— А я больш нічога не раблю, бабуля, — адказала я ціха. І, ведаючы, што ёй будзе прыемна пачуць наступныя словы, дадала:
— Ты мела рацыю.
І хай бабуля сама дадумвае, у чым менавіта яна мела рацыю. Усё скончана. Цыбулька зразумела, што на клумбе ёй не месца, і вярнулася на градку.
Жыццё на нашай градцы ішло сваім парадкам. Восеньскія клопаты, першы снег, падрыхтоўка да Каляд. Мы сталі менш гуляць і больш піць гарачай гарбаты, часцей пячы пірагі і хутацца ў шалі. Перабіраючы летнія рэчы, я вытрасла дарожны сакваяж, і ў рукі мне зваліўся жоўты лісток з адрасам сэра Лемюэля Грымсвотнастарэйшага. Калі б я не спяшалася так на пошукі чараўніка, калі б мне хапіла розуму ці цярпення прабегчы вачыма ўвесь лісток, а не толькі радок з адрасам, маё лета атрымалася б сумным, але гэта пазбавіла б мяне ад шматлікіх перажыванняў і турбот. Бо я трымала ў руцэ пажоўклы рэцэпт, дзе вытанчаным дробным почыркам быў напісаны склад агурочнага бальзаму ад юнацкіх вугроў. Цікава, ці не маёй юнай бабулі сэр Лемюэль выпісаў калісьці гэты дзейсны сродак?
За акном паціху кружыліся сняжынкі, я вязала панчохі, нудзілася і праглядала мясцовыя газеты ў пошуках аб’явы пра шлюб сэра Лемюэля Грымсвотна. Аб’явы не было, і гэта пакідала маленечкую надзею. Раптам ён так і не зрабіў прапанову сваёй нявесце? Ці зрабіў і атрымаў адмову? А можа, ён перадумаў? Можа, зразумеў, што кахае зусім іншага чалавека? Я ўздыхала, адкладала вязанне, а потым доўга лавіла вочкі, якія ўцяклі. Нават вязанне перастала ўдавацца, хоць ты садзіся і вышывай.
Сярод рукадзелля маёй прабабкі была падушачка для іголак, вельмі вытанчаная, аздобленая пацеркамі. У яе не было ўваткнута ніводнай іголкі. Неяк увечары, пад завыванне снежаньскай завірухі за акном, я разабрала гэту ігольніцу на часткі, каб пачысціць яе і нанова напхаць. Мяне чакала чарговая неспадзеўка ад прабабкі. Напэўна, ніхто не разбіраў гэту ігольніцу раней, бо я знайшла больш за сотню іголак усярэдзіне!
Часам я адчуваю сябе, як гэта ігольніца. Думкі, вобразы, пачуцці, сумневы і мары перапаўняюць мяне, але ніхто пра гэта нават не падазрае. Усе бачаць толькі бляклую абалонку — нічога асаблівага, воку затрымацца няма на чым. Нікога не цікавіць мой унутраны свет. Зрэшты, мне варта быць больш сціплай. Чамусьці ўсе замкнёныя і сарамлівыя людзі накшталт мяне ўпэўнены, што ў іх багаты ўнутраны свет. А можа, насамрэч усе мы проста змрочныя мізантропы і палохаемся любых зносін менавіта таму, што нам няма чаго сказаць…
Набліжаліся Каляды. Мы спраўна паілі каньяком калядны кекс, пяклі імбірныя пернікі, і ўсе разам — Эма, Аліса і я — выбіралі на кірмашы высокую пышную ёлку. Як і заўсёды, я ўручыла ўсім у падарунак цёплыя шкарпэткі і іншыя вязаныя рэчы. І у сваю чаргу, атрымала падарункі. Тузін насовак ад Эмы, ярка-ліловы шалік ад цёткі і мой партрэт ад Алісы. Гэты партрэт у яе атрымаўся лепшым за папярэднія, прынамсі, вы без падказак змаглі б вызначыць, дзе на гэтым партрэце рот і дзе вочы.
І я атрымала яшчэ адзін партрэт — ад бабулі. Разгарнуўшы пакавальную паперу, я доўга не магла зразумець, хто і калі мог намаляваць мяне, бо гэтую блакітную, у ружачкі, сукенку я апранала толькі аднойчы, калі ездзіла ўлетку ў Млынавы Раўчук. Мастак дакладна прыкмеціў вяснушкі, што багата абсыпалі мой твар, нядбайна заколатыя тонкія валасы, невыразны носік, бледныя бровы ды вейкі. Бясспрэчна, гэта быў мастак-рэаліст, ён не любіў перабольшваць. Але сёе-тое ён усё-ткі прыдумаў. Мой позірк, маю паставу, мой велічны выгляд. Я глядзела з гэтага партрэта, быццам каралева на сваіх падданых, ледзь іранічна, ледзь пагардліва, у маіх вачах свяцілася пачуццё ўласнай годнасці і нават перавагі.
— Ты вельмі падобна да прабабкі, — сказала бабуля. — Таму я падумала, што яе партрэт павінен захоўвацца ў цябе.
— Прабабка? — толькі цяпер я зразумела, хто намаляваны на партрэце.
— Ёй было гэтулькі ж, колькі табе цяпер, калі адзін мастак намаляваў яе, — сказала бабуля. — Ён быў закаханы, як хлапчук. У яе многа хто быў закаханы.
— Чаму? — спытала я. — Яна ж была самая звычайная, як і я.
— Таму што яна любіла сябе, — адказала бабуля, памаўчаўшы. — Яна была ўпэўнена, што заслугоўвае кахання. А ў нашым свеце, Дэйсі, чаго чакаеш, тое і атрымаеш.
Частка 15
Калядныя святы прынеслі яшчэ адну неспадзеўку. Я атрымала ліст з віншаваннямі ад сястры Лемюэля. Прызнаюся, калі б не зварот «Дарагая Дэйсі», я вырашыла б, што Молі напісала сваёй самай блізкай сяброўцы, а потым памылкова адправіла мне. На чатырох лістах разляпіста і неахайна, пераскокваючы з аднаго на другое, дзяўчына пісала мне пра ўсё запар. Пра тое, што я забыла ў іх доме скрутак з вязаннем і гэта цудоўная нагода вярнуцца, раз ужо дагэтуль я не знайшла больш прыстойнай падставы. Пра Лемюэля, які пасылае прывітанні і найлепшыя пажаданні ды просіць паведаміць, што мой шалік грэе лепш, чым дзесяць жывых і цёплых котак, шчыльна абгорнутых вакол шыі. Пра цётачку Генрыету, якая набыла на распродажы старадаўнюю камоду, што на другі дзень развалілася на трэскі, і яна ў выніку прагадала з грашыма, але выйграла на дровах. Пра цётачку Мод, якая падарыла на Каляды гэтулькі шакаладу і ласункаў, што хопіць да Вялікадня. Молі, верная сваёй адкрытай натуры, пісала і пра тое, што нудзіцца па мне: нягледзячы на кароткае знаёмства, яна паспела да мяне прывязацца і вельмі хацела б сустрэцца зноў. А яшчэ былі ў яе лісце дзіўныя словы: «Я вельмі шкадую, што вашы адносіны з Лемюэлем так раптоўна і сумна перарваліся».