— Дэйсі выдатна варыць варэнне, — сказала Аліса, каб таксама што-небудзь сказаць. — А як яна марынуе слівы!
У гэты момант увайшла бабуля і ўнесла гарачую, выдатную смажаніну са слівавым соусам, і на некаторы час за сталом запанавала цішыня. А потым цётка Аўгуста падавілася.
Не, я дакладна ведаю, што выняла ўсе слівавыя костачкі. І смажаніна атрымалася на славу, мяса было далікатнае і сакавітае. Кавалак не пайшоў цётцы ў горла пасля таго, як місіс Грымсвотн паведаміла між іншым, што яе сыночак атрымаў у спадчыну велізарны дом свайго прадзеда і ўжо ўступіў у правы.
— Колькі-колькі пакояў, вы кажаце? — перапытала цётка Аўгуста і закашлялася, не здолеўшы годна праглынуць пачутую лічбу. Дом з дваццаццю з лішнім пакоямі! Гэта ж колькі накідак на крэслы і саміх крэслаў змесціцца! Б’юся аб заклад, жаніх Эмы трохі збляк у вачах яго будучай цешчы…
— Вядома, такі дом патрабуе значных расходаў на ўтрыманне, — самавіта сказаў Лем. — Садоўнік, пакаёўкі, кухарка. Няня для будучых дзяцей. Нам трэба будзе вельмі эканоміць. Шыццё і вязанне тут будуць да месца.
— Аліса таксама вяжа! — паведаміла цётка Аўгуста прыдушана. Зразумела, Аліса не вязала, але калі б маці загадала ёй — навучылася б.
— Не, аднаго вязання мала, — працягваў са скрухай Лем, дакладна капіруючы інтанацыі сваёй састарэлай цёткі Генрыеты. — Вы ж разумееце, аднаго вугля колькі выходзіць, каб прапаліць усе печы ў доме. Адной масцікі, каб нацерці падлогі. j А ўжо рахункі за электрычнасць!
— Эма гатуе, пячэ, выдатна кансервуе, — выпіўшы шклянку вады, уступіла ў бой цётка. — Пакаштавалі б вы яе пончыкі — прагналі б сваю кухарку!
— Мой дарагі сын хоча сказаць, што для папраўкі фінансавых спраў ён адшукаў спосаб лепей, — сказала місіс Грымсвотн з усмешкай. — Ведаеце, прадзед Лемюэля быў знакамітым фармацэўтам, за яго рэцэптурай ганяюцца і дагэтуль. І мы вырашылі выдаць збор яго твораў, за іх даюць вельмі вялікую суму, — і яна назвала лічбу, пасля якой закашлялася ўжо Эма, а цётка Аўгуста выпусціла лыжачку і запырскала слівавым соусам свой не самы вытанчаны, але самы дарагі ўбор.
— Якое шчасце, што Лемюэль ужо заручаны, — салодка сказала яго матухна, — а то ж вы ведаеце, колькі знайшлося б паляўнічых на багацце.
Я ўздыхнула. Выходзіць, усе гэтыя намёкі Эмы на сватаўство — лухта. Так, адкуль магла цётка ведаць, калі Грымсвотны не вельмі распаўсюджваюцца пра будучае вяселле.
— І хто ж гэтая шчасліўка? — кіслым голасам запыталася цётка.
— У свой час вы пра ўсё даведаецеся, — сказаў Лемюэль напышліва. — Аб’ява пра вяселле сэра Лемюэля Грымсвотна-малодшага будзе змешчана ва ўсіх газетах акругі адначасова з паведамленнем пра выхад першага тома твораў сэра Лемюэля Грымсвотна-старэйшага і пра выхад дэбютнага зборніка твораў сэра Лемюэля Грымсвотна-малодшага, — ён збіўся з ролі і збянтэжыўся, злавіўшы мой здзіўлены погляд, але потым дадаў велічна: — Мы выклічам сапраўдны фурор!
— Пайду распараджуся наконт кавы, — сказала цётка Аўгуста холадна. — Эма, галубачка, прасачы, каб цукар быў наколаты не занадта дробна.
Гэта фраза заўсёды гучала ў момант, калі цётцы хацелася хутчэй уцячы ад дакучлівых гасцей ці непрыемнай гутаркі. І абед, і каву гатавала яна сама, разам з Эмай і бабуляй, але пры людзях увесь час падкрэслівала, што выконвае ў гэтым доме выключна ролю гаспадыні, а не кухаркі і, крый божа, прыслугі. Ёй чамусьці заўсёды хацелася здавацца на прыступку ці дзве вышэй, чым яна стаяла насамрэч.
Наогул, мы маглі б дазволіць сабе прыслугу, калі б трохі скарацілі расходы на дамашняе начынне і незлічоныя ўборы, але цётка Аўгуста не раз паўтарала, што не трэба трымаць чужыя вочы і вушы ў доме. Ужо не ведаю, якія шкілеты цётка хавае ў шафе, але калі ёй падабаецца самастойна змятаць з іх пыл, хто ж будзе пярэчыць?
Пакуль на кухні ўяўная прыслуга пад кіраўніцтвам цёткі і Эмы гатавала каву, Аліса, паддаўшыся поклічу муз, пырхнула на гарышча — прашу прабачэння, у сваю майстэрню. У гасцінай засталіся толькі госці і мы з бабуляй.
— Я недачула, ці сапраўды хутка выйдзе ваша кніга? — спытала я ў Лемюэля.
— А хіба ён табе не казаў? — прастадушна спытала Молі. — Ой, я хацела сказаць. Я думала, усяму свету вядома, што наш Лем — пісьменнік.
— Я асцярогся б слова «пісьменнік», мілая сястрыца, — сціпла адказаў Лем. — Вось калі мая кніга будзе мець поспех, тады — але не раней — я заслужу гэта ганаровае званне. Пакуль жа прашу называць мяне няйначай як «пісака», — ён збянтэжана ўсміхнуўся і паглядзеў на мяне.