Выбрать главу
ANDANTE Што прынясу я ў дзень свой судны? — Пусты арэх успамінаў?                                Шкарлупінкі мар?.. Жыццё кар'ерам шурпаціцца рудным, Чалавечыя рукі — наймудрэйшы прыроды дар. Рукі свае прынясу,                як споведзь, у дзень апошні i пакладу побач з рукамі                бабулі маёй i дзеда. Ды не хачу                бялейшымі i раўнейшымі каб яны былі,                бо ляжаць жа таксама над коламі Часу. I мне — чалавеку Дваццатага Шляху — трымаць на руках сваіх веку нейтронную цяжкасць. Толькі б не выпусціць з рук гэтую страшную чашу! Рукі ў напружанні сцяты, ў гэтых руках надзея, гарачая, быццам сонца. Вокны, як вочы,— насупраць. Дом заглядае ў душу дома другога. Чалавекаістота нагадвае зубра на зямлі запаведнай, ды з аховы —                       нікога. Паляўнічыя ж — супермэны,                                      а не вандалы. Няўжо, чалавецтва, было табе войнаў мала?.. Ідзе чалавек. Балючыя крокі не па траве — па цвіках эпохі...
ALLEGRO Ідзе чалавек,                     збірае асколкі ў жменю былых сустрэч,                   пачуццяў шчырых i слоў. I капае кроў,                      бо парэзаны рукі, i меней з тых пуцявін прыходзідь у сёння сяброў... Сустрэча, расстанне, ўспаміны, блуканне па марах. Пераможца сумлення — i сумлення ахвяра. Запаветныя рукі, запаветныя рухі пяшчоты. Голас: што ты? — Ціхі голас: ну што ты?.» Пустата i абвал адзіноты. Толькі шэпат застаўся адчайны: — Ну што ты?.. Потым — смех над стаптаным абуткам са слова Душа. — Душа? — запытаўся. — Душа! — А нашто табе трэба душа — атавізм, ненармальнасць у час энтээр i прагрэсу?.. Чуеш, як забіваюць яе на ўсіх скрыжаваннях? — I ўздых, нібы ўсхліп, наваколле прарэзаў... Абазваўся пранізліва яр: Забываюць душу, забываюць. I сумленне катуе ахвяр, пераможцы яго забіваюць. Ідзе чалавек. Балючыя крокі не па траве — па цвіках эпохі.
PRESTO Ідзе чалавек,                      посцілкі тчэ сваіх тыдняў, I чалавеку ніколі                         занятак такі не абрыдне, хоць пастрыкае ўсе пальцы, паколе кастрыцай душу. Смутак мінулых стагоддзяў                                         у сэрцы нашу. Дрот іржавых стагоддзяў                                     разладаў былых каронай цярновай сціскае чало Дваццатага Брата. Чырвоныя хмары плывудь праз вякі; дажджамі сцякаюць слёзах                            забітых дзяцей Зямлі I тых, што яшчэ будуць забіты ў дарослай гульні у — не гумавы! — атамны мячык. Не! Уздымі свае ручкі, Алеська, малая дачка ўсемагутнай,                        безабароннай планеты. Што ў ix трымаеш? — Ляльку? Малпу з чырвонага штучнага футра? Пластмасавы кубачак ляльчын? Анучку i гумавы мячык?.. Ты, сонейка,— гумавы мячык, Каціся ў далонькі дзіцяці, Скачы па зямлі, гумавы мячык, Для ўсіх на свеце Алесек... Гумавы мячык! Мне здаецца, сусвет, я забыла сказаць табе                        самае важкае слова: пра гумавы мячык, які выратуе цябе, калі ўсе дарослыя, звар'яцелыя ў мітусні сваіх будняў, стануць хоць на адзін дзень дзецьмі ў светлых, запэцканых гумавым сонцам                                      кашульках.
FINALE Ідзе чалавек.                       Час ідзе. Супадзенне?
Адзін пасадзіць сад або пабудуе палац для дзяцей. Другі каменне пакіне ад гмаху i пыл — ад камення.
Супадзенне? Адзін выціскае гарачыя сляды розуму на паперы. Другі ўладна стукае ў дзверы сусвету, каб далі яму на жыхарства не кватэру — усю планету. Адзін лечыць раны хваробнага веку. Другі на свет прыбаўляе калекаў. Супадзенне ў часе, ў прасторы: паляна жыцця — дзеці, паляна смерці — морак. Колькі каштуе жыцдё чалавечае сёння Дваццаць тон узрыўчаткі? Пуд солі? Грам сіні нябёснай ці два кубаметры зямлі — покрыва вечнага даху? — Спіш, чалавек? — Сплю, каб праспаць, калі павядуць чалавецтва на плаху. Бо той, хто ідзе наперадзе,— першы загіне. Лепш рапухай ззаду жыцця сядзець у каляіне. Што каму! Хто падняўся на стромкі Біг Бэн, той рапухай не стане. Хто свой дом загародкай паставіў вайне, той сябе не падмане.