Выбрать главу

«А ён жа і сапраўды піша», — падумала я. Яшчэ ў нашу першую сустрэчу я звярнула ўвагу на рукі, выпацканыя чарніламі, і ён казаў штосьці такое пра ночы, праведзеныя за працай, і ўвесь час ухіляўся ад адказу, калі я пытала, чым жа ён быў так заняты. Пісьменнік. Яму падыходзіць. Бо ён выдумшчык, якіх пашукаць.

— І што ж вы пішаце? — пацікавілася я. — Навуковую працу пра гадоўлю нямышаў у няволі? Раман пра нялёгкае жыццё мазгаклюя? Ці, можа быць, даследаванне, прысвечанае таямнічым пыльным слядам на падлозе? «Завяртушкі: міф ці рэальнасць»?

— Ён піша казкі, — усміхнулася спадарыня Грымсвотн і патрапала Лемюэля па галаве, як маленькага. Лем паглядзеў на мяне. «Цяпер і ты ведаеш маю маленькую таямніцу», — казаў яго збянтэжаны погляд. Я ўсміхнулася. І ў каторы раз падзівілася сваёй здольнасці не заўважаць відавочнага. Дэйсі, Дэйсі, калі ж ты навучышся разбірацца ў людзях?

Цётка Аўгуста і Эма прынеслі каву, вяршкі, цукар, талерку з сырамі, арэхавы рулет. Кававы сервіз падалі новы — той самы, набыты да вяселля Эмы. Мабыць, цётка Аўгуста хацела паказаць, што, хоць яе дочкі і не атрымліваюць у спадчыну велізарных дамоў і дарагіх сачыненняў, але таксама не бядуюць. Новыя сурвэткі і сталовае срэбра з Эмінага пасагу таксама былі закліканы рэабілітаваць наш дом у вачах Грымсвотнаў, якія аказаліся — які жаль — зусім не беднымі людзьмі.

За кавай ішла мірная гутарка пра розныя дробязі. Місіс Грымсвотн захоплена адазвалася пра бабуліны белыя гіяцынты, што ўпрыгожвалі стол, а мая бабуля, пры ўсёй сваёй стрыманасці, аказалася вельмі гаваркой асобай, калі размова зайшла пра садоўніцтва. Молі з цікавасцю распытвала Эму і цётку Аўгусту пра хуткае вяселле. Мне нават здалося, што яны ўсе неяк празмерна захоплены, залішне гучныя і знарок не глядзяць у наш з Лемюэлем бок. Безумоўна, тут рыхтавалася нейкая змова. Калі ж гэты напышлівы багаты спадкаемец і вялікі пісьменнік паціху ўзяў мяне за руку ды пацягнуў у суседні пакой (гэта была нятопленая і даволі цёмная музычная гасціная з засмучаным раялем ды старымі гардзінамі), я пакорліва пайшла за ім.

Частка 17

— Дэйсі, нам трэба вельмі сур’ёзна пагаварыць, — сказаў ён, калі дзверы зачыніліся за намі.

— Вы мяне палохаеце, сэр, — адказала я. — Якія могуць быць сур’ёзныя гутаркі паміж людзьмі, толькі сёння прадстаўленымі адно аднаму?

Лем усміхнуўся.

— Так, вельмі ўдала матухна звяла знаёмства з тваёй цёткай.

— Б’юся аб заклад, твая нявеста не ўхваліла б нашай сустрэчы, — сказала я. — Ты хоць давёў гэты факт да яе ведама?

— Ды што ты прывязалася да гэтай нявесты?! — раззлаваўся Лемюэль. — Пытаешся ў мяне і пытаешся кожны раз.

Пэўна, ад яго нечаканай рэзкасці ў мяне зрабіўся вельмі агаломшаны выгляд, таму што Лем з засмучаным тварам схапіў мяне за рукі і прыцягнуў да сябе.

— Перастань пра яе думаць, калі ласка.

Я пакруціла галавой.

— Ну добра, — Лем усё яшчэ трымаў мяне за руку. — Хочаш, я табе адкрыю страшную таямніцу? Дык вось, Дэйсі. Няма ў мяне ніякай нявесты! Слова гонару, няма! — ён паціснуў плячыма і закаціў вочы, як робяць звычайна людзі, калі ім даводзіцца прызнавацца ў чымсьці не вельмі разумным. — Вось бываюць у адзінокіх дзяцей выдуманыя сябры, а ў мяне была выдуманая нявеста. Калі я ўяўляў сабе, што мяне кахае годная дзяўчына, мне станавілася лягчэй жыць, я сам сабе падабаўся.

Тут расчыніліся дзверы і з’явілася рудая галава Молі.

— Ён ужо казаў табе пра выдуманага сябра? — спытала Молі. Тут яе пачалі далікатна цягнуць прэч з пакоя, і Молі, знікаючы, паспела прашаптаць гучна і застрашліва: — Лем, паводзь сабе як дарослы, прызнайся нарэшце! Ты ж бачыш, да чаго прывяла твая бясконцая хлусня!

— Не хлусня, а фантазія! — упарта прамармытаў ён наўздагон.

Я назірала моўчкі гэту мілую сямейную сцэну, разумеючы, што цяпер давядзецца пачуць нешта не вельмі прыемнае. Хацелася ўцячы ў свой пакой і схавацца, адкласці гэту гутарку, пакінуць усё як ёсць. Але мне было так добра побач з Лемам. Вось так бы стаяць ля яго і слухаць, што б ён там ні казаў..

— Дэйсі, прабач, — сказаў Лем. — Я падманваў цябе.

— Значыць, нявеста ўсё-ткі ёсць? — пахаладзеўшы, спытала я.

— Ёсць, — засмучана кіўнуў ён. — Толькі, разумееш… Тут такая справа.

Ён прайшоўся па пакоі, а я сачыла за яго манеўрамі, чакаючы чарговы маналог пра неўзаемнае каханне, строгія правілы ды розныя іншыя складанасці, выдумляць якія Лем быў майстрам.

А ён спыніўся насупраць мяне і сказаў такім тонам, нібы выбачаўся: