Выбрать главу

— Толькі ноччу не плачу. Ноччу па мёртвых плакаць няможна. Сонца зойдзе — ужо не плачу. Памяні, Божа, душачку іх. I царства ім нябеснае!

— Хто не скача, той плача. От хахлушка прадае на рынку вялікія чырвоныя яблыкі. Зазывае: "Купляйце яблычкі! Яблычкі чарнобыльскія!" Хтосьці ёй раіць: "Не прызнавайся, цётка, што яны чарнобыльскія. Ніхто не купіць". — "Не скажыце! Бяруць! Каму трэба цешчу пачаставаць, каму — начальніка!"

— Тут адзін з турмы вярнуўся. Па амністыі. У суседняй вёсцы жыў. Маці памёрла, хату закапалі. Прыбіўся да нас. "Цётка, дайце лусту хлеба і сала. Я вам дроў накалю". Жабруе.

— Бардак у краіне — і сюды ўцякаюць людзі. Ад людзей уцякаюць. Ад закону. I жывуць адны. Чужыя людзі… Суровыя, няма ветласці ў вачах. Нап'юцца — падпаляць. Ноччу спім, а пад ложкам — вілы, сякеры. На кухні ля дзвярэй — малаток.

— Вясною шалёная лісіца бегала, як яна шалёная, дык ласкавая-ласкавая. Не можа глядзець на ваду. Пастаў у двары вядро вады — і не бойся! Уцячэ.

— Мы — людзі заслужоныя. Я — партызан, год быў у партызанах. А як нашы немцаў адбілі, на фронт трапіў. На рэйхстагу сваё прозвішча напісаў: Арцюшэнка. Зняў шынель, камунізм будаваў. А дзе той камунізм?

— У нас тут камунізм… Жывём — браты і сёстры…

— Як вайна пачалася, не было тым годам ні грыбоў, ні ягад. Паверыце? Сама зямля бяду чула… Сорак першы год… Ой, прыпамінаю! Я вайну не забыла. Праляцела чутка, што прыгналі нашых палонных, хто пазнае свайго, можа забраць. Падхапіліся, пабеглі нашы бабы! Увечары хто свайго, а хто чужога прывёў. Але знайшоўся такі гад… Жыў, як усе, жанаты, двое дзяцей… Заявіў у камендатуру, што мы ўкраінцаў узялі. Васько, Сашко… Назаўтра немцы на матацыклах прыязджаюць… Просім, укленчваем… А яны вывелі іх за вёску і паклалі з аўтаматаў. Дзевяць чалавек. Яны ж маладыя-маладыя, прыгожыя! Васько, Сашко… Толькі б не было вайны. Як я яе баюся!

— Начальства прыедзе, пакрычыць-пакрычыць, а мы глухія і нямыя. I перажылі ўсё, перацярпелі…

— А я пра сваё… Пра сваё думаю і думаю… На могілках… Хто галосіць гучна, а хто ціха. Іншыя, бывае, прыгавораць: "Рассыпся, жоўты пясочак. Раскрыйся, цёмная ночка". З лесу прыжджэш, а з пяску ніколі. Буду звяртацца ласкава: "Іван… Іван, як мне жыць?" А ён нічога не адкажа мне, ні добрага, ні благога.

— Няма сваіх, каб па іх плакаць, дык я па ўсіх плачу. Па чужых. Пайду на могілкі, пагаманю з імі…

Нікога не баюся: ні нябожчыкаў, ні звяроў, анікога. Сын прыедзе з горада і сварыцца: "Што сядзіш адна? А як хто задушыць?"

А што ён возьме ў мяне? Адны падушкі…У простай хаце ўсё ўбранне — падушкі. Як стане бандыт лезці, ён жа галаву ў акно ўсуне, а я сякеркай яе прэч. Ага, сякеркай… Можа, і няма Бога, можа, іншы хто, але там, высока, нехта ёсць. I я жыву…

— Зімой дзед павесіў у двары разабранага цялятка. I якраз чужаземцаў прывезлі: "Дзядуля, што ты робіш?" — "Радыяцыю выганяю".

— Было ж… Людзі апавядалі… Пахаваў муж жонку, а хлопчык маленькі ў яго застаўся. Мужчына адзін… Запіў з гора… Здыме з дзіцяці ўсё мокрае і пад падушку. А жонка — ці то яна сама, ці то душа яе толькі — з'явіцца ноччу, памые, пасушыць і складзе ўсё ў адным месцы. Адноечы ён угледзеў… Паклікаў, яна адразу ж як растала… Паветрам зрабілася… Тады суседзі парадзілі яму: як мільгане — дзверы на ключ, дык, можа, гэтак хутка не.ўцячэ. А яна і зусім не прыйшла. Што там такое было? Хто там такі прыходзіў? Не верыце? А тады скажыце, адкуль казкі ўзяліся? Гэта ж, можа, калісьці праўда была? От вы вучоныя…

— З-за чаго той Чарнобыль сарваўся? Адны кажуць — вучоныя вінаватыя. Хапаюць Бога за бараду, а ён смяецца. А нам тут цярпі!.. Спакойна мы ніколі не жылі. Заўсёды баяліся. Перад самай вайной людзей хапалі… У нас трох мужчын прыехалі на чорных машынах і з поля забралі, і дагэтуль яны не вярнуліся. Заўсёды мы баяліся…

— Адно, што ў мяне ёсць, кароўка. Я пайшла б і аддала, толькі б не было вайны. Як я яе баюся!

— А тут над усімі войнамі вайна… Чарнобыль…

— I зязюля кукуе, сарокі трашчаць… Казулі бегаюць… А ці будуць яны і далей весціся, ніхто не скажа. Раніцою зірнула ў сад — дзікі парылі. Дзікі. Людзей можна перасяліць, а лася і дзіка не.

Дом не можа без чалавека. I зверу чалавек патрэбен. Усе шукаюць чалавека. Бусел прыляцеў… Жучок вылез. Усяму радая.

— Баліць, бабачкі… Ой як мне баліць! Трэба ціха… Труну нясуць ціха… Асцярожна… Не стукнуць аб дзверы ці ложак, ані да чога не дакрануцца і не ўдарыць. А то бяда — чакай другога нябожчыка. Памяні, Божа, душачку іх. I царства ім нябеснае! А дзе хаваюць, там і галосяць. Тут у нас усё — могілкі… вакол могілкі… Самазвалы гудуць… Бульдозеры… Хаты валяцца… Пахавальшчыкі працуюць і працуюць… Закапалі школу, сельсавет, лазню… Гэты самы свет, ды людзі ўжо не тыя. Адно не ведаю, ці ёсць у чалавека душа? Кажа бацюшка, абяцае, што мы — несмяротныя. Якая яна, душа? I дзе яны ўсе на тым свеце месцяцца?