Выбрать главу

Дзеля чаго ўзірацца ў зло? Яно, вядома, хвалюе… Грэх — гэта таксама не фізіка… Неабходна прызнаць неіснуючае. Сказана ў Бібліі: "Для дасведчанага — інакш, для астатніх прытча". Узяць птушку… Ці што іншае жывое… Нам іх зразумець немагчыма, бо яны жывуць для сябе, а не для іншых. Так вось… Навокал усё зменлівае, адным словам кажучы…

Усё жывое — на чатырох нагах, гаядзіць у зямлю, да зямлі горнецца. Адзін чалавек на зямлі стаіць, а рукамі і галавой да неба ўзнімаецца. Да малітвы… Да Бога… Старэнькая ў царкве моліцца: "Усім нам па грахах нашых". Але ні вучоны, ні інжынер і ні вайсковец у тым не прызнаюцца. Яны думаюць: "Мне няма ў чым каяцца. Чаму я павінен каяцца?" Так вось…

Малюся я проста… Чытаю сам сабе… Госпадзі, вазвах мяне! Пачуй! Толькі ў злосці чалавек хітры. Але які ж ён адкрыты і даступны ў простых словах любові. Словы нават у філосафаў прыблізныя ў дачыненні да той думкі, якую яны выпеставалі. Слова цалкам адпавядае таму, што ў душы, толькі ў малітве, у малітоўнай думцы. Я фізічна гэта адчуваю. Госпадзі, вазвах мяне! Пачуй!

I чалавек таксама…

Я баюся чалавека… I заўжды хачу яго напаткаць. Добрага чалавека. Так вось… Тут ці бандыты жывуць, хаваюцца, ці такі чалавек, як я… Пакутнік…

Якое прозвішча? Пашпарта ў мяне няма. Забрала міліцыя… Біла: "Чаго бадзяешся?" — "Я не бадзяюся — я каюся". Яшчэ мацней білі. Білі па галаве… Так што напішыце: раб божы Мікалай… Цяпер вольны чалавек…"

Салдацкі хор

Арцём Бахціяраў, шараговец, Алег Лявонцьевіч Верабей, ліквідатар, Васіль Іосіфавіч Гусіновіч, вадзіцель-разведчык, Генадзь Віктаравіч Дземянеў, міліцыянер, Віталь Барысавіч Карбалевіч, ліквідатар, Валянцін Камкоў, вадзіцель, шараговец, Эдуард Барысавіч Караткоў, верталётчык, Ігар Літвін, ліквідатар, Іван Аляксандравіч Лукашук, шараговец, Аляксандр Іванавіч Міхалевіч, дазіметрыст, Алег Леанідавіч Паўлаў, маёр, верталётчык, Анатоль Барысавіч Рыбак, камандзір узвода аховы, Віктар Санько, шараговец, Рыгор Мікалаевіч Хвораст, ліквідатар, Аляксандр Васільевіч Шынкевіч, міліцыянер, Уладзімір Пятровіч Швед, капітан, Аляксандр Міхайлавіч Ясінскі, міліцыянер.

"Наш полк паднялі па трывозе. Толькі ў Маскве на Беларускім вакзале аб'явілі, куды нас вязуць. Адзін хлопец, здаецца, з Ленінграда, запратэставаў. Яму прыгразілі трыбуналам. Камандзір гэтак і сказаў перад строем: "У турму ці пад расстрэл пойдзеш". У мяне былі іншыя пачуцці. Усё наадварот. Хацелася нечага гераічнага. Можа быць, дзіцячае парыванне? Але такіх, як я, аказалася больш, у нас служылі хлопцы з усяго Савецкага Саюза. Рускія, украінцы, казахі, армяне… Было трывожна і чамусьці весела.

Ну, прывезлі нас… Прывезлі на саму станцыю. Далі белы халат і белую шапачку. Марлевую павязку. Чысцілі тэрыторыю. Дзень выграбалі, вышкрабалі ўнізе, дзень— наверсе, на даху рэактара. Усюды з рыдлёўкай. Тых, хто падымаўся наверх, "бусламі" звалі. Робаты не вытрымлівалі, тэхніка вар'яцела. А мы працавалі. I вельмі гэтым ганарыліся…"

"Мы заехалі… Стаяў знак "Забароненая зона". Я не быў на вайне, але адчуванне чагосьці знаёмага… Аднекуль з памяці… Адкуль? Нешта звязанае са смерцю…

На дарогах сустракалі здзічэлых сабак, катоў. Часам яны паводзілі сябе дзіўна, не пазнавалі людзей, уцякалі ад нас. Я не разумеў, што з імі, пакуль нам не загадалі іх адстрэльваць… Хаты апячатаны, калгасная тэхніка пакінута… Цікава паглядзець. Нікога няма, толькі мы, міліцыя, патрулюем. Заходзіш у хату — фатаграфіі вісяць, а людзей няма. Дакументы валяюцца: камсамольскія білеты, пасведчанні, пахвальныя граматы… У адной хаце ўзялі тэлевізар часова, напракат, але каб хто-небудзь дамоў штосьці браў, я не заўважыў. Па-першае, было адчуванне, што людзі вось-вось вернуцца… Па-другое, гэта… нешта звязанае са смерцю…

Ездзілі да блока, да самога рэактара. Фатаграфавацца… Хацелася дома пахваліцца… Страх быў і адначасова цікавасць неадольная: што ж гэта такое? Я, напрыклад, адмовіўся, у мяне жонка маладая, не рызыкнуў, а хлопцы выпівалі па дзвесце грамаў і ехалі…"

"Пакінутая хата. Зачыненая. Кацянё на вакне, Думаў, што яно — глінянае. Падыходжу: жывое. Аб'ела ўсе вазоны ў гаршчэчках. Мушкаты. Як яно туды трапіла? Ці на яго забыліся?

У дзвярах запіска: "Любы даражэнькі чалавеча, не шукай каштоўных рэчаў. Іх у нас не было. Карыстайся ўсім, але не марадзёрнічай. Мы вернемся". На іншых хатах бачыў надпісы рознаю фарбаю: "Даруй нам, наша хатачка!" З хатаю развітваліся, як з чалавекам. Пісалі: "ад'язджаем ранкам" ці "ад'язджаем увечары", ставілі дату і нават гадзіны і хвіліны. Запіскі на лістках з вучнёўскіх сшыткаў… "Не забівай ката. Пацукі зжаруць усё". Дзіцячым почыркам: "Не забівай нашу Жульку. Яна — харошая…"