быў у сваім кабінеце, а бабуля — на кухні. Яна моўчкі нагрузіла мне поўную талерку тушанай гародніны: турнэпс сёлета ўрадзіў багата, і мы елі яго часцей, чым звычайна.
— Спадзяюся, ты ведаеш, што робіш, Дэйсі, — прагаварыла бабуля, назіраючы, як я цягнуся за сальніцай і перачніцай, каб надаць смак саладкаватаму рагу. Не, яна не мела на ўвазе маю схільнасць да вострай ежы. Яна мела на ўвазе зусім іншае.