Згледзеўшы мяне, Лем ускочыў, прадставіўся і адвесіў глыбокі паклон. Разгубіўшыся ад гэтай цырымоннасці (бо калісьці ж мы былі з ім на ты), я прысела ў рэверансе. Цётка Аўгуста глядзела на мяне і на яго па чарзе, пакутліва разважаючы, ці спадабаемся мы адно аднаму, ці даставаць ёй парадны сталовы сервіз альбо можна абысціся звычайнымі талеркамі і супніцай, у якой акуратна склеена трэснутая ручка.
— Вельмі рады пазнаёміцца з вамі, — паведаміў Лемюэль урачыста, даючы мне зразумець, што наша «тыканне» засталося ў мінулым (значыць, усё-ткі жаніўся?) ці што гэту блізкасць не варта афішыраваць перад маімі роднымі.
— Узаемна, сэр, — адказала я, апусціўшы галаву, як і належала сціплай, добра выхаванай дзяўчыне.
Затым я нанова пазнаёмілася з місіс і міс Грымсвотн, якія відавочна не чакалі сустрэць мяне і разгубіліся, калі Лемюэль стаў знарок урачыстым голасам прадстаўляць нас адну адной. Молі ледзь стрымлівалася, каб не захіхікаць, а місіс Грымсвотн спагадліва ўсміхалася, дазваляючы моладзі ўцягнуць яе ў гэту дзіўную, але бяскрыўдную гульню. Падумаўшы крыху, я перапоўнілася гарачай падзякай да іх усіх. Бо калі б яны выклікнулі: «Ба, Дэйсі, колькі лет, колькі зім!» — давялося б мудрагеліць і маніць, тлумачачы, дзе ж я паспела набыць новых сяброў. Не даваць жа маёй радні такую шыкоўную нагоду для насмешак на ўсё астатняе жыццё: ваша Дэйсі, маўляў, чараўніка шукала, усіх састарэлых цётачак абышла, усе камоды з сакрэтнікамі абшукала.
За абедам я не столькі ела, колькі прыслухоўвалася да гутарак. Я даведалася, што матухна Лемюэля пазнаёмілася з маёй цёткай на дабрачынным кірмашы ў мінулым месяцы, і цяпер, трапіўшы праездам у наш край, сямейства Грымсвотнаў вырашыла зрабіць нам спантанны візіт.
— Я бачу, Аўгуста, што вы ніколькі не перабольшвалі, кажучы пра прыгажосць сваіх дачок, — усміхаючыся, прамовіла матухна Лемюэля, і цётка задаволена кіўнула. — Праўда, вы казалі пра дзвюх дачок, а іх, аказваецца, тры, — працягнула місіс Грымсвотн, і самаздаволеная ўсмешка павольна спаўзла з цётчынага твару, саступаючы месца збянтэжанасці.
Так, цётка Аўгуста часцяком рэкамендавалася выпадковым знаёмым як маладая маці дзвюх цудоўных дачушак. Не тое каб яна наўмысна выкрэслівала мяне са складу сям’і, не. Яна проста забывалася. Людзі ж часта забываюць розныя дро бязі — пальчаткі, кашалькі, парасоны. А што ўжо казаць пра нябачную падчарку, на яе забыцца прасцей простага.
Матухна Лемюэля, як я са здзіўленнем зразумела, таксама была далёка не анёл і ўмела кпіць. Аднак, як добра выхаваная асоба, яна тут жа здала назад:
— Ах, гэта так уласціва маці, ад усіх хаваць сваіх мілых дзяўчынак, баючыся хуткага расстання. Калі я думаю, што Молі аднойчы выйдзе замуж і выпырхне з гнязда, мне хочацца замкнуць яе на сто замкоў і паведамляць усім, што ў мяне ёсць толькі сын, толькі адзін сын, — яна ласкава ўсміхнулася Лемюэлю і спытала:
— Якую ж з дочак вы так рупліва ад нас хавалі, Аўгуста?
Лепшы спосаб пазбегнуць нязручных пытанняў — не даваць да іх нагоды. Але мая цётка не імкнецца пазбягаць няёмкасцей. Яна іх ігнаруе, хоць парой яе праўдзівыя эмоцыі і мільгаюць на твары, перш чым іх месца зойме заўсёдная цётачкіна міна «я лепш за ўсіх і не дазволю нікому ўсумніцца ў гэтым».
Калі цётка Аўгуста загаварыла, яе голас гучаў па-заступніцку і мякка, з чаго я зрабіла выснову, што яна чамусьці лічыць Грымсвотнаў беднякамі і думае, што аказвае вялікі гонар, прымаючы іх.
— Мае дочкі — гэта скарб! — сказала яна сціпла. — Эма ўлетку выходзіць замуж, у Алісы няма адбою ад паклоннікаў, сярод іх маюцца нават тытулаваныя асобы. А Дэйсі, — яна паглядзела на мяне, — Дэйсі чулы чалавечак, душа нашага дома.
— Дэйсі выдатна вяжа, — уставіла Эма.
Такім чынам яны абедзве намякалі на тое, што калі Грымсвотны вырашаць сватацца, то на Эму з Алісай хай не зазіраюцца, а вось з Дэйсі шансы ёсць. Мне стала няёмка. Я заўсёды вельмі бянтэжуся, калі мае сваякі пачынаюць паводзіць сябе бестактоўна. Хоць бы пацікавіліся, ці трэба іх госцю тое, у чым яны ўжо загадзя яму адмаўляюць.
— Вязанне — выдатны навык для маладой дзяўчыны, — кіўнула місіс Грымсвотн.
— І якая эканомія для сямейнага бюджэту, — падтакнуў ёй Лемюэль. — Мая жонка абавязкова будзе вязаць, шыць, а яшчэ мыць вокны, крухмаліць бялізну і варыць ажынавы джэм, — тут яго, мабыць, штурхнулі пад сталом, бо ён замоўк і па-змоўніцку паглядзеў на мяне.