— Разумееш, Дэйсі, усе мае сваякі ўпэўнены, што мая нявеста — гэты ты.
Я здзіўлена паглядзела на яго, і ён паспешна працягнуў:
— Мне ж было трэба неяк растлумачыць маці і цётачкам, чаму я з’яўляюся паўсюль з дзяўчынай. Прасцей за ўсё было сказаць, што мы заручаны. Потым я паведаміў бы, што мы пасварыліся, што ты мне адмовіла і ўсё было б забыта. А пакуль яны разглядалі цябе як маю нявесту і ты ўсім страшэнна спадабалася, мне было так прыемна, што я зрабіў — як быццам бы зрабіў — правільны выбар. Я збіраўся расказаць табе пра такі маленькі падман, — ён усміхнуўся вінавата, — але паступова забыўся, што гэта падман, бо мы так паладзілі, нам было весела і лёгка разам. Часам я думаў, што ты ўсё разумееш і падыгрываеш мне, бо ты так спрытна гутарыла з цётачкамі і маёй матухнай пра ўсе гэтыя вясельныя справы!
Ён памаўчаў, напэўна, даючы мне магчымасць уклініцца ў яго маналог. Але ў мяне галава круцілася ад усяго пачутага, я маўчала.
— А потым раптам Падушачка згадала вяселле, — не пачуўшы ад мяне ні гуку, працягнуў Лем. — Ты зразумела ўсё няправільна, стала такой калючай і халоднай, што я ўжо баяўся прызнавацца табе ў чым бы там ні было. А потым ты сказала, што я няварты чалавек, што ты адмовіла б мне. Тады я задумаўся. Моцна задумаўся. І вырашыў, што, напэўна, ты маеш рацыю. Што для такой строгай і прыстойнай дзяўчыны, як ты, легкадумны і бессардэчны Лем Грымсвотн быў бы непадыходзя чай парай. І я перастаў навязваць табе маю кампанію. Схаваўся ў лісці лопуху, як кажуць у такіх выпадках нямышы…
Ён раптам засмяяўся, успомніўшы штосьці.
— Як жа я рады, што Молі задумала перапіску з табой. Калі яна прачытала твой апошні ліст, то ўчыніла мне допыт, а потым адлупцавала парасонам. Матухна таксама сердавала. Яны доўга пераконвалі мяне прыехаць да цябе і сур’ёзна пагаварыць, і, нарэшце, сёння я адважыўся. Ведаеш, Дэйсі, я страшэнны баязлівец. У мяне каленкі дрыжаць пры адной думцы пра тое, што ты па-ранейшаму лічыш мяне нявартым. Я не спаў цэлую ноч, прыдумляў прыгожыя словы, нават хацеў запісаць штосьці на паперку, але потым забыўся пра ўсё начыста.
Я моўчкі села на канапу, таму што, шчыра кажучы, і ў мяне дрыжалі каленкі. Я разумела, што трэба ўсміхнуцца, сказаць штосьці, каб падбадзёрыць, але ад хвалявання не магла адкрыць рот. А небарака Лем, ізноў не дачакаўшыся ад мяне ні паўслова, толькі ўздыхнуў. Напэўна, падумаў, што я цяпер таксама адлупцую яго парасонам і праганю прочкі.
— У нямышаў прынята распушваць хвасты і скакаць адзін перад адным на задніх лапках. Мазгаклюй прыносіць сваёй даме сэрца спелыя вішанькі і саломінкі для гнязда. Ужо не ведаю, як там спраўляюцца завяртушкі, яны самыя малавывучаныя навукай істоты. А ў нас, у людзей, у такіх выпадках прынята казаць… прынята казаць пра каханне. — ён збянтэжыўся і змоўк на імгненне. — Я разумею, якім паўстаю ў тваіх вачах: бесталковы мамчын сынок, лайдак, пажыццёва забяспечаны грашыма, выдумшчык дурных гісторый пра ўяўных істот. Да таго ж я малодшы за цябе і ты цалкам справядліва лічыш мяне несур’ёзным. Але калі закахаешся, то не бярэш у разлік ніякіх довадаў розуму. Гэта атрымліваецца неяк раптоўна, знянацку, як быццам на цябе падае з дрэва саспелая груша: шлёп — і гатова. Прабач, я ўпершыню прызнаюся ў каханні і кажу ўсялякія глупствы. Але гэтыя глупствы — ад самага чыстага сэрца, Дэйсі. Ты цудоўная. Ведала б ты, як дзякаваў я нябёсам за тое, што табе прыйшло ў галаву прыехаць у Млынавы Раўчук. Як баяўся ніколі больш не ўбачыць цябе, калі пошукі «таго, не ведаю, чаго» зайшлі ў тупік. І як баюся гэтага цяпер, калі наша прыгода скончылася. Я не ведаю, што будзе далей, Дэйсі, але не жадаю, каб у гэтым маім «далей» не было цябе!
«Я таксама гэтага не жадаю», — ледзь была не адказала я, але Лем не даў мне такой магчымасці.
— Прабач мне мімавольны падман, — сказаў ён прачула, а потым нахабна дадаў: — І потым, гэта быў зусім не падман! Я ведаў, быў упэўнены, што ты рана ці позна станеш маёй нявестай.
— Гэта яшчэ чаму? — раззлавалася я. — Думаеш, не змагу табе, такому абаяльнаму, адмовіць?
— Не, што ты! — Лем пакруціў галавой. — Толькі таму, што ты мне страшэнна спадабалася з першага дня нашага знаёмства, калі прыехала растрывожаная і збянтэжаная, з велізарным сакваяжам, набітым смешнымі рэчамі, і я зразумеў, што абсалютна не жадаю цябе нікуды адпускаць. Я адразу вырашыў прыкласці ўсе сілы, каб ты не здолела і не захацела мне адмаўляць… І калі я ўсім казаў, што пазнаёмлю з нявестай, чамусьці быў упэўнены, што не хлушу. Што ўсё так і ёсць. Дэйсі, я і цяпер у гэтым упэўнены. І, нягледзячы на біты носік падарункавага сервіза цётачкі, можа, ты ўсё-ткі выйдзеш за мяне замуж?