Выбрать главу

У сваім зваротным лісце я паслала прывітанні ўсяму сямейству, распавяла пра нашы Каляды, ёлку і падарункі, а потым з гумарам і самаіроніяй (о, як я ганарылася тым, што навучылася смяяцца над сабой) распавяла Молі пра тое, як і чаму апынулася ў Млынавым Раўчуку ды сустрэлася з Лемюэлем. Пра свае дурныя пошукі і камічную сітуацыю, пра сваё незайздроснае становішча невідзімкі, з якога мне, мабыць, не наканавана выкараскацца ніколі.

Другі ліст Молі пачынаўся са здзіўленага пытання («Каму ўдалося ўбіць у тваю галаву дурную і несправядлівую думку пра нябачнасць?!»), а завяршаўся нечаканымі словамі: «Як шкада, што ты раздумала выходзіць замуж за Лемюэля. Бо ўсе мы ўжо бачылі цябе нашай сваячкай, і я так цешылася, што займею сабе сястру».

Над гэтым яе лістом я праседзела тры дні. Я не магла яе зразумець. Урэшце, я склала кароткі і ветлівы адказ, дзе згаджалася з тым, што стаць членам іх цудоўнай сям’і — шчасце для любой дзяўчыны (і я не хітравала), і што Молі не павінна так перажываць, бо хутка здабудзе сястру, бо ў Лемюэля ўжо ёсць нявеста і падрыхтоўка да вяселля ідзе поўным ходам. Калі менавіта павінен адбыцца шлюб, я ўсё ж сцярпела і не спытала, чым вельмі ганарылася першыя некалькі дзён пасля адпраўкі ліста. А потым пачала шкадаваць, што не спытала. Бо вядома: хочаш атрымаць адказ — задай у лісце хоць бы адно пытанне. Людзі часам не лічаць патрэбным тлумачыць тое, што ты ім распавядаеш, але з задавальненнем адкажуць на самыя недарэчныя пытанні, асабліва, калі пытанні датычацца іх саміх.

Так і не атрымаўшы адказ, я доўга дакарала сябе за празмерную шчырасць. Напэўна, Молі змарылі мае выказванні пачуццяў. Дый каму не надакучыць перапіска з векавухай, яшчэ і безнадзейна закаханай. У юнай вясёлай дзяўчыны знойдуцца больш цікавыя заняткі — выводзіць вяснушкі, выразаць лісты са старых прадзедавых кніг, быць сяброўкай нявесты на вяселлі старэйшага брата…

Частка 16

Ціха і мірна перазімаваўшы, мы дачакаліся цёплых дзянькоў. Я ведаю, у большасці людзей вясна асацыюецца з чымсьці паветраным і бязважкім, з першай лістотай на дрэвах, далікатнымі бутонамі кветак, яркім сонейкам, новымі закаханасцямі, нарэшце. Але ў мяне прыход вясны выклікае дзве ўстойлівыя асацыяцыі — водар угнаенняў у бабуліным садзе і вялікая вясновая ўборка. Эма была заручана: улетку, калі ўсё пойдзе шчасліва, чакалася вяселле, таму мы асабліва старанна драілі дом. Выставілі зімовыя рамы, вымылі вокны, нацёрлі да бляску люстэркі, былі запрошаны палацёры і наладчык раяля, а цётка Аўгуста ўласнаручна перамыла ўсе дзвесце ці трыста крыштальных падвесак велізарнай жырандолі, якая вісела ў гасцінай. Прыбыў новы кававы сервіз на дванаццаць персон, мэбля стракацела свежай абіўкай, куфры Эмы ламаліся ад пасагу, а цётка ўсё не магла супакоіцца, і раз-пораз яны з Эмай вярталіся з горада, нагружаныя пакупкамі. «Цудоўныя абрусы, як было не ўзяць», «сталовае срэбра — гэта так высакародна», «з гэтага батысту выйдзе не менш за сотню насовак».

Бабуля мала ўвагі звяртала на гэтыя справы, яна цалкам сышла ў агародныя будні. Узброеная лапатай і месяцовым календаром, яна ўскопвала, сеяла, палівала. Чым цяплей станавілася, тым больш сіл і ўвагі патрабаваў гарод, затое мы ўжо елі свежую зеляніну і радыску з уласных градак. А я вязала белыя карункавыя накідкі для крэслаў будучага мэблевага гарнітура ў будучым доме Эмы. О, я была толькі рада працы, якую цётка і сёстры падкідвалі мне. Думаючы пра тое, як бы не наблытаць з узорам, я не разважала пра больш сур’ёзныя рэчы.

Калі ж вязанне заканчвалася, я дапамагала бабулі ва ўсіх яе садовых працах: бяліць вапнай ствалы фруктовых дрэў, адкрываць ружы пасля зімы, саджаць моркву. Я нават трохі пакапалася ў зямлі і перастала баяцца кузурак.